Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн паабяцаў Зяленскаму рашучы адказ пры ўварваньні Расеі


Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн увечары 2 студзеня правёў тэлефонную размову з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім, падчас якой паабяцаў даць рашучы адказ у выпадку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

«Прэзыдэнт Байдэн ясна даў зразумець, што ЗША разам з саюзьнікам і партнэрамі рашуча адкажуць, калі Расея ў будучыні ўварвецца ва Ўкраіну», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Белага дома Джэн Псакі.

Байдэн і Зяленскі выказаліся ў падтрымку дыпляматычных намаганьняў у вырашэньні сытуацыі, у тым ліку праз кантакты Расеі з NATO і АБСЭ. Байдэн таксама паабяцаў, што Вашынгтон ня будзе прымаць рашэньняў, якія тычацца Ўкраіны, бязь ведама Кіева.

Прэзыдэнт Украіны пасьля размовы з Байдэнам сказаў, што шануе «непахісную падтрымку» Ўкраіны.

Зяленскі паведаміў, што падчас гутаркі абмяркоўваліся і ўнутраныя справы Ўкраіны, у тым ліку правядзеньне рэформаў і барацьбу з алігархамі.

30 сьнежня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правялі другую тэлефонную размову ў гэтым месяцы. Паводле інфармацыі Крамля, у гутарцы з Байдэнам Пуцін даў зразумець, што прыняцьце новых санкцый супраць Расеі ў выпадку эскаляцыі сытуацыі вакол Украіны «стала б вельмі сур’ёзнай памылкай, якая фактычна пагражае поўным разрывам расейска-амэрыканскіх адносін».

Байдэн паведаміў, што падчас перамоваў з Пуціным 30 сьнежня было яшчэ раз узгоднена правядзеньне амэрыкана-расейскіх перамоваў у Жэнэве 9-10 студзеня, а таксама паседжаньня Рады NATO — Расея 12 студзеня ў Брусэлі і перамоваў у рамках АБСЭ 13 студзеня.

Выведкі краінаў NATO западозрылі Расею ў падрыхтоўцы поўнамаштабнага наступу ва Ўкраіне. Крэмль гэтыя пляны катэгарычна адмаўляе і, у сваю чаргу, настойвае на гарантыях бясьпекі ад NATO. Масква, па словах Пуціна, дамагаецца «цьвёрдых прававых гарантый, якія выключаюць прасоўваньне NATO на ўсход і разьмяшчэньне пагрозьлівых сыстэм узбраеньня ў непасрэднай блізкасьці ад расейскіх межаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG