Па дадзеных інфармаваных крыніц, сьледчыя мелі намер праверыць, ці не патрапілі на дакумэнт нейкія староньнія генэтычныя матэрыялы або адбіткі пальцаў, але аказалася, што дакумэнт зьнішчаны.
Інфармацыя аб візыце супрацоўнікаў Нацыянальнага цэнтру барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю Чэхіі пацьвердзіў афіцыйны сайт канцылярыі прэзыдэнта. Прэзыдэнцкая канцылярыя нічога ня піша пра мэту візыту, але як сьцьвярджаюць тры інфармаваныя крыніцы чэскіх выданьняў Radiožurnál і Respekt.cz, паліцыя хацела праверыць, ці не атрымліваў нехта пабочны доступ да дакладу контрвыведкі BIS аб выбуху ў 2014 годзе на зброевых складах у Вэрбэціцах, пры якіх загінулі два чалавекі.
Чэскі ўрад заяўляў, што падазрае ў датычнасьці да арганізацыі выбухаў двух расейскіх агентаў — тых жа «Пятрова» (Аляксандра Мішкіна) і «Башырава» (Анатоль Чэпіга), якіх брытанскія ўлады абвінавацілі ў спробе атручэньня ў 2018 годзе ў Солсбэры былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.
Па зьвестках, на якія спасылаецца Чэскае радыё, «сакрэтнае паведамленьне, у якім фігуруюць імёны двух агентаў ГРУ Анатоля Чэпігі і Аляксандра Мішкіна [...], было зьнішчана выпадкова разам зь некаторымі іншымі дакумэнтамі».
Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўраціслаў Мынарж не пацьвердзіў і не абвергнуў зьнішчэньне дакумэнту, але запэўніў журналістаў, што ніякія пабочныя асобы атрымаць да яго доступ не маглі.
У новай заяве канцылярыя прэзыдэнта паведаміла, што даклад даставілі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю 7 красавіка 2021 году, ён «быў належным чынам зарэгістраваны і даведзены да ведама сакратарыяту прэзыдэнта рэспублікі». Раніцай 13 красавіка дакумэнт перадалі Мілашу Зэману, гаворыцца ў паведамленьні.
У канцылярыі таксама дадалі, што зьнішчэньне дакумэнтаў праводзіцца толькі асобамі з доступам да дзяржаўнай таямніцы, у строгай адпаведнасьці з пратаколам і пад наглядам спэцыяльнай камісіі.