Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць выпадкаў COVID-19 у сьвеце перавысіла 303 мільёны. У Эўропе ствараюць дадатковыя аддзяленьні для хворых


Колькасьць зарэгістраваных выпадкаў заражэньня каранавірусам COVID-19 у сьвеце на 8 сьнежня перавысіла 303, 3 мільёны чалавек, сьведчаць дадзеныя амэрыканскага ўнівэрсытэта Джонса Хопкінса.

Ад пачатку пандэміі ў сьвеце пасьля заражэньня COVID-19 памерлі 5 481 495 чалавек.

Лідэрства па колькасьці інфікаваных і памерлых ад COVID-19 захоўваюць ЗША, дзе за ўвесь час выяўлена 59 мільёнаў 388,6 тысяч інфікаваных і зафіксавана 836,6 тысяч сьмерцяў ад COVID-19. Другое месца па колькасьці інфікаваных займае Індыя — 35 мільёнаў 368 тысяч чалавек, колькасьць памерлых — 483 463. На трэцім месцы па колькасьці выпадкаў COVID-19 — Бразылія: у краіне заразіліся ўжо 22 млн 328 тысяч чалавек, зь іх памерлі 619 654.

У Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі Мінздароўя, за апошнія суткі:

  • зарэгістравалі — 1 184 пацыентаў з COVID-19,
  • выпісалі — 1 243 чалавек,
  • памерлі 14 чалавек.

Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана 707 714 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, памерлі 5 699 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй. У Беларусі ўвялі абавязковую вакцынацыю ад каранавірусу дзяцей 12–17 гадоў.

«Омікрон» у Эўропе: краіны ствараюць дадатковыя аддзяленьні для хворых і апасаюцца недахопу мэдыкаў

Краіны Эўропы з усіх сіл спрабуюць падтрымаць сыстэмы аховы здароўя, якія адчуваюць цяжкасьці з прычыны недахопу пэрсаналу, што зьвязана з распаўсюдам новага варыянту каранавірусу «Омікрон», які больш лёгка перадаецца, піша агенцтва Associated Press.

Міністар аховы здароўя Вялікай Брытаніі Саджыд Джавід папярэдзіў, што колькасьць шпіталізацый расьце, а Нацыянальную службу аховы здароўя чакае «некалькі цяжкіх тыдняў». Каля 200 вайскоўцаў накіравалі ў брытанскія лякарні на фоне надзвычайнага недахопу пэрсаналу з прычыны хваробы супрацоўнікаў.

Францыя ў сераду абвясьціла пра ашаламляльныя 332 252 выпадкі каранавірусу ў дзень, што зьяўляецца самай высокай у Эўропе колькасьцю пацверджаных выпадкаў COVID-19 за адзін дзень. Улады Францыі на гэтым тыдні пачалі дазваляць мэдработнікам, якія заразіліся каранавірусам, але маюць мала сымптомаў або зусім іх ня маюць, працягваць лекаваць пацыентаў, а не самаізалявацца.

Улады ў Палерма (Італія) стварылі дапаможныя памяшканьні каля трох бальніц, каб зьменшыць нагрузку на аддзяленьне неадкладнай дапамогі і дазволіць брыгадам хуткай дапамогі хутка разьмясьціць пацыентаў на ложках, каб не пакідаць іх чакаць на паркоўцы. «Мы цалкам загружаныя», — кажа Тыцыяна Маніскалічы, мэнэджар бальніцы ў Палерма, і дадае, што лякарні былі змушаныя ўсталяваць дадатковыя аддзяленьні неадкладнай дапамогі ў намётах, паколькі магутнасьцяў аддзяленьня неадкладнай дапамогі было недастаткова. Італія паведамляе аб рэкордных штодзённых новых выпадках захворваньня на COVID-19, якія дасягнулі 219 тысяч 7 студзеня.

Нідэрлянды на працягу некалькіх тыдняў знаходзяцца ў строгім лакдаўне — гэты крок накіраваны на тое, каб аслабіць ціск на перагружаныя бальніцы і выйграць час для павольнага пачатку кампаніі па стымуляваньні вакцынацыі. Нягледзячы на лакдаўн, на гэтым тыдні ў краіне дасягнутая рэкордная колькасьць заражэньняў.

Урад Грэцыі 7 студзеня выдаў загад аб грамадзянскай мабілізацыі, які набудзе моц 12 студзеня і абавяжа некаторых прыватных лекараў падтрымліваць дзяржаўную службу аховы здароўя ў 4 паўночных рэгіёнах, дзе дзяржаўныя бальніцы адчуваюць востры недахоп кадраў.

Лідары Нямеччыны пагадзіліся ў пятніцу ўзмацніць патрабаваньні да ўваходу ў рэстараны і бары і вырашылі скараціць пэрыяды карантыну і самаізаляцыі.

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя 6 студзеня паведаміла, што за апошні тыдзень ва ўсім сьвеце было зафіксаваныя рэкордныя 9,5 мільёна выпадкаў COVID-19, што на 71% больш, чым за папярэдні тыдзень. Аднак, колькасьць зарэгістраваных сьмерцяў зьменшылася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG