Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працуем на карысьць беларускай студэнцкай рэвалюцыі». ЗБС расказвае, дзе шукаць дапамогі рэпрэсаваным студэнтам і выкладчыкам


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Адна з акцый пратэсту студэнтаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Адна з акцый пратэсту студэнтаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году

Задзіночаньне беларускіх студэнтаў (ЗБС) заснавалі напрыканцы 1980-х. Гэта адна з найстарэйшых моладзевых арганізацый незалежнай Беларусі. Цяпер яна прадстаўляе аб’яднаньні 16 унівэрсытэтаў краіны.

На працягу многіх гадоў ЗБС актыўна адстойвала правы і інтарэсы беларускага студэнцтва. Аднак у выніку масавых рэпрэсій, што разгарнуліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў дачыненьні да студэнтаў і выкладчыкаў, большая частка сябраў ЗБС пакінула краіну.

Як працуе арганізацыя за межамі Беларусі, мы даведаліся ў яе прадстаўнікоў.

«Нягледзячы на актыўную падтрымку эўрапейскіх інстытуцый, студэнты ўсё роўна сутыкаюцца з праблемамі»

Па словах міжнароднага сакратара ЗБС Максіма Зафранскага, большасьць актывістаў арганізацыі вучацца цяпер у Польшчы і Літве, частка зь іх знаходзіцца ў Германіі і Чэхіі, некаторыя засталіся ва Ўкраіне.

Максім Зафранскі
Максім Зафранскі

«Цяжка сказаць, колькі чалавек цяпер за мяжой, бо пасьля рэарганізацыі ЗБС ягонымі сябрамі сталі ўсе стачкамаўцы. Але колькасьць людзей не ўплывае на эфэктыўнасьць працы», — кажа Максім. — Напрыклад, я вучуся ў Румыніі, нам вядома толькі пра двух актывістаў-беларусаў у гэтай краіне. Але як міжнародны сакратар я падтрымліваю сувязь зь мясцовым студэнцкім саюзам«.

Паводле яго слоў, цяпер ЗБС актыўна супрацоўнічае з арганізацыямі розных краін. Сярод іх італьянскія, польскія (у т.л. NZS — Niezależne Zrzeszenie Studentów), нямецкія (у т.л. FZS — Free Federation of Student Unions). Зь беларускіх сумесная праца ідзе з «Честным университетом» і BeSSA (Belarusian Student Support Association).

Увагу Максім акцэнтуе на Эўрапейскім зьвязе студэнтаў (ESU), сябрам якога ЗБС зьяўляецца з 1999 году.

«ESU — наш галоўны партнэр у Эўропе. Гэта рупар, празь які мы можам прасоўваць тэму рэпрэсій у акадэмічным асяродзьдзі на вышэйшым узроўні», — тлумачыць хлопец.

Ён падкрэсьлівае, што падчас афіцыйных зьездаў ESU асьвятляліся праблемы беларускага студэнцтва і яго стану ў выгнаньні, у тым ліку ўзьнімалася пытаньне рэпрэсій ва ўнівэрсытэтах.

Максім таксама адзначыў, што справаздачы і вынікі маніторынгу ЗБС леглі ў аснову афіцыйных заяваў міжнародных акадэмічных і праваабарончых арганізацый, такіх як Scholars at Risk, European Universities Association. Тыя, у сваю чаргу, заклікалі дзеячоў міжнародных і нацыянальных арганізацый да салідарнасьці і дапамогі рэпрэсаваным сябрам беларускай акадэмічнай супольнасьці.

У 2021 годзе міжнародны сакратар ЗБС браў удзел у складаньні Хартыі правоў студэнтаў.

«У выніку доўгіх і шматбаковых перамоваў былі анансаваныя розныя стыпэндыі для рэпрэсаваных студэнтаў і выкладчыкаў, сярод якіх Hilde-Domin — ад нямецкай службы зьнешніх абменаў, EU4Belarus — стыпэндыя Эўрапейскага Зьвязу, 100 for Belarus — румынская стыпэндыя», — кажа Максім.

«У 2020–2021 гадах нарвэскае пасольства ў Вільні запрашала нас намінаваць студэнтаў і студэнтак на стыпэндыю Students at Risk у Нарвэгіі», — кажа хлопец. За два гады, паводле Максіма, ЗБС намінавала 7 чалавек.

Максім згадаў і падтрымку, якую атрымліваюць студэнты, што пакінулі краіну з прычыны перасьледу.

«Пры жаданьні самога рэпрэсаванага студэнта мы можам расказаць яго гісторыю праз нашыя сацыяльныя сеткі або партнэрскім арганізацыям. Але галоўнае, сумесна з BeSSA мы можам дапамагчы з пошукам месца для працягу/заканчэньня навучаньня ў адным з унівэрсытэтаў Эўропы. Таксама мы дапамагаем з арганізацыяй экстранай эміграцыі для студэнтаў, якія ў Беларусі знаходзяцца ў небясьпецы», — кажа ён.

Вось што Максім расказвае пра пляны арганізацыі:

«У дадзены момант у ЗБС мы заканчваем працу над справаздачай пра рэпрэсіі ў акадэмічным асяродзьдзі за 2021 год. Ідзе камунікацыя з нацыянальнымі саюзамі Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі і Румыніі па пытаньнях стыпэндыяльнай падтрымкі ў гэтых краінах. Таксама супрацоўнічаем з італьянскімі арганізацыямі ў пытаньні арганізацыі сумесных праектаў для беларускіх студэнтаў. Разам з польскім NZS плянуем актыўна працаваць над спыненьнем супрацы польскіх унівэрсытэтаў зь беларускімі ВНУ».

Максім адзначае, што не абыходзіцца без праблем.

«Напрыклад, большасьць намінантаў стыпэндыі EU4BELARUS да гэтага часу яе не атрымалі, што стварае ім дадатковыя цяжкасьці. Камунікацыя з нацыянальнымі агенцтвамі ідзе вельмі цяжка, а рашэньні, якія прымаюцца імі, пакідаюць шмат пытаньняў, бо працэс вельмі непразрысты. У сувязі з гэтым мы рыхтуем сумесны з ESU ліст у Эўракамісію і плянуем напісаць у нацыянальныя агенцтвы, адказныя за выплаты стыпэндый. Мэта — заклікаць іх да як мага хутчэйшага заканчэньня бюракратычных працэдур».

Чэхія: выстава пра «справу студэнтаў» і флэшмоб салідарнасьці

Па словах прадстаўніцы ЗБС у Чэхіі Лізаветы Даўгулевіч, як чэскі ўрад, так і акадэмічная супольнасьць актыўна падтрымліваюць беларускіх студэнтаў. Сярод іншага, для іх вылучаюць месцы на розных факультэтах, даюць стыпэндыі, распрацоўваюць спэцыяльныя праграмы навучаньня.

Лізавета Даўгулевіч
Лізавета Даўгулевіч

«Што да праведзеных ЗБС мерапрыемстваў, большасьць зь іх арганізоўвалі ў дзень гадавіны „чорнага чацьвярга“ 12 лістапада, калі затрымалі фігурантаў „справы студэнтаў“. Таксама праводзілася выстава карцін і фатаздымкаў беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Чэхіі, прысьвечаная пратэстам, — кажа Лізавета. — У Празе арганізавалі паказ фільму, створанага юрфакам БДУ, пра падзеі ў Беларусі, зьвязаныя са студэнцтвам».

Самы глябальны студэнцкі праект у Чэхіі, па словах Лізаветы, мае назву 11+1.

«Ён пра „справу студэнтаў“, — кажа Лізавета Даўгулевіч. — 11 чэскіх студэнтаў аднае ВНУ і адна выкладчыца сфатаграфаваліся з партрэтамі асуджаных і расьпісаліся на раздрукаваных фота. Пазьней фота выкладваюць у фэйсбук, і гэтая эстафэта перадаецца ва ўнівэрсытэты іншых гарадоў. Такі прыгожы флэшмоб атрымліваецца».

Польшча: супраца са студэнцкімі саюзамі і шматтысячная пэтыцыя

Пра працу ЗБС у гэтай краіне расказвае прадстаўніца арганізацыі Надзея Сядун.

Надзея Сядун
Надзея Сядун

«Цяпер мы спрабуем больш кантактаваць са студэнцкімі парлямэнтамі і абрастаць кантактамі польскіх студэнцкіх актывістаў. Шмат працуем па розных кірунках зь Незалежным задзіночаньнем студэнтаў Польшчы. Яны гатовыя нам дапамагаць і зь легалізацыяй, і з арганізацыяй мерапрыемстваў. Таксама рабілі сустрэчу з актывістамі, якія ў 80-я гады змагаліся за вольную Польшчу, і працягваем зь імі супрацоўнічаць», — кажа дзяўчына.

ЗБС пераконвае польскія ўнівэрсытэты спыніць супрацу з установамі ў Беларусі з прычыны рэпрэсій супраць студэнтаў і выкладчыкаў. Для гэтага падрыхтаваная адмысловая пэтыцыя, пад якой падпісаліся больш за 22 тысячы чалавек.

«Перасьлед моладзі не спыняецца. І мы лічым, што акадэмічная супольнасьць Польшчы ня можа падтрымліваць тых, хто рэпрэсуе студэнтаў», — тлумачыць Надзея.

Па словах Надзеі, сябры ЗБС у Польшчы, сярод іншага, выступалі перад кіраўніцтвам NZS, рабілі выставу ва Ўнівэрсытэце Адама Міцкевіча ў Познані да 12 лістапада, падтрымлівалі студэнтаў, якія зьехалі зь Беларусі з прычыны перасьледу.

«Цяпер мы пачалі кантактаваць з арганізацый AEGEE — Эўрапейскі студэнцкі форум. Яны будуць займацца дапамогай беларусам па розных кірунках, ад легалізацыі да псыхалягічнай дапамогі».

ЗБС у Польшчы таксама рыхтуе кампанію лістоў салідарнасьці.

«Будзем дапамагаць польскім студэнтам пісаць лісты нашым палітвязьням. А потым плянуем дасылаць гэтую інструкцыю ў польскія ВНУ, розным арганізацыям, каб усе яны маглі выказаць падтрымку тым, хто цяпер у Беларусі за кратамі», — кажа Надзея Сядун.

Літва: бясплатныя месцы і стыпэндыі ва ўнівэрсытэтах

Дар'я Рублеўская
Дар'я Рублеўская

«Літоўскія ўнівэрсытэты былі аднымі зь першых, хто пачаў прапаноўваць бясплатныя месцы, стыпэндыі рэпрэсаваным беларусам. Гэта ЭГУ, унівэрсытэт у Коўне і іншыя, — кажа Дар’я Рублеўская, сакратарка зьнешніх сувязяў ЗБС.

Па яе словах, сумесных акцый салідарнасьці ЗБС з замежнымі студэнтамі не было.

«Літоўскія студэнты даволі апалітычныя ў гэтым пляне. То бок яны моцна суперажываюць, слухаюць гісторыі, цікавяцца, але да нейкіх актыўных дзеяньняў не гатовыя», — тлумачыць Дар’я.

«Але Літва і не ў прыярытэце ў пляне міжнародных і зьнешніх сувязяў і адукацыі на карысьць беларускага студэнцтва. У нас ёсьць сувязь зь літоўскай нацыянальнай моладзевай радай, — расказвае дзяўчына. — З замежнымі ўнівэрсытэтамі мы неяк не ўзаемадзейнічаем, хутчэй яднаемся разам і працягваем працаваць на карысьць беларускай студэнцкай рэвалюцыі. Таму мы ня ставілі асаблівых мэтаў і плянаў. Будзем рабіць шэраг праектаў, мерапрыемстваў да адаптацыі беларускіх студэнтаў на месцы і для ўзаемадзеяньня і камунікацыі паміж сабой».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG