Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці-адзіночку, якую адправілі на «хатнюю хімію» за камэнтар з эмодзі-какашкай, асудзілі паўторна


Вольга Кронда
Вольга Кронда

Жыхарку Івацэвічаў Вольгу Кронду асудзілі яшчэ раз за камэнтар у адрас міліцыянта. Раней ёй далі 2 гады «хатняй хіміі» за эмодзі.

Другі прысуд Вользе Крондзе вынес судзьдзя Арцём Падалянец, падтрымліваў абвінавачаньне пракурор Яўген Булаты. Суд прызнаў жанчыну вінаватай у абразе міліцыянта Руслана Куцко за камэнтар у івацэвіцкім чаце «абас*аўся і зганьбіўся», паведаміла «Вясна».

Папярэдняе пакараньне склалі з новым, і ў выніку жанчыне далі 3 гады хатняй «хіміі», то бок тэрмін павялічылі на 1 год. Таксама яна мусіць сплаціць 1600 рублёў штрафу і 1000 рублёў маральнай кампэнсацыі міліцыянэру Куцко.

Вольга Кронда
Вольга Кронда

«Уразіла, што зноў напісалі на мяне заяву. Віну, вядома, не прызнала, паколькі лічу ўсё гэта [завядзеньне справы і прысуд] несправядлівым», — кажа Вольга.

Яна таксама прызнаецца, што была шакаваная сумай штрафу і маральнай кампэнсацыі.

«Хоць пракурор запытваў тэрмін у панядзелак, але я не была гатовая да таго, што яшчэ штраф будзе 50 базавых. Спадзявалася, што ў судзьдзі хоць нейкая кропля сумленьня засталася, што прысуд вынесуць зь меншай сумай, бо трэба ж яшчэ і Куцко выплаціць. Крыўдна, бо ні за што столькі грошай. Яшчэ і другі тэлефон пойдзе ў канфіскат. Я яго толькі ў ліпені ўзяла ў растэрміноўку на паўгода і вось 19 жніўня забралі».

Вольга прызнаецца, сумы агучаныя на прысудзе для яе непад’ёмныя. Яна сама выхоўвае 5-гадовае дзіця, таму зьяўляецца адзіным карміцелем сям’і.

«Пасьля першага суда я не магла знайсьці працу, і каб мяне не чапалі лішні раз, сацыяльная апека, бо і з садка прыходзілі, я проста аформілася як рамесьнік. Банцікі раблю, гафт на замову — гэта мой адзіны даход. У мяне вельмі тугавата з грашыма. Дзіця пасьля апэрацыі. Пры гэтым я ляжала ў бальніцы таксама (з гэтай прычыны пераносілі пасяджэньні па разглядзе другой крымінальнай справы, заведзенай у дачыненьні да Вольгі — РС). Усе грошы на лекі пайшлі.

Мне адвакату плаціць за адзін раз 500 рублёў. Гэта таксама цяжка. Калі Куцко буду плаціць часткамі, таму што іншага выйсьця няма, то суму штрафу дакладна я не пацягну. А яго трэба „закрыць“ на працягу месяца. Адзінае, што адвакат будзе падаваць апэляцыю, дык хаця б часу крыху больш будзе, магчыма».

Да гэтага прысуду Вольга ўжо была на «хатняй хіміі», якой яе пакаралі па першай справе. Яна распавяла, што за гэты час не аднойчы сутыкнулася з рознымі «правакацыямі і хамствам» з боку сілавікоў.

«22 кастрычніка паставілі на ўлік на «хатнюю хімію». Нядзеля, пятніца — хаджу на прафіляктычныя гутаркі. Паколькі мне няма зь кім пакінуць дзіця ў нядзелю, то бяру яе з сабой. Супрацоўнікі прыходзяць правяраць начамі. Часта правакуюць.

Быў выпадак, што пасьля выбараў начальніку райвыканкаму размалявалі хату. Да гэтага часу не могуць знайсьці вінаватых. У мяне яны часта пытаюцца, што маўляў, калі я ведаю, каб ім прызналася, хто гэта зрабіў. І вось зараз рэфэрэндум, яны да мяне з пытаньнямі: «можа вы, Мікалаеўна, ведаеце, людзі будуць страйкаваць. Вы не бойцеся, кажыце нам... Нават, калі б я і ведала не лічу патрэбным кагосьці здаваць і ісьці на супрацоўніцтва», — кажа Вольга.

Вольгу раней асудзілі за «абразу» гэтага ж супрацоўніка ў жніўні 2021 за эмодзі-какашку ў адрас міліцыянта. Тады ёй далі 2 гады «хатняй хіміі» і абавязалі выплаціць пацярпеламу 2 тысячы рублёў маральнай кампэнсацыі.

Абодва суды праходзілі ў закрытым рэжыме.

Вольга адна выхоўвае дачку.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG