Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстаў у сталіцы няма. Што адбываецца ў Казахстане


Паліцыя ў Казахстане

Рэпартэры Радыё Свабода ў Нур-Султане паведамляюць, што пратэстаў у сталіцы няма. У горадзе шмат паліцыянтаў, прыпаркаваных уздоўж вуліц аўтазакаў, а будынак адміністрацыі вобласьці (акімат) ахоўваюць атрады спэцназу.

Раней апазыцыйны палітык Мухтар Аблязаў, які жыве ў Францыі, заклікаў грамадзян выйсьці на мітынг да акімату апоўдні. Цяпер да будынка, дзе сядзяць сталічныя чыноўнікі, падысьці нельга.

Журналісты сталі сведкамі затрыманьняў трох чалавек у розных частках гораду, аднак прычыны хапаньня людзей на вуліцах невядомыя.

У цэнтры Алма-Аты раніцай 5 студзеня аднавіліся сутыкненьні ўдзельнікаў акцыяў пратэсту з паліцыянтамі. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Інтэрфаксу. Супрацоўнікі паліцыі прымяняюць да дэманстрантаў спэцсродкі.

Цэнтральная плошча перакрытая БТРамі. У розных канцах гораду чуваць выбухі сьвятлашумавых гранат, паведамляюць агенцтву відавочцы. Шэраг СМІ называюць тое, што адбываецца, «вулічнымі баямі». Удзельнікі пратэстаў падпальваюць паліцэйскія аўтамабілі.

У горадзе не працуе грамадзкі транспарт, прыпынкі перапоўнены людзьмі, якія спрабуюць паехаць на працу.

Прэзыдэнцкі палац у Нур-султане
Прэзыдэнцкі палац у Нур-султане

У горадзе Актэбе на паўночным захадзе Казахстану супрацоўнікі паліцыі адмовілася затрымліваць дэманстрантаў, заявіўшы, што яны «з народам», перадае Інтэфакс. Паліцыянты стаяць каля будынка акімату, дзе з учорашняга вечара сабраліся каля 100 чалавек, якія патрабуюць сустрэчы з акімам.

На плошчы Ынтымак у Актаў стаяць тысячы людзей. Яны патрабуюць спыніць перасьлед пратэстоўцаў

Плошча ў Актаў, 5 студзеня
Плошча ў Актаў, 5 студзеня

На цэнтральнай плошчы Актаў, адміністрацыйнага цэнтру Мангістаўскай вобласьці, працягваюць стаяць тысячы дэманстрантаў, нягледзячы на абяцаньне ўладаў зьнізіць цэны на звадкаваны газ па патрабаваньні пратэстоўцаў. Паводле ацэнкі карэспандэнта Радыё Свабода, на плошчы раніцай 5 студзеня знаходзілася каля шасьці тысяч чалавек.

У Жанаэзене, дзе 2 студзеня пачаліся сёлетнія пратэсты, якія затым ахапілі іншыя гарады, людзі таксама працягваюць знаходзіцца на плошчы.

Жанаэзенцы выстаўляюць палітычныя патрабаваньні: поўная адстаўка ўраду, зьмяненьне выбарчага заканадаўства для допуску да выбараў незалежных кандыдатаў-самавылучэнцаў, абмежаваньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту, вяртаньне да Канстытуцыі 1993 году.

Плошча ў Карагандзе, дзе ў ноч на 5 студзеня мітынгавалі ў знак салідарнасьці сотні жыхароў, раніцай у сераду была пустая. Інфармацыі аб затрыманьні ўдзельнікаў акцыі пакуль няма. Але некаторыя актывісты недаступныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG