Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя Расеі на вынікі перамоваў з ЗША і NATO: «Мір любой цаной нам не патрэбны»


Ілюстрацыйнае фота. Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў (зьлева) і пастаянны прадстаўнік Расеі пры АБСЭ Аляксандар Лукашэвіч
Ілюстрацыйнае фота. Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў (зьлева) і пастаянны прадстаўнік Расеі пры АБСЭ Аляксандар Лукашэвіч

Мяркуючы па заявах расейскіх чыноўнікаў, Расея і краіны Захаду на перамовах не прыйшлі да згоды па большасьці пытаньняў, у тым ліку аб так званых гарантыях бясьпекі, якіх запатрабавала Расея.

Прадстаўнік Расеі пры АБСЭ: «Мір любой цаной нам не патрэбны»

Сталы прадстаўнік Расеі пры АБСЭ Аляксандар Лукашэвіч заявіў, што «калі Масква не пачуе канструктыўнага адказу на ўнесеныя прапановы ў разумныя тэрміны, а агрэсіўная лінія паводзінаў у дачыненьні да Расеі працягнецца», то Расея будзе вымушана зрабіць адпаведныя высновы і прыняць усе неабходныя меры для забесьпячэньня стратэгічнага балянсу і «ліквідацыі непрымальных пагрозаў нацыянальнай бясьпецы». Лукашэвіч зазначыў, што Расея — міралюбная краіна, «але мір любой цаной нам не патрэбны».

«Неабходнасьць атрыманьня названых юрыдычна аформленых гарантый бясьпекі для нас носіць безумоўны характар», — сказаў расейскі дыплямат.

Якія менавіта меры можа прыняць Расея, ён не ўдакладніў.

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў у інтэрвію RTVI сказаў, што адзін з магчымых захадаў — разьмяшчэньне вайсковай інфраструктуры Расеі на Кубе і ў Вэнэсуэле.

МЗС Расеі: «Нам ужо адступаць няма куды»

Намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў у інтэрвію RTVI заявіў, што ЗША і саюзьнікі ў адказ на ключавыя прапановы Расеі па гарантыях бясьпекі фактычна адказалі «не», таму Расеі «адступаць ужо няма куды».

«Нам ужо адступаць няма куды. Мы ўжо бачым, што далей будуць прымяняцца іншыя меры, іншыя прыёмы ў дачыненьні да апанэнтаў, калі яны ня ўлічаць у рэшце рэшт нашых патрабаваньняў і нашых патрэбаў», — дадаў ён.

Дыплямат заявіў, што Расея не прагнецца пад ціскам магчымых новых санкцый ЗША і «знойдзе альтэрнатывы».

«Прэзыдэнту вайсковыя спэцыялісты, як гэта было афіцыйна сказана, увесь час прапануюць варыянты на выпадак пагаршэньня становішча. Гэта цяжкі сюжэт. У публічнай прасторы ён не павінен ніякім чынам засьвечвацца, таму што гэта само па сабе разварушваньне сытуацыі. Трэба даць шанец дыпляматыі», — заявіў Рабкоў.

Лаўроў: Расея ня будзе абмяркоўваць патрабаваньні ЗША «вярнуць войскі ў казармы»

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію «Першаму каналу» назваў праект новага пакету санкцый ЗША ў дачыненьні да Расеі своеасаблівым «нэрвовым зрывам» і заявіў, што Расея нават ня будзе абмяркоўваць патрабаваньні ЗША «вярнуць войскі ў казармы» на тэрыторыі краіны, бо гэтыя патрабаваньні «абсалютна непрымальныя».

Паводле Лаўрова, Расея чакае ад ЗША пісьмовага адказу на свае прапановы па бясьпецы, піша РБК. «Амэрыканцы нам абяцалі пастарацца, але мы ім сказалі, што пастарацца трэба вельмі моцна, зрабіць свае сустрэчныя прапановы на наступным тыдні», — сказаў Лаўроў.

Індэкс Маскоўскай біржы абваліўся на 2,4%

Пасьля сёньняшніх заяваў намесьніка кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Рабкова індэкс Маскоўскай біржы абваліўся на 2,4% на таргах 13 студзеня, даляравы індэкс РГС упаў на 2,75%.

Даляр і эўра рэзка вырасьлі на валютным рынку на фоне ўзмацненьня геапалітычнай напружанасьці. Курс даляра вырас на 0,5% — да ₽75,13, а курс эўра падняўся на 0,6% — вышэй за ₽86.

Як праходзілі перамовы ЗША і NATO з Расеяй

Перамовы паміж Расеяй і ЗША па гарантыях бясьпекі прайшлі ў Жэневе 9-10 студзеня, 12 студзеня ў Брусэлі адбылася сустрэча Рады Расея-NATO, на якой абмяркоўвалася, у прыватнасьці, непашырэньне альянсу на ўсход. Пасьля перамоваў Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг сказаў, што альянс гатовы да далейшых перамоваў з Масквой, але патрабаваньне Расеі аб гарантыях недалучэньня да NATO краін былога СССР, найперш Украіны, непрымальнае.

Напярэдадні стала вядома, што амэрыканскія сэнатары прапанавалі ў выпадку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ўвесьці санкцыі супраць кіраўніцтва Расеі, дзярждоўгу, банкаўскага сэктару і «Паўночнага патоку-2». Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў ацаніў магчымае ўвядзеньне Злучанымі Штатамі санкцый супраць прэзыдэнта Расеі Пуціна як «меру, якая выходзіць за рамкі», параўнальную з разрывам адносін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG