Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 студзеня: 2 гады «хіміі» за абразу інспэктара ДАІ


Суд Аршанскага раёну і Воршы

У Беларусі і на пачатку 2022 году працягваюць выносіць абвінаваўчыя прысуды за абразы сілавікоў.

«Хімія» за абразу інспэктара ДАІ

У Воршы вынесьлі прысуд Сяргею Парфяненкаву, якога абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу, піша «Вясна». Згодна з матэрыяламі сьледзтва, мужчына ў «Аднаклясьніках» пакінуў камэнтар пра супрацоўніка ДАІ, які спыняў і штрафаваў аршанскіх пратэстоўцаў.

У прыватнасьці, Парфяненкаў напісаў слова «мразь» і некалькі іншых словаў, якія суд палічыў непрыстойнымі.

Судзьдзя Дзьмітры Разумовіч прызначыў Сяргею пакараньне ў выглядзе 2 гадоў «хіміі», а таксама пастанавіў выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 1750 рублёў «маральнай кампэнсацыі».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG