Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зоймецца сваім здароўем найперш». Што з вызваленым з калёніі Ігарам Пражэньнікавым


Суд над палітвязьнем Ігарам Пражэньнікавым, люты 2021 год

13 студзеня з калёніі ў Бабруйску вызваліўся палітвязень Ігар Пражэньнікаў. Ён адбываў пакараньне — паўтара года пазбаўленьня волі за ўдзел у «Маршы вызваленьня палітвязьняў». Марш праходзіў 4 кастрычніка 2020 году.

Пасьля акцыі Ігара затрымалі на 13 сутак, потым распачалі крымінальную справу за тое, што ён заклеіў камэру назіраньня на Акрэсьціна.

«Мы ад восьмай раніцы чакалі Ігара пад калёніяй. Мы — гэта сваякі з Магілёва і сябры Ігара зь Менску. Пасьля радаснай сустрэчы паехалі ў кавярню, выпіць гарбаты і паразмаўляць. У Ігара ў атрадзе было шмат тых, хто сядзеў „за наркотыкі“, і сыну было зь імі складана. Да „палітычных“ там спэцыфічнае стаўленьне. Кожны мае па два прафіляктычныя ўлікі і ўсё, што з гэтага выцякае», — расказала маці былога зьняволенага Іна.

Больш за ўсё па вызваленьні яе сын хоча пабыць безь людзей, без кантролю, як гэта было ў калёніі. «Ён стаміўся быць нон-стоп пад кантролем і заўсёды ў атачэньні людзей. Бо ў калёніі няма месца для асабістай прасторы ці часу „толькі для сябе“», — дадала маці.

Яе турбуе здароўе сына, бо ён працаваў на шкоднай вытворчасьці — на апрацоўцы гумы.

«Ігар адчувае, што ў яго могуць быць праблемы зь лёгкімі, раней былі праблемы з ныркамі. Цяпер яшчэ і калені баляць. Таму першым чынам мы пойдзем у паліклініку, Ігар будзе абсьледавацца. Яшчэ ён перадае вялізную падзяку ўсім людзям, якія пісалі яму, падтрымлівалі яго, гэта вельмі важна было. У бліжэйшы час, калі ён адпачне, ён сам усё напіша. Тым больш мы сёньня ўжо былі ў міліцыі, цяпер ён будзе на нейкім уліку, то невядома, што ў ягоным стане можна, а што не», — кажа маці.

Яна пераймаецца, што сын страціў час, які мог бы патраціць на працу ці адукацыю.

«Цяпер будзем зьбіраць грошы, каб хоць купіць тэлефон яму, адзеньне», — дадала Іна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG