Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці звольнілі дырэктарку гімназіі, якая на выбарах-2020 вывесіла сапраўдныя пратаколы галасаваньня


Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на выбарах 2020 году ў Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на выбарах 2020 году ў Беларусі

Алена Шкулепа, дырэктарка берасьцейскай гімназіі № 4, у якой разьмяшчаліся адразу два ўчасткі для галасаваньняў на выбарах 2020 году, была кіраўніцай дзьвюх выбарчых камісій. Абодва яе ўчасткі вывесілі пратаколы, паводле дадзеных якіх перамагла Сьвятлана Ціханоўская.

Паводле пратаколаў, колькасьць галасоў на ўчастку № 37 — 543 за Ціханоўскую, 524 за Лукашэнку, а на ўчастку № 38 — 510 за Ціханоўскую, 380 за Лукашэнку.

Як піша выданьне «Новы Час», яшчэ перад Новым 2022 годам сярод берасьцейскіх настаўнікаў папаўзьлі чуткі, што дырэктарку здымаюць разам з усімі намесьніцамі, якія таксама былі ў выбарчай камісіі і падпісалі сапраўдны пратакол. Прычым, нібыта, здымаюць з папярэджаньнем, што ў Берасьці працы сабе яны ня знойдуць.

На сайце гімназіі перад Новым годам у разьдзеле «адміністрацыя» была толькі адна намесьніца дырэктара па малодшых клясах, іншыя пяць улучна з пазыцыяй дырэктара былі пустымі. Тое самае было і 6 студзеня, а сайт Берасьцейскага гарвыканкаму нават паказваў Алену Шкулепа як дзейную дырэктарку гімназіі № 4.

Праз тыдзень на месцы пацьвердзіўся факт звальненьня Алены Шкулепы і прызначэньня замест яе Дзіяны Басалай. Паводле інфармацыі «Новага Часу», дзьвюх намесьніц Шкулепы панізілі ў рангу да шараговых настаўніц.

Сама Алена Шкулепа пацьвердзіла «Новаму Часу» факт звальненьня і на пытаньне, ці казалі ёй пры звальненьні, што працы ў Берасьці яна не знойдзе, адказала: «Наўпрост не сказалі, але адчуваю, што гэта сапраўды так».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG