Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшаў палітвязень, асуджаны за тое, што бараніў выяву нацыянальнага сьцяга


Васіль Пілец падчас суду, фота «Вясны»
Васіль Пілец падчас суду, фота «Вясны»

11 студзеня на волю выйшаў палітзьняволены гарадзенец Васіль Пілец. Ён цалкам адбыў пакараньне — 1 год «хіміі», паведамляе «Вясна».

40-гадовы гарадзенец Васіль Пілец быў затрыманы 10 траўня 2021 году. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта штурхануў агрэсіўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і актывістаў руху «Антывандал» Аляксандра Галахава і Вольгу Бондараву, калі тыя зафарбоўвалі выяву бел-чырвона-белага сьцяга.

Канфлікт узьнік летась 14 сьнежня ў Горадні. Васіль Пілец гуляў з сынам і сабакам па вуліцы. Убачыў, што Бондарава і ейны паплечнік Галахаў зафарбоўваюць на тратуары нацыянальныя сьцягі. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Пілец штурхаў Бондараву, сарваў маску з паплечніка, перакуліў бляшанку з фарбай.

Пілец не прызнаў віны, а паказанае ў судзе відэа пацьвердзіла, што ягоныя дзеяньні «насілі характар самаабароны», лічаць праваабаронцы.

Пад варту Васіля Пільца ўзялі з пацьверджаным каранавірусам і запаленьнем лёгкіх. Бондарава і Галахаў — прадстаўнікі незарэгістраванага праўладнага руху «Антивандал» — праходзілі ў справе як пацярпелыя. Цялеснымі пашкоджаньнямі палічылі «прычынены боль».

Судом Кастрычніцкага раёну Горадні 12 лютага Васіль Пілец быў асуджаны да аднаго году «хатняй хіміі», але пасьля пратэсту пракурора яму зьмянілі пакараньне на 1 год «хіміі». Пакараньне ён адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу № 29 у Ваўкавыску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG