Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Гурмана і Шарэнду-Панасюк адправілі ў крытую турму, Гнаўк тыдзень трымае галадоўку

абноўлена

Вадзім Гурман на пратэстах, жнівень 2020 г.
Вадзім Гурман на пратэстах, жнівень 2020 г.

Па стане на 18 студзеня ў Беларусі 993 чалавекі маюць статус палітычных вязьняў.

Вадзіма Гурмана на 5 месяцаў адправілі ў ПКТ

Паводле інфармацыі «Вясны», на палітвязьня Вадзіма Гурмана ў папраўчай калёніі № 9 працягваюць аказваць ціск. Яго часта зьмяшчаюць у ШЫЗА і пазбаўляюць перадач. Таксама на 5 месяцаў яго зьмясьцілі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), дзе ён будзе сядзець без суседзяў. У гэты пэрыяд яму забаронена атрымліваць пасылкі і перадачы, мець званкі і спатканьні з роднымі.

Палітвязень даўно мае сур’ёзныя праблемы са зрокам: неапэрабельную атрафію зрокавых нэрваў абодвух вачэй. Кожныя чатыры месяцы ён мусіць абсьледавацца, інакш к 30 гадам яму прагназавалі поўную сьлепату. Таму Гурману патрэбен догляд і мэдычная дапамога.

Палітвязьня абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 і арт. 364. Пасьля затрыманьня ў Маладэчне Вадзіма моцна білі і пагражалі згвалтаваньнем. Палітвязьню прысудзілі 3,5 года калёніі.

Паліну Шарэнду-Панасюк перавядуць у крытую турму

Палітзьняволеную зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк перавядуць з Гомельскай жаночай калёніі ў Магілёўскую крытую турму, куды летам перавялі Натальлю Хершэ.

Ліставаньне з Палінай стала нерэгулярным, сказаў Радыё Рацыя яе муж Андрэй Шарэнда.

«За ўвесь сьнежань прыйшла адна паштоўка, дзе Паліна павіншавала мяне з днём народзінаў, з надыходзячым Новым годам усіх павіншавала і перадала ўсім пажаданьне далей трымацца сваёй лініі. Паліна ў сьнежні была зьмешчаная ў карцар, фактычна ўвесь сьнежань яна прабыла ў карцары і цяпер знаходзіцца ў так званых памяшканьнях камэрнага тыпу. Ёй абмежаваныя ўсе віды перадач, усе віды сувязі, нават перапіска таксама ёй абмежаваная, і за апошнія паўтара месяца ад яе прыйшла адна паштоўка і адна тэлеграма».

Андрэй Шарэнда кажа, што ягоная жонка і ў турме змагаецца за свае правы.

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня ў яе ўласным доме, куды ўламіліся сілавікі. Суд Маскоўскага раёну Берасьця 9 чэрвеня прызначыў ёй 2 гады калёніі. Яе прызналі вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Абраза прэзыдэнта» (арт. 368), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364).

Алену Гнаўк абмежавалі ў правах пад арыштам

Актывістка зь Берасьця Алена Гнаўк з 11 студзеня 2022 году адбывае 15-дзённы арышт за акцыю зь бел-чырвона-белымі мяхамі на «хатняй хіміі». Ёй забараняюць перадаваць перадачы. Чытаць і пісаць таксама забаронена.

Такое рашэньне кіраўніка РАУС Пружанаў, напісалі на старонцы Алены ў фэйсбуку яе дзеці. З ізалятара жанчына павінна выйсьці 25 студзеня.

Алена Гнаўк тыдзень трымае галадоўку ў Пружанскім ІЧУ, паведамляе «Вясна».

Пра гэта пішуць яе дзеці ў Instagram. Стан яе здароўя пагоршыўся, а ў суботу ёй выклікалі хуткую дапамогу.

Берасьцейскі палітвязень Дзяніс Марусевіч выйграў турнір па боксе ў калёніі

Як паведаміла берасьцейскай «Вясьне» маці Дзяніса Марусевіча, у сярэдзіне студзеня ён перамог у заключным паядынку па боксе. Турнір праходзіў сярод вязьняў бабруйскай калёніі. Усяго было 5 этапаў, і на кожным з колаў Дзяніс аказваўся мацнейшы за супернікаў, за што атрымліваў заахвочвальныя відэазванкі родным.

Перад заключным боем, расказаў Дзяніс родным, на сьценах калідораў у калёніі віселі постэры фіналістаў. І іншыя зьняволеныя падахвочвалі Марусевіча: «Ну што, пераможаш?» У вырашальным баі хлопец зноў адолеў суперніка і атрымаў пераходзячы пояс чэмпіёна па боксе.

Дзяніс Марусевіч быў чальцом нацыянальнай зборнай па каратэ, ён майстар спорту па рукапашным баі і вайсковым рукапашным баі. 21 траўня 2021 году яго і яшчэ 12 чалавек асудзілі за акцыю пратэсту 10 жніўня 2020 году ў Берасьці. Дзянісу прысудзілі 4 гады калёніі.

Палітвязень Аляксандар Перапечка адбыў пакараньне на «хіміі» і сёньня выходзіць на волю

Аляксандра Перапечку са Слуцку абвінавацілі па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства») за тое, што 4 жніўня 2021 году рассыпаў «вожыкі» на тэрыторыі каля будынку Слуцкага РАУС. У выніку былі пашкоджаныя шыны аўтамабіляў двух супрацоўнікаў міліцыі, а на месцы канфіскавалі 38 будаўнічых шрубаў. Суд прызначыў Аляксандру 1 год «хіміі», які ён адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу № 7 пад Пружанамі.

18 студзеня ў палітвязьня скончыўся тэрмін адбыцьця пакараньня, паведамляе «Вясна».

Палітвязень Павел Белавус за кратамі напісаў кранальны верш пра сям’ю і Новы год

Заснавальнік крамы Symbal.by і культурніцкі мэнэджар Павал Белавус у лісьце на волю напісаў, што доўгі час не атрымліваў лістоў. На «Валадарцы» ён пачаў пісаць вершы, у тым ліку і дзіцячыя, і падзяліўся адным зь іх, піша «Вясна». Ён апісаў гісторыю, «як яго дачка Соня адмовілася бяз таты вешаць на ялінку зорку, бо толькі тата дацягнецца, бо высокі». Верш датаваны 1 студзеня 2022 году:

Цуды

Хутка-хутка Новы год —

Дзень усім знаёмы.

Сёньня ў сад я не пайду,

Застануся дома.

Я зьбяру сваю сям’ю — маму, тату, брата.

Упрыгожым мы ялінку

У чаканьні сьвята.

Я хачу, каб на ялінцы

Зіхацела зорка!

Запрашу да справы тату,

Каб узьняў высока.

Маме шчыра я скажу:

Ноччу спаць ня буду!

Бо чароўнай гэтай ноччу

Я чакаю цудаў!

У Беларусі 11 новых палітвязьняў

Беларускія праваабаронцы 18 студзеня прызналі палітвязьнямі яшчэ 11 чалавек. Гэта Аляксей Арбузаў, Аляксей Каверын, Лідзія Новік, Павал Адамовіч, Іван Гаўрылаў, Аляксей Дудко, Марыя Калоша, якім прад’явілі абвінавачваньні або ўжо вынесьлі прысуды па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), Станіслаў Несьцярук (ч.2 арт. 293 КК), Вольга Ялцэвіч (ч. 2 арт. 342 КК), Павал Юхневіч (ч.1 арт 342 і ч.3 арт 361 КК), Ільля Кадзетаў (асудзілі па ч.1 арт. 342 КК).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG