Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Гары Потэр немагчымы, кажуць бацькі. Дзецям патрэбны свае літаратурныя супэргероі


Якія кнігі чытаюць беларускія дзеці? Якіх кніг беларускіх аўтараў ім не стае? Ці магчымы беларускі Гары Потэр і ці прывабіць беларускіх дзяцей свой супэргерой?

Адказы на гэтыя пытаньні бацькоў юных беларускіх чытачоў паказваюць, што ў беларускіх дзіцячых пісьменьнікаў непачаты край работы. Беларускія дзеці чакаюць твораў пра сваіх літаратурных супэргерояў.

Беларускіх кніг для падлеткаў трэба ў сто разоў болей

Анастасія Балыш, мастачка, кніжная ілюстратарка, маці 13-гадовага чытача:

«Майму падлетку 13. Амаль не чытае па-за школьнай праграмай. І я, знаходзячыся ў асяродзьдзі кнігавыдаўцоў, ня ведаю, што б яму прапанаваць сучаснае… Як вам вядома, магчыма, і ёсьць якасная літаратура, але не праводзіцца адпаведная рэкляма, раскрутка нашых Гары Потэраў… Выдаюцца кнігі ў асноўным для малодшых школьнікаў і дашкалят. Тут у нас фаварыт Хадасевіч-Лісавая. Альгердзік (5 год) у захапленьні!»

Андрэй Жвалеўскі, літаратар, бацька 16- і 10-гадовых чытачоў:

«Мае падлеткі чытаюць рознае. Але проста цяпер у іх пэрыяд захапленьня мангаю (японскія коміксы. — РС). Да гэтага старэйшая чытала ўсё, што зь літарамі, а малодшы — пра драконаў.

Што тычыцца кніг беларускіх аўтараў, то да іх адзінае патрабаваньне — яны павінны быць якасныя. Простыя па мове, але з глыбокім сэнсам. Ці проста захапляльныя, кшталту першай часткі „Рома едзе“.

Беларускіх кніг для падлеткаў катастрафічна мала. Пяць гадоў таму я зрабіў экспэрымэнт: прайшоў па кнігарнях зь легендаю, што мой сын 15 гадоў просіць нешта пачытаць на беларускай. Мне раілі Караткевіча (!), „Міколку-паравоза“ (!!!), „Палескіх рабінзонаў“. Самыя кампэтэнтныя дадалі кнігі Гапеева ды „Сем камянёў“ Шэіна. І ўсё. Сёньня можна дадаць трошкі перакладаў (той жа „Гары Потэр“), „Ключ дарог“ Ілюшынай, „Гарэзьлівы пацалунак“ Вайтоўскай, магчыма, нешта яшчэ. Трэба разоў у сто болей».

Наста Кудасава, паэтка, маці 13- і 10-гадовых чытачоў:

«Пакуль былі меншыя, мае дзеці вельмі любілі чытаць кнігі, асабліва гісторыі пра „Маму Му“, калекцыянавалі іх, чакалі новых. Як сталі падлеткамі, перасталі чытаць зусім. Пакуль ня ведаю, як даць рады з гэтым, ніякімі кнігамі іх прывабіць не атрымліваецца. Ня думаю, што гэта праблема нашай літаратуры, хутчэй нешта ўзроставае. Бо, здаецца, добрых кніг цяпер хапае на любы густ. Калі нечага і не хапае, то добрага мэнэджмэнту. Магчыма, калі б кнігі беларускіх аўтараў добра рэклямаваліся паўсюль, калі б праводзіліся ў школах сустрэчы з сучаснымі пісьменьнікамі, то і мае дзеці зацікавіліся б. Мне асабіста дужа падабаюцца кнігі для падлеткаў Валерыя Гапеева, сама чытаю іх з захапленьнем. Спадзяюся, і мае дзеці ўсё ж падрастуць і зразумеюць гэтую асалоду».

Барыс, бацька 9-гадовага чытача:

«Наш старэйшы сын Вітаўт яшчэ чытае, пераважна, вельмі дзіцячыя кнігі, якія былі ў нас на паліцы і якія раней мы чыталі яму ўслых. Самому пакуль не даюцца вялікія формы, таму выбірае кнігі, якія складаюцца з кароткіх частак. Нядаўна прачытаў „Прыгоды Падынгтана“, па-расейску. Наколькі я ведаю, перакладу на беларускую мову гэтага твору не існуе. Увогуле, яго цікавяць розныя вынаходкі, тэхналёгіі. Глядзіць з захапленьнем ролікі сэрыі „Як гэта зроблена“ і нешта падобнае.

Чаго не існуе ў друкаваным выглядзе па-беларуску, дык гэта прыгожых энцыкляпэдый і навуковых дзіцячых кніг.

Для малых дзяцей ужо сёе-тое зьявілася. Але, паводле досьведу нашых сяброў, падлеткам даводзіцца пераходзіць на чытаньне кніг па-расейску. Або засвойваць замежныя мовы. Таму кнігі патрэбны розныя, перакладныя ці аўтарскія. Але больш, чым кнігі, у наш час патрэбныя бацькі, якія выхоўваюць дзяцей па-беларуску».

Аксана Спрынчан, паэтка, маці 14-гадовай чытачкі:

«Атрымаўшы апытанку пра тое, што чытаюць падлеткі, я адразу падумала, як файна, што мая дачка — падлетак, значыцца, можна скінуць ёй пытаньні, няхай адказвае сама. Скінула, пішу: „Мо ты сама адкажаш?“ „Вядома ж, сама, а то ты яшчэ ня тое напішаш“. Як на мяне, дык цудоўны ўзрост для лянотных бацькоў».

Альжбэта Малішэўская-Спрынчан:

«Ёсьць шмат беларускіх пісьменьнікаў, якім удалося займець месца ў маім сэрцы — „Авантуры Пранціша Вырвіча“ ад Людмілы Рублеўскай, дзе адбываюцца невераемныя і захапляльныя прыгоды, чароўная і таемная „Мая мілая ведзьма“ Валера Гапеева, „Гарэзьлівы пацалунак“ Евы Вайтоўскай, дзе выдатна перададзеная атмасфэра сучасных беларускіх рэалій, асабліва з жыцьця менскіх падлеткаў. З клясыкі магу вылучыць Васіля Быкава з маімі ўлюбёнымі нечаканымі сюжэтнымі паваротамі і Ўладзімера Караткевіча зь яго вобразам беларуса-пераможцы.

Нестае для мяне ў сучаснай беларускай літаратуры такіх жыцьцёвых падлеткавых і моладзевых раманаў, як „Гарэзьлівы пацалунак“ і „Мая мілая ведзьма“. Вядома ж, падлеткі і дарослае чытаюць, але хочацца, каб чытаючы, было лёгка атаясамляць сябе з пэрсанажамі. Каб не было такога адчуваньня, што іх недаацэньваюць. Няхай нейкае большае месца ў літаратуры прысьвецяць і ім. І наогул, калі б былі такія годныя беларускія кніжкі, можа, гэта б падняло ўзровень чытаньня сярод падлеткаў».

Вера Дзядок, перакладчыца, маці 13-гадовай чытачкі:

«Маёй дачцэ бракуе працягу „Гарэзьлівага пацалунку“ Евы Вайтоўскай. Даўно чакае! Як і яе сябры-аднаклясьнікі. Бракуе твораў пра сваіх равесьнікаў, пра адносіны.

А яшчэ знаёмыя мне падлеткі чытаюць з захапленьнем фанфікі, якія напісалі самі або сябры. Я мару, каб творы саміх падлеткаў выдаваліся. Вельмі хацелася б пачытаць, што яны пішуць».

Зьміцер Бартосік, бард, бацька 13-гадовай чытачкі:

«Дачка зараз чытае нарвэскую кнігу ў перакладзе на беларускую, „Сафіін сьвет“ Юстэна Гордэра. Яна ў захапленьні. Гісторыя філязофіі там выкладзена ў займальнай форме. Гераіня — аднагодка дачкі, тэма кнігі супадае з думкамі чытачкі, вельмі цікавая і займальная форма падачы даволі няпростага зьместу. Па праграме яна нядаўна прачытала аповесьць „Ася“ Івана Тургенева. Кажа, што кніга яе вельмі ўзрушыла. І галоўная фішка аўтара — чым больш чытаеш, тым цікавей становіцца. Зараз чытае „Жураўліны крык“ Васіля Быкава.

А наконт таго, якіх беларускіх кніг бракуе дзецям, то дачка кажа, што яна ня так добра ведае беларускую літаратуру, каб рабіць высновы пра гэта. За апошні год прачытала „Пранціша Вырвіча“ Людмілы Рублеўскай. Праглынула „Жэтон на мэтро“ Андрэя Федарэнкі. Вельмі яе ўразіла гэтая кніга. Як пісьменьнік удала напрыканцы падмануў чытача!

Ходзіць часам па кнігарнях. Але там, па яе словах, у асноўным кнігі па гісторыі альбо на ваенную тэматыку. Але ваенная тэматыка надакучыла. А хочацца большай разнастайнасьці. Дэтэктываў, рамантыкі, фэнтэзі. Але найперш хочацца лёгкай літаратуры, рамантычнай, з жыцьця падлеткаў. Нядаўна даведалася пра кнігу „Гарэзьлівы пацалунак“. Зьбіраецца набыць і прачытаць. Але таксама яна з задавальненьнем бы пачытала ня толькі мастацкую літаратуру, але і навукова-папулярную. Па псыхалёгіі, філязофіі, архітэктуры, хоць пра космас, толькі ня ў выглядзе энцыкляпэдыі».

Натальля, маці 13-гадовай чытачкі:

«Зь беларускіх аўтараў па-за школьнай праграмай дачка прачытала апошнім часам толькі „Гарэзьлівы пацалунак“ Евы Вайтоўскай. А ўвогуле з апошняга ёю прачытанага: М. Пэтрасян „Дом, в котором…“, сэрыя коміксаў пра маёра Грома. Набыла і плянуе чытаць А. Цыма „Прачынаюся ў Сібуі“.

Цяпер зьяўляюцца цудоўныя беларускія кнігі для дзяцей малодшага ўзросту. А падлеткавай літаратуры вельмі мала. Цікава было б мець раманы пра жыцьцё сучаснага падлетка, пра стасункі; сэрыйныя коміксы; нон-фікшн пра эмацыйны інтэлект, самаразьвіцьцё, сталеньне і г.д. І тут галоўнае — наклады: кніга, выдадзеная ў колькасьці 300–500 асобнікаў, ня можа аказаць значны ўплыў на падлеткаў».

Аляксей Шэін, літаратар, бацька 12-, 11- і 8-гадовых чытачоў:

«Мае дзеці чытаюць шмат. У асноўным гэта падлеткавая прыгодніцкая літаратура, фэнтэзі, дэтэктывы. Мовы, на якіх яны чытаюць, — беларуская (кніжак, цікавых ім, па-беларуску, на жаль, практычна няма), расейская, украінская. Наконт таго, якіх кніг па-беларуску не хапае, запытаў у сваіх хлопцаў (8, 11 і 12 год). Усе трое адказалі, што дзіцячых дэтэктываў. Акрамя гэтага — „прыгод, дзе галоўныя героі — зьвяры“, фэнтэзі, а таксама — гістарычна-прыгодніцкіх».

Закон піраміды: каб зьявіўся беларускі Гары Потэр, трэба напісаць тысячу дзіцячых кніг

Вера Дзядок, перакладчыца, маці 13-гадовай чытачкі:

«Магчымы Гары Потэр, але магчымы і іншы герой. Мне здаецца, не хапае твораў пра тое, з чым нашы дзеці сутыкаюцца ў рэчаіснасьці».

Альжбэта Малішэўская-Спрынчан:

«Думаю, можна стварыць і свайго адметнага супэргероя, які б прывабіў беларускую дзятву. Не абавязкова браць за аснову нейкага замежнага папулярнага, проста трэба, каб быў нечым запамінальны — вонкавым выглядам, характарам, подзьвігамі. Стварыць не ідэалізаваны, занадта правільны вобраз, а той, за якім дзецям сапраўды захочацца ісьці наперад да зададзеных мэтаў».

Зьміцер Бартосік, бард, бацька 13-гадовай чытачкі:

«Маёй дачцэ не патрэбны аналяг амэрыканскага супэрмэна. Гэта выглядала б сьмешна. Але калі б у нас змаглі прыдумаць нейкага свайго арыгінальнага пэрсанажа, са сваёй, чыста беларускай асаблівасьцю… На гэтую ролю мог бы падысьці і Пранціш Вырвіч. Калі б аўтарка, на думку чытачкі, не перагрузіла галівудзкімі прыёмамі прыгодніцкі раман пра мінуўшчыну. Можна зацікавіць і сваёй гісторыяй. Можа, гэта не ўзбагаціла б літаратуру, але прывабіла б чытачоў. Моладзь, здаецца маёй чытачцы, нацэленая не на нешта сур’ёзнае. Але любіць арыгінальнае. Вось чаго сапраўды не хапае падлеткам, дык гэта беларускіх коміксаў. Гэта ж сэрыял, сумешчаны зь лёгкім чытвом. А колькі ў нас таленавітых мастакоў сярод падлеткаў! Цэлую студыю можна было б арганізаваць».

Натальля, маці 13-гадовай чытачкі:

«Калі разумець пад „беларускім Гары Потэрам“ надзвычай папулярнага, вядомага ва ўсім сьвеце героя, то не. Ня думаю, што гэта магчыма для неангламоўнай літаратуры. Калі ж гэта герой, якім захапляюцца, да якога хочуць быць падобнымі, пра якога хочацца чытаць і перачытваць, то, безумоўна, ён магчымы.

Напрыклад, у свой час дачцэ вельмі падабалася кніга Аляксея Шэіна „Сем камянёў“; захапляюць паны Кубліцкі і Заблоцкі Пятра Васючэнкі, героі Янкі Маўра і іншыя. У сучаснай падлеткавай літаратуры мы пакуль не заўважылі такога пэрсанажа.

Але, на мой погляд, беларускай падлеткавай літаратуры бракуе нармальнага рынку, прыстойных тыражоў і прамоцыі: аўтар (як і ўсе датычныя да выданьня) павінен хоць нешта зарабляць, а не пісаць начамі пасьля працы, а потым выдаваць кнігу за свой кошт мізэрным накладам. Калі будзе рынак, зьявіцца і дастатковая колькасьць прафэсійных рэдактараў, будзе канкурэнцыя, і абавязкова зьявіцца заўважны герой».

Аляксей Шэін, літаратар, бацька 12-, 11- і 8-гадовых чытачоў:

«Тое, што дзеці могуць палюбіць сваіх (у нашым выпадку — беларускіх) герояў ці „супэргерояў“ — гэта без сумневу. Гэтак ёсьць у нашых суседзяў — і ў палякаў, і ў расейцаў, і ва ўкраінцаў. Справа толькі за беларускімі дзіцячымі аўтарамі — гэтых герояў прыдумаць і напісаць пра іх цікавыя гісторыі».

Андрэй Жвалеўскі, літаратар, бацька 16- і 10-гадовых чытачоў:

«Беларускі Гары Потэр немагчымы, як немагчымы Гары Потэр нямецкі ці кітайскі. У нас зьявіцца свой герой. Але каб гэта здарылася, трэба напісаць тысячу новых — розных! — кніжак. Закон піраміды».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG