Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэрыю Лісабона аштрафавалі за раскрыцьцё асабістых зьвестак апазіцыянэраў з Расеі, Вэнэсуэлы і іншых краін


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мэрыю партугальскага Лісабона аштрафавалі на 1,25 млн эўра за тое, што яна ў парушэньне законаў Эўразьвязу перадавала амбасадам розных краін, у тым ліку Расеі, асабістыя дадзеныя арганізатараў акцый пратэсту перад гэтымі амбасадамі, паведамляе ВВС.

Разьбіральніцтва ў справе пачалося з таго, што расейскія палітэмігранты, якія жывуць у Партугаліі, у сярэдзіне мінулага году выявілі, што мэрыя перадала амбасадзе Расеі пэрсанальныя дадзеныя — імёны, адрасы і нумары тэлефонаў — арганізатараў акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага.

Партугальская Камісія па абароне дадзеных правяла расьсьледаваньне і высьветліла, што гарадзкія ўлады пад кіраўніцтвам тагачаснага мэра-сацыяліста Фернанду Мэдыны ў 2018-2021 гадах 225 разоў парушылі закон, перадаўшы пэрсанальныя дадзеныя ўдзельнікаў 52 розных акцый амбасадам Расеі, Кубы, Вэнэсуэлы, Анголы і іншых краін.

Мэрыя перадавала дадзеныя пасольствам і да 2018 году, але ў той час гэта яшчэ не было парушэньнем закона: эўрапейскі Агульны рэглямэнт па абароне дадзеных (General Data Protection Regulation, GDPR) набыў сілу ў траўні 2018 году.

У дакладзе Камісіі па абароне дадзеных гаворыцца, што за некаторыя з выпадкаў можна было б аштрафаваць на 20 млн. эўра за кожны, але камісія пашкадавала мэрыю, прыняўшы да ўвагі яе фінансавыя цяжкасьці ў сувязі з пандэміяй.

Мэрыя, якую цяпер узначальвае сацыял-дэмакрат Карлуш Маэдаш, 14 студзеня выпусьціла заяву, у якой назвала штраф «цяжкай спадчынай, якую ранейшае кіраўніцтва пакінула жыхарам Лісабона».

У мінулым годзе, калі высьветлілася, што мэрыя перадае пэрсанальныя дадзеныя пасольствам, адбыўся даволі гучны скандал. Мэр Фернанду Мэдына папрасіў прабачэньня за тое, што адбылося, і запэўніў, што больш такое не паўторыцца, але, тым не менш, гэты скандал, як лічаць многія, стаў адной з прычын яго пройгрышу на выбарах у верасьні 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG