Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое ў шпіталі, пашкоджаныя 32 аўтамабілі, сотні населеных пунктаў — безь сьвятла: МНС пра наступствы ўраганнага ветру


Наступсты моцнага ветру 14 студзеня. Фота з сайту МНС
Наступсты моцнага ветру 14 студзеня. Фота з сайту МНС

Міністэрства надзвычайных спраў Беларусі 15 студзеня апублікавала апэратыўную справаздачу аб наступствах учорашняга моцнага ветру ў краіне.

Як паведамляе МНС, паводле апэратыўных дадзеных, у выніку моцнага ветру з парывамі да 32 м\с 14 студзеня:

  • у Магілёве сарванымі рэклямнымі шчытамі ў выніку парываў ветру траўмавала мужчыну 1973 году нараджэньня і жанчыну 1990 году нараджэньня, іх шпіталізавалі,
  • у Менску па праспэкце Ракасоўскага сарваным у выніку парыву ветру плястыкавым пакрыцьцём прыпынку транспарту траўмавала 66-гадовую пэнсіянэрку,
  • пацярпелі 458 населеных пунктаў Беларусі ў 58 раёнах,
  • пашкоджаныя дахі 427 жылых дамоў, 66 аб’ектаў сацыяльнага, культурнага і бытавога прызначэньня, 20 вытворчых і 602 сельскагаспадарчых будынкаў,
  • разбураны 1 сельскагаспадарчы будынак (склад) у Сьвіслацкім р-не Горадзенскай вобласьці,
  • зафіксаваныя 170 выпадкаў падзеньня дрэў,
  • элемэнтамі дахаў і паваленымі дрэвамі пашкоджаныя 32 аўтамабілі,
  • у Ляхавіцкім, Талачынскім, Воранаўскім і Магілёўскім раёнах дрэвы ўпалі на чыгуначныя пуці і паветраныя лініі электраперадач, затрымка руху 18 пасажырскіх і 24 грузавых цягнікоў склала ад 11 хвілін да 3 гадзін 22 хвілін,
  • у Менску на акваторыі вадасховішча Дразды работнікі АСВОД уратавалі зь лёду на бераг 15 рыбакоў, якія не маглі самастойна пакінуць лёд з-за моцных парываў ветру; пацярпелых няма,
  • з 16-45 да 21-00 без электразабесьпячэньня заставаліся горад Быхаў і населеныя пункты Быхаўскага раёну Магілёўскай вобласьці з прычыны пашкоджаньня 3-х ліній электраперадач,
  • У Оршы на станцыі Орша-Цэнтральная ў выніку абвальваньня апор эстакады цеплатрасы адбылося пашкоджаньне кантактнай лініі электрацягнікоў і трубаправода цеплазабесьпячэньня дыямэтрам 150 мм. Затрымкі ў руху цягнікоў не адбылося. Без ацяпленьня засталіся інтэрнат, прыватны жылы дом і 2 адміністрацыйныя будынкі (ацяпленьне павінны аднавіць 15 студзеня).
  • На працягу сутак пэрыядычна парушалася электразабесьпячэньне 3114 населеных пунктаў (у Берасьцейскай вобласьці — 90, Віцебскай — 915, Гомельскай — 362, Горадзенскай — 373, Менскай — 882, Магілёўскай — 492). Адключэньні апэратыўна ліквідуюцца аварыйнымі брыгадамі. Па стане на 6.00 раніцы 15 студзеня без электрычнасьці заставаліся 366 населеных пунктаў (Віцебская — 67, Гомельская — 44, Горадзенская — 39, Менская — 60, Магілёўская — 156).

Старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў 15 студзеня паабяцаў, што да канца дня асноўныя наступствы ўрагану ў Менску ліквідуюць.

МНС і Белгідрамет папярэджваюць, што і сёньня, 15 студзеня, на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца неспрыяльнае надвор’е і ўзмацненьне ветру парывамі да 15-20 м/с, што пагражае магчымымі абрывамі ліній сувязі і электраперадач, адключэньнем электраэнэргіі, пашкоджаньнем слаба ўмацаваных канструкцый, дахаў будынкаў, падзеньнем дрэў, магчымым ўзьнікненьнем дарожна-транспартных здарэньняў, пажараў у жылых дамах, здарэньняў на водных аб’ектах.

Чакаецца, што ў Беларусі будзе пахмурна з праясьненьнямі. Па паўночна-ўсходняй палове — невялікія ападкі (дождж, мокры сьнег), месцамі слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні 6–11 м/с, на большай частцы тэрыторыі парывы да 15–20 м/с. Тэмпэратура паветра — 3, +3°С.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG