Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра новыя вучэньні каля мяжы з Украінай і Беларусьсю


Міністэрства абароны РФ накіравала тры тысячы вайскоўцаў і 300 адзінак баявой тэхнікі на вучэньні да межаў з Украінай.

Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу Заходняй вайсковай акругі.

Вучэньні пройдуць на палігонах у Варонескай, Белгарадзкай і Бранскай абласьцях. Вайскоўцаў адправілі таксама ў Смаленскую вобласьць, якая мяжуе не з Украінай, а зь Беларусьсю.

Сярод ваеннай тэхнікі каля межаў у тым ліку разьмешчаныя танкі Т-72Б3 і баявыя машыны пяхоты БМП-2.

Напярэдадні газэта The New York Times са спасылкай на амэрыканскіх чыноўнікаў паведаміла, што Расея накіравала да заходніх межаў баявыя і транспартныя верталёты. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна прыцягнула метэаролагаў, каб спрагназаваць магчымы час уварваньня Расеі ва Ўкраіну. Паводле іх дадзеных, расейскія ўлады ссунулі тэрмін магчымага нападу на Ўкраіну бліжэй да лютага праз адносна мяккую зіму.

Аналітыкі мяркуюць, што наступленьне Расеі, калі яно заплянаванае, можа адбыцца да пачатку вясны, пакуль гразь на дарогах, выкліканая пацяпленьнем, не ўскладніць перамяшчэньне цяжкай ваеннай тэхнікі.

  • Паводле зьвестак амэрыканскай выведкі на 7 студзеня, каля мяжы Раскі з Украінай знаходзяцца каля 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Таксама там заўважылі дадатковыя баявыя самалёты.
  • Заходнія СМІ паведамляюць пра магчымае ўварваньне з восені 2021 году. Расейскія ўлады адмаўляюць магчымасьць уварваньня і заяўляюць, што перасоўваньне вайскоўцаў унутры краіны — гэта «сувэрэннае права» Расеі. Паведамленьні аб уварваньні Масква называе «беспадстаўным нагнятаньнем напружанасьці».
  • На фоне магчымасьці ўварваньня ўлады Расеі пачалі перамовы з ЗША і NATO аб гарантыях бясьпекі ў Эўропе. Згодна з расейскімі патрабаваньнямі, ЗША не павінны ствараць ваенныя базы на тэрыторыі краінаў былога Савецкага Саюза, якія не ўваходзяць у NATO, а альянс павінен спыніць пашырэньне на ўсход. У прыватнасьці, Расея выставіла патрабаваньне не прымаць у NATO Украіну. Прадстаўнікі NATO ўжо назвалі такія патрабаваньні непрымальнымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG