Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Латушка: «Дэмакратыя і свабода ня могуць быць пабудаваныя ў дзяржаве, якая знаходзіцца пад пратэктаратам імпэрыі»


Павал Латушка

Кіраўнік НАУ Павал Латушка ня лічыць магчымым свабоду і дэмакратыю ў Беларусі пры захаваньні ўплыву Масквы на краіну. У якасьці прыкладу палітык прывёў Казахстан.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ), былы чыноўнік і дыплямат Павал Латушка перасьцярог ад аднаўленьня імпэрыі, якой хочуць у Маскве. На яго думку, улады зрабілі з тых падзей «простыя высновы ў стылі таталітарнага сталінскага рэжыму — зьнішчыць усе незадаволеныя клясы, здольныя ствараць вобраз будучыні краіны, і запалохаць тых, хто падтрымлівае перамены».

Цяпер, перакананы кіраўнік НАУ, важна зразумець, як беларускае грамадзтва ў цэлым «можа зноў вярнуць сабе суб’ектнасьць і ўплываць на ўнутраныя працэсы», паколькі «аказваць уплыў на рэжым Лукашэнкі і вымушаць яго рабіць памылкі» зараз могуць толькі «прадстаўнікі падпольнага руху ўнутры Беларусі і дэмакратычных сіл, якія знаходзяцца за яе межамі».

«Прыклад Казахстану, на жаль, паказвае нам тое, што нават калі частка грамадзтва настроена на актыўныя дзеяньні для супрацьстаяньня, то вынікам гэтага можа стаць інтэрвэнцыя замежных узброеных сіл. Ці мог такі сцэнар чакаць Беларусь у 2020 годзе? Тое, што паступова адбываецца наступныя паўтара года — зьнішчэньне дзяржаўнасьці, яе атрыбутаў, у тым ліку нацыянальнай культуры, мовы і нашай ідэнтычнасьці, адбывалася б яшчэ больш імкліва пад руляй аўтаматаў інтэрвэнтаў», — адзначыў Латушка.

На яго думку, новыя «парасткі актыўнасьці і грамадзянскай волі» ва ўмовах «прыгнечаньня іншадумства, запалохваньня, прапагандысцкай апрацоўкі і гвалту» могуць прарасьці, калі народ усьвядоміць, што «лёс Беларусі знаходзіцца ў нашых руках».

«Але дзеля таго, каб адстойваць сваю свабоду ў барацьбе з Лукашэнкам, які ўзурпаваў уладу, нам трэба ўсьвядоміць, што дэмакратыя і свабода ня могуць быць пабудаваныя ў дзяржаве, якая знаходзіцца пад пратэктаратам імпэрыі. Імпэрыі не прызнаюць такія паняцьці, як свабода, дэмакратыя і правы чалавека, а таксама ня лічаць, што народы здольныя самастойна выбіраць свой шлях разьвіцьця. Імпэрыя зноў спрабуе зьбіраць землі, пазбаўляе народы права выбару і марыць пра войны».

Латушка заявіў, што сёньня народы былога СССР «стаяць перад агульным выклікам», іх свабода і будучыня пад пагрозай, таму «важна аб’яднацца, каб супрацьстаяць гэтай пагрозе разам».

Раней АДКБ, у тым ліку Беларусь, увяла ў Казахстан свае войскі. Афіцыйна заяўлена, што яны будуць ажыцьцяўляць выключна «міратворчую місію», ахоўваючы стратэгічныя аб’екты, уключна з аэрадромамі, касмадромам, урадавымі будынкамі. Але крытыкі ўваходжаньня кантынгенту ў Казахстан заяўляюць пра «вайсковую інтэрвэнцыю», прадыктаваную Масквой.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG