Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК і МЗС адказалі праваабаронцу Левінаву, чаму беларусам за мяжой нельга ўдзельнічаць у рэфэрэндуме


Канстытуцыя Беларусі, адно са старых выданьняў
Канстытуцыя Беларусі, адно са старых выданьняў

«Дыпляматычныя прадстаўніцтвы не бяруцца гарантаваць бясьпеку жыцьця і здароўя беларусаў».

У Беларусі рыхтуецца рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі, анансаваны Лукашэнка.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, які зьехаў зь Беларусі, зьвярнуўся ў Міністэрства замежных спраў і Цэнтрвыбаркам з нагоды парушэньня правоў грамадзян, якія жывуць за мяжой і таму ня змогуць удзельнічаць у «рэфэрэндуме». Левінаў атрымаў адказы зь ведамстваў, паведамляе «Вясна».

Падставай для звароту стала выказваньне прэс-сакратара МЗС Рэспублікі Беларусь Анатоля Глаза пра тое, што міністэрствам прынята «рашэньне не ўтвараць участкі для ўдзелу ў рэфэрэндуме за мяжой у сувязі зь няўпэўненасьцю ў захаваньні іх бясьпекі з боку ўладаў краін знаходжаньня».

У звароце праваабаронца спасылаўся на арт. 37 Канстытуцыі, паводле якога грамадзяне краіны маюць права на ўдзел у рашэньні дзяржаўных справаў як непасрэдна, гэтак і праз свабодна абраных прадстаўнікоў. А таксама на арт. 33, які гарантуе кожнаму свабоду думак і іх свабоднае выказваньне. Павал Левінаў нагадаў і пра міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, і пра заўвагі агульнага парадку № 25, дзе гаворыцца, што права галасаваць на рэфэрэндумах падлягае толькі разумным абмежаваньням, прыкладам як вызначэньне мінімальнага ўзросту для атрыманьня права голасу.
Атрыманымі адказамі з МЗС і ЦВК праваабаронца застаўся не задаволены, бо гэтыя структуры не ўзяліся вырашаць праблему:

«ЦВК даслаў адказ пра тое, што ўтварэньне ўчасткаў для галасаваньня ёсьць прэрагатывай дыпляматычных прадстаўніцтваў у замежных краінах, і МЗС палічыў немэтазгодным іх утвараць у сілу аб’ектыўных прычынаў.

А намесьнік міністра замежных справаў Мікалай Барысевіч напісаў у сваім адказе, што дыпляматычныя прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь не бяруцца гарантаваць бясьпеку жыцьця і здароўя беларускіх грамадзянаў, таму ўчасткаў для галасаваньня на рэфэрэндуме за мяжой не будзе. А тым, хто ўсё-ткі хоча ўзяць удзел у рэфэрэндуме, спадар Барысевіч раіць прыехаць у Беларусь і пайсьці на ўчастак па месцы жыхарства. З улікам гэтай магчымасьці правы беларусаў не парушаныя, лічыць намесьнік міністра», — кажа Павал Левінаў.

Праваабаронца Павал Левінаў
Праваабаронца Павал Левінаў

Праваабаронца кажа, што скарыстацца падобнай магчымасьцю вельмі праблематычна: праз наземныя пункты пропуску ў Беларусь заехаць можна, але выехаць назад раней як праз тры месяцы не атрымаецца. Што да паветранага транспарту, то самалёты з большасьці дзяржаваў не толькі не садзяцца, а наагул аблятаюць тэрыторыю Беларусі. Да ўсяго, каб узяць удзел у рэфэрэндуме, МЗС прапануе грамадзянам сваёй краіны прыехаць у Беларусь за ўласны кошт, а гэта немалыя выдаткі.

Адказаў на пытаньні, чаму сёлета нельга ўтварыць участкі на тэрыторыі амбасадаў Рэспублікі Беларусь, як раней бывала на выбарах, і чаму паўстала праблема захаваньня бясьпекі людзей, Павал Левінаў так і не атрымаў.
Сам ён тлумачыць сытуацыю так: галасы беларусаў замежжа не маюць вагі не таму, што іх мала (менш за 1% ад колькасьці патэнцыйных удзельнікаў, паводле прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза), а з той прычыны, што вынікі рэфэрэндуму бясспрэчна адлюструюць волю ўладаў, а таму абсалютна не залежаць ад думкі грамадзкасьці.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG