Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва «Ежа замест бомбаў» паведаміла, што прыпыняе працу


Архіўнае фота. Актывісты руху «Ежа замест бомбаў» раздаюць ежу і гарбату бяздомным, 2012 год
Архіўнае фота. Актывісты руху «Ежа замест бомбаў» раздаюць ежу і гарбату бяздомным, 2012 год

Прадстаўнікі ініцыятывы «Ежа замест бомбаў», валянтэры якой раздавалі ежу бяздомным, прыпыняюць працу ініцыятывы. Пра гэта яны паведамілі ў сацсетках 8 сьнежня.

«У новы год мы ўваходзім на даволі сумнай ноце, паведамляючы вам аб часовым спыненьні падтрыманьня ініцыятывы. Відавочна, што паняцьце „часовае“ — эфэмэрнае; і дакладных датаў у нас няма і яны ня зьявяцца ў найбліжэйшай будучыні», — гаворыцца ў паведамленьні актывістаў.

Па словах прадстаўнікоў ініцыятывы, на гэты крок іх падштурхнулі «пэўныя падзеі, якія адбыліся з удзельнікамі і ўдзельніцамі ініцыятывы раней, асабістыя матывы і «ўсьведамленьне таго, што зараз мы ня можам існаваць як „Ежа замест бомбаў“, а нашы паўмеры — скокі пад дудку рэжыму, якія рана ці позна скончацца перасьледам актывістаў за іх палітычную пазыцыю».

У той жа час прадстаўнікі ініцыятывы адзначаюць, што працягнуць адстойваць свае прынцыпы, «але пакуль ня зь „Ежай замест бомбаў“», і дзякуюць усім неабыякавым, хто наведваў іх акцыі.

«Ежа замест бомбаў» — гэта сусьветная ініцыятыва і незалежны рух, які бясплатна раздае ежу бедным і людзям, якія жывуць у нястачы. На свае грошы актывісты купляюць і гатуюць ежу і потым раздаюць яе «тым, хто ня мае свайго жытла і галодны». Ініцыятыва зьявілася ў 1980-х гадах у ЗША.

Валянтэраў, якія ўдзельнічалі ў акцыях «Ежа супраць бомбаў» у Беларусі, неаднойчы затрымлівала міліцыя, ім нават прысуджалі «суткі» па «палітычных» артыкулах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG