Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталыя чальцы Рады бясьпекі ААН заявілі пра недапушчальнасьць ядзернай вайны


Выбух атамнай бомбы ў Хірасіме, 6 жніўня 1945 г.

Пяць дзяржаў — сталых чальцоў Рады бясьпекі ААН, у тым ліку ЗША і Расея, выступілі з сумеснай заявай аб прадухіленьні ядзернай вайны і недапушчэньні гонкі ўзбраеньняў.

Заява апублікавана, у прыватнасьці, на сайтах Белага дому і Крамля.

Заяву зрабілі на фоне абвастрэньня сытуацыі вакол Украіны — дзяржавы Захаду лічаць, што Расея можа рыхтаваць поўнамаштабную атаку на гэтую краіну. Масква гэта адмаўляе. Пры гэтым на фоне росту напружанасьці Масква выступіла з патрабаваньнямі «гарантый бясьпекі» для Расеі, перамовы аб якіх павінны пачацца ў студзені.

Як гаворыцца ў апублікаванай 3 студзеня сумеснай заяве, Расея, ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія і Кітай як краіны, якія валодаюць ядзерным арсэналам, «лічаць сваёй першачарговай адказнасьцю недапушчэньне вайны паміж дзяржавамі, якія маюць ядзерную зброю, і зьніжэньне стратэгічных рызык».

У заяве таксама паўторана фармулёўка, якая выкарыстоўвалася яшчэ ў часы савецка-амэрыканскіх перамоваў аб раззбраеньні — «у ядзернай вайне ня можа быць пераможцаў, і яна ніколі не павінна быць разьвязаная». Бакі таксама падкрэсьлілі важнасьць захаваньня двухбаковых і шматбаковых пагадненьняў і абавязаньняў у сфэры нераспаўсюду ўзбраеньняў, раззбраеньня і кантролю над узбраеньнямі.

  • Падчас тэлефонных перамоваў 30 сьнежня паміж прэзыдэнтамі ЗША і Расеі Джо Байдэн неаднаразова заяўляў пра недапушчальнасьць ядзернай вайны.
  • Патрабаваньні гарантый бясьпекі, якія ўключаюць у сябе, у прыватнасьці, адмову ад прыняцьця Ўкраіны ў NATO, Пуцін раней абгрунтаваў тым, што ў выпадку разьмяшчэньня ва Ўкраіне амэрыканскіх ядзерных ракет іх падлётны час да Масквы скароціцца да 5–7 хвілін. ЗША ніколі не заяўлялі пра намер разьмяшчаць ва Ўкраіне ракеты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG