Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: Расея, магчыма, рыхтуе правакацыі на ўсходзе Ўкраіны


На адной з пазыцый украінскіх вайскоўцаў у Данецкай вобласьці
На адной з пазыцый украінскіх вайскоўцаў у Данецкай вобласьці

ЗША маюць інфармацыю, якая сьведчыць пра падрыхтоўку Расеяй правакацый з выкарыстаньнем спэцыяльна навучаных апэратыўнікаў, каб стварыць падставу для поўнамаштабнага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.

Пра гэта 14 студзеня паведаміў тэлеканал CNN са спасылкай на прадстаўніка амэрыканскай адміністрацыі. Паводле яго, Вашынгтон мае сьведчаньні таго, што падрыхтаваныя Расеяй людзі навучаныя дзейнічаць у гарадзкіх умовах і выкарыстоўваць выбуховыя рэчывы для ажыцьцяўленьня дывэрсіяў супраць прарасейскіх сіл на Данбасе.

Як адзначае CNN, абвінавачаньне пераклікаецца з распаўсюджанай раней у пятніцу заявай украінскага Міністэрства абароны аб тым, што расейскія спэцслужбы рыхтуюць правакацыі з мэтай падставіць украінскае кіраўніцтва. Украінская выведка, у прыватнасьці, паведамляла пра магчымую правакацыю супраць расейскіх вайскоўцаў у Малдове.

Прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі пацьвердзіў, што ў ЗША ёсьць сьведчаньні аб падрыхтоўцы Расеяй падставы для ўварваньня ва Ўкраіну. «Не заглыбляючыся ў падрабязнасьці, скажу, што ў нас сапраўды ёсьць інфармацыя, якая паказвае на тое, што Расея ўжо актыўна працуе над стварэньнем падставы для магчымага ўварваньня ва Ўкраіну», — сказаў Кірбі. Паводле яго слоў, размова ідзе аб «групе апэратыўнікаў, якія рыхтуюцца правесьці апэрацыю пад чужым сьцягам».

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван намякнуў на адпаведныя зьвесткі выведкі падчас брыфінгу 13 студзеня. «Наша выведка вывучае інфармацыю аб тым, што Расея стварае аснову для магчымасьці сфабрыкаваць нагоду для ўварваньня», — заявіў Саліван, адзначыўшы, што такі сцэнар ужо назіраўся ў 2014 годзе. «Яны зноў рыхтуюцца да гэтага, і ў нас будуць дадатковыя падрабязнасьці ў наступныя суткі», — дадаў дарадца. Саліван пры гэтым сказаў, што амэрыканская выведка па-ранейшаму ня можа даць адназначнага адказу на пытаньне аб тым, ці пачне Расея ўварваньне.

CNN са спасылкай на сваю крыніцу ў амэрыканскай адміністрацыі адначасова перадае, што ЗША заўважаюць і фармаваньне ў расейскай аўдыторыі ўплывовымі гульцамі ў Маскве грамадзкай думкі для ўварваньня — праз расповеды пра пагаршэньне стану правоў чалавека ва Ўкраіне і пра нібыта штораз большую ваяўнічасьць Кіева.

  • З восені мінулага году ў СМІ пачалі зьяўляцца паведамленьні са спасылкай на зьвесткі выведкі пра канцэнтраваньне расейскіх войскаў на мяжы з Украінай. ЗША і іншыя краіны Захаду выказалі здагадку, што Масква рыхтуе вайсковае ўварваньне. Крэмль гэтыя заявы адпрэчыў і запатрабаваў ад ЗША і NATO гарантыяў бясьпекі — у прыватнасьці, не пашыраць NATO на ўсход і не ўключаць у альянс новых чальцоў зь ліку былых савецкіх рэспублік.
  • Першы раўнд міжнародных перамоваў на патрабаваньне Расеі пры ўдзеле яе прадстаўнікоў прайшоў на гэтым тыдні ў Жэнэве і Брусэлі. Бакі назвалі кансультацыі сур’ёзнымі і шчырымі, але падкрэсьлілі, што значныя рознагалосьсі паміж імі захоўваюцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG