Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марыць пра свабоду і тэлефон з інтэрнэтам». Што са жлобінцам Віталём Прохаравым, якому адмовілі ў памілаваньні


Віталь Прохараў і ягоная маці Алеся ў судзе. Жлобін, 1 лютага 2021 году
Віталь Прохараў і ягоная маці Алеся ў судзе. Жлобін, 1 лютага 2021 году

У лютым 2021 году пад крымінальны перасьлед за «масавыя беспарадкі» і «гвалт над міліцыяй» трапіў 17-гадовы жыхар Жлобіна Віталь Прохараў. За ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 году ён атрымаў два гады калёніі.

Днямі сваякі даведаліся, што яму адмовілі ў памілаваньні, як і ягоным землякам — Дзьмітрыю Гопту, у якога мэнтальная недастатковасьць, і Сяргею Бекарэвічу.

Віталь Прохараў даведаўся па адмову ў памілаваньні на пачатку студзеня. Пра гэта ён расказаў сваякам, але, як яны кажуць «мімаходзь».

Віталь дагэтуль адбывае пакараньне ў Бабруйскай выхаваўчай калёніі. У траўні яму споўнілася 18 гадоў. Але ў «дарослую» калёнію яго не пераводзілі.

Сядзець яму засталося 11 месяцаў. У калёніі Віталь працуе — зьбівае паддоны.

«Вучыцца ён цяпер ня бачыць сэнсу, бо праз 11 месяцаў вызваліцца. Лісты ад сваякоў і сяброў атрымлівае. Але кажа, што ад незнаёмых людзей не атрымліваў лістоў. Ці ніхто ня піша, ці не перадаюць. Сяброў у калёніі ён не шукаў, бо людзі там розныя. Канечне, мае стасункі зь іншымі асуджанымі», — расказалі сваякі Віталя, якія мелі зь ім днямі тэлефонную размову.

Віталь расказаў блізкім, што адміністрацыя калёніі не выдзяляе «палітычных». «Ён сказаў, што для адміністрацыі галоўнае, каб добра сябе паводзілі. Пра цяжкае не хацеў гаварыць. А пра мары сказаў — хоча, калі вызваліцца, узяць нарэшце ў рукі тэлефон з інтэрнэтам. Бо па тэлевізары паказваюць рэкляму новых тэлефонаў. Менавіта сацыяльных сетак, зносінаў зь людзьмі, Instagram яму не хапае», — дадалі сваякі.

Віталь жыў у Жлобіне. Яго затрымалі за падзеі 10 жніўня 2020 году. Па афіцыйнай вэрсіі, ён удзельнічаў у «масавых беспарадках» і кінуў камень у аўтазак. Віталь сваёй віны не прызнаў. Казаў, што выклаў у сацыяльныя сеткі расказ пра камень, каб папіярыцца.

Па словах сваякоў, хлопца моцна пабілі амапаўцы пры затрыманьні 10 жніўня 2020 году. Затрыманьне адбылося проста на вуліцы. Пад’ехаў цывільны аўтамабіль, адтуль вылезьлі чатыры чалавекі і пачалі зьбіваць Віталя. Ён высокага росту, таму, па словах ягонай маці, на вуліцы нельга было адназначна падумаць, што б’юць непаўналетняга, але сын казаў пра гэта людзям у цывільным. Віталь падаваў заявы на прыцягненьне вінаватых да адказнасьці, але крымінальную справу завялі на яго самога.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG