Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў пра задуму сумесных з Расеяй вучэньняў і расказаў пра 10 тысяч амэрыканцаў на межах


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Мяркуецца, што расейска-беларускія вайсковыя манэўры пад назвай «Саюзная рашучасьць – 2022» пройдуць у лютым ля межаў Беларусі і Ўкраіны.

Аляксандар Лукашэнка заслухаў даклад аб задуме сумесных апэратыўных вучэньняў узброеных сіл Беларусі і Расеі, піша БелТА.

Лукашэнка зацьвердзіў задуму вучэньняў. У час свайго выступу ён сказаў, што ў Польшчы і краінах Балтыі каля беларускіх межаў нібыта сканцэнтравана больш як 30 тысяч вайскоўцаў, тэхніка і ўзбраеньне.

«Больш за тое, Варшава зьвярнулася да кіраўніцтва Паўночнаатлянтычнага блёку (які зараз у перамовах целяпаецца з Расеяй; хочуць, сапраўды, Расея мае рацыю, — зацягнуць, замяць усе гэтыя перамовы, ідэі і паднесьці як быццам нічога не адбываецца, а мы бачым, што адбываецца) з просьбай разгарнуць у гэтым рэгіёне шматэшалённую сыстэму тылавога і тэхнічнага забесьпячэньня. Як людзі вайсковыя мы адразу задаём пытаньне: навошта?» — спытаў Лукашэнка.

Ён лічыць, што выснова можа быць толькі адна — рыхтуюцца да нечага сур’ёзнага, прынамсі працяглага.

«На тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі на ратацыйнай аснове знаходзяцца ад 8 да 10 тысяч вайскоўцаў Злучаных Штатаў Амэрыкі. Амэрыканцам тут што рабіць? Чаго нас, Расею папракаць, што мы нейкія там манэўры праводзім, вучэньні і гэтак далей, калі вы за трыдзевяць зямель сюды прыперліся? Што вы тут рабіць будзеце? Асобныя „гарачыя галовы“ адкрыта ўжо заклікаюць да вайны. Мы чуем гэтыя заявы».

Таксама Лукашэнка заявіў, што яго насьцярожвае абстаноўка і на «паўднёвых рубяжах», ён упэўнены, што з боку Ўкраіны ідзе нарошчваньне вайсковага кантынгенту.

29 сьнежня 2021-га непрызнаны Захадам кіраўнік Беларусі сваімі словамі на сустрэчы з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным пацьвердзіў, што прасіў таго аб сумесных вайсковых вучэньнях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG