Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звальняюць дырэктара менскага Тэатру юнага гледача


Менскі тэатар юнага гледача, архіўнае фота
Менскі тэатар юнага гледача, архіўнае фота

Дырэктара-мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача Ўладзімера Савіцкага звальняюць са сваёй пасады.

Пра гэта на ўмове ананімнасьці Zerkalo.io паведамілі акторы тэатру. Раней Беларуская рада культуры атрымала інфармацыю, што Ўладзімера Савіцкага ўжо звольнілі. Аднак, паводле інфармацыі актораў, юрыдычна ён яшчэ знаходзіцца на сваёй пасадзе, звальненьне будзе аформлена ў найбліжэйшыя некалькі дзён.

У сьнежні 2021 году Савіцкі падрыхтаваў спэктакль «Кантрольнае сачыненьне». Сюжэт наступны: «Шукаючы справядлівасьці, выпускнікі канфліктуюць са школьнай адміністрацыяй. Кагосьці канфлікт забаўляе, хтосьці празь яго бачыць выпрабаваньне чалавечых каштоўнасьцяў. Кожны з бакоў упэўнены ва ўласнай рацыі, але факты і ўчынкі раптоўна даводзяць, што невінаватых няма». Перад прэм’ерным паказам у сацсетках тэатра зьявілася інфармацыя, што паказ пераносіцца з прычыны хваробы актораў. Па словах актораў, спэктакль, магчыма, зьнялі з рэпэртуару. Менавіта гэта магло стаць прычынай звальненьня Савіцкага, піша Zerkalo.io.

Уладзімер Савіцкі па першай адукацыі — актор, у 80-ыя гады працаваў у бабруйскім тэатры. Потым другі раз скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут як рэжысэр. У дзевяностыя і нулявыя гады працаваў у Купалаўскім тэатры, паставіў на яго сцэне спэктаклі «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Сны аб Беларусі», «Беларусь у фантастычных апавяданьнях» і іншыя.

З 2010 году быў галоўным рэжысэрам, потым дырэктарам-мастацкім кіраўніком Беларускага тэатра юнага гледача. Паставіў на яго сцэне спэктаклі «Майго юнацтва крылы» (па паэме Аркадзя Куляшова), «Міхалава зямля» (па «Новай зямлі» Якуба Коласа), «Зацюканы апостал» (па пʼесе Андрэя Макаёнка), «Сны аб Беларусі» (па паэзіі Янкі Купалы).

Апошнім часам адбываюцца масавыя звальненьні палітычна нядобранадзейных супрацоўнікаў сфэры культуры. На днях міністар культуры Анатоль Маркевіч публічна паведаміў, што ўжо больш за 300 работнікаў установаў культуры звольненыя за «дэструктыўную пазыцыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG