Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Менску пакараў фатографа Ўладзя Грыдзіна арыштам на 13 сутак


Уладзь Грыдзін
Уладзь Грыдзін

7 лютага прайшоў суд над былым фотакарэспандэнтам Свабоды Ўладзем Грыдзіным.

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску разгледзелі справу Ўладзя Грыдзіна паводле артыкула 24.3 «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў». Судзьдзя Тацяна Палулех вынесла вырак — 13 дзён арышту.

Фатографа абвінавацілі ў тым, што 4 лютага 2022 году падчас правядзеньня ператрусу па вуліцы Ігнатоўскага ён нібыта «не падпарадкаваўся законным распараджэньням супрацоўніка ГАУС Менгарвыканкаму Сазонава, не пускаў у кватэру».

У міліцыянтаў была пастанова на правядзеньне ператрусу, выпісаная 24 студзеня. У матэрыялах справы таксама ляжыць пастанова на правядзеньне ператрусу ў крымінальнай справе нумар 201 21 11 02 02. Гэтая вялікая справа, якая знаходзіцца ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Менску (сьледчы Дзягцевіч).

Згаданая справа тычыцца «масавых беспарадкаў», у ёй каля тысячы падазраваных.

Як паведамілі сваякі, Уладзь перастаў выходзіць на сувязь з абеду пятніцы 4 лютага. Толькі 6 лютага яны даведаліся, што Грыдзіна схапілі і ўтрымліваюць у ІЧУ на Акрэсьціна. Сваякі паехалі да яго дадому і пабачылі сьляды ператрусу — рэчы раскіданыя, на падлозе сьмецьце, няма ноўтбука і фотаапарата. На дзьвярах — у пакоі і на ўваходных — вісеў сьвежапрыклеены стыкер з напісаным нумарам тэлефона адваката.

Віцэ-прэзыдэнтка і галоўная рэдактарка Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар асудзіла арышт. «Мы глыбока заклапочаныя навіной пра арышт нашага былога калегі па РСЭ/РС і асуджаем няспынную кампанію беларускіх уладаў, якія прымушаюць змоўкнуць журналістаў і не дазволіць ім паведамляць праўду,» — заявіла Сындэлар.

Уладзь Грыдзін працаваў фотакарэспандэнтам Радыё Свабода, пакуль 29 жніўня 2020 году ўлады не пазбавілі акрэдытацыі яго і яшчэ траіх нашых журналістаў.

У верасьні 2020 году Грыдзіна затрымалі падчас выкананьня журналісцкіх абавязкаў, ён адседзеў 11 дзён у турме на Акрэсьціна.

Уладзь быў пераможцам і прызэрам конкурсу Belarus Press Photo, яго здымкі публікавалі сусьветныя агенцтвы і СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG