Пра гэта піша Znak.com са спасылкай на мэнэджара праектаў арганізацыі Free Russia Foundation Антона Міхальчука. Пры гэтым арганізацыя ўлічвае толькі «палітычных» эмігрантаў. Іх сямейнікаў ці тых, хто проста расхацеў жыць у Расеі і вырашыў зьехаць, у статыстыцы няма, адзначыў Міхальчук.
Галоўнымі напрамкамі эміграцыі, паводле яго слоў, сталі Грузія, Літва і Ўкраіна. Акрамя таго, папулярныя іншыя краіны Ўсходняй Эўропы, а таксама Францыя і ЗША.
Згодна з Free Russia Foundation, хваля палітычнай эміграцыі пачалася вясной 2021 году, калі паліцыя пачала прыходзіць да ўдзельнікаў зімовых мітынгаў у падтрымку Аляксея Навальнага. Тады, паводле статыстыкі «ОВД-Инфо», да адміністрацыйнай адказнасьці было прыцягнута больш за 200 чалавек, якіх распазналі з дапамогай камэр відэаназіраньня. Акрамя таго, некаторыя актывісты сталі абвінавачанымі па крымінальных справах аб арганізацыі масавых беспарадкаў, перакрыцьці дарог і парушэньні каранавірусных абмежаваньняў.
Па падліках «Коммерсанта», апублікаваных у лістападзе, каля паловы з 38 былых каардынатараў рэгіянальных штабоў Аляксея Навальнага зьехалі з краіны ці зьбіраюцца гэта зрабіць.
У кастрычніку 2021 году дасьледаваньне выданьня «Такие дела» і экспэртаў паказала, што за апошнія 20 гадоў з Расеі на сталае месца жыхарства ў іншыя краіны зьехалі ад чатырох да пяці мільёнаў чалавек. Пасьля 2011 году колькасьць эмігрантаў няўхільна расьце, у апошнія гады іх каля 300 тысяч. Аўтары дасьледаваньня таксама правялі апытаньне людзей, якія зьехалі з Расеі. Амаль дзьве траціны зь іх (64%) назвалі прычынай эміграцыі імкненьне да бясьпекі.