Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глябальная рада імамаў забараніла мусульманам ехаць на Алімпіяду ў Пэкіне


Заклік да байкоту Алімпіяды ў Пэкіне на вулічнай акцыі

Такую заяву імамы зрабілі таму, што ў рэгіёне Сіньцзян кітайскія ўлады працягваюць зьдзекавацца з уйгураў і іншых мусульманскіх народаў.

Зімовая Алімпіяда ў Кітаі пройдзе з 4 па 20 лютага ў сталіцы краіны Пэкіне. Аднак у заяве Глябальнай рады імамы заявілі, што мусульманам забараняецца ехаць на Алімпіяду. Такім чынам рада вырашыла падтрымаць кітайскіх мусульман у Сіньцзяне, якія зазнаюць з боку мясцовых уладаў «прыгнёт, катаваньні і дыктатуру».

Заяву падпісалі муфтыі Расеі, Аману, Эгіпту, Босьніі і Герцэгавіны, Індыі, Каўказу і тэалягічнай вучэльні Аль-Азгар у Каіры, а таксама прэзыдэнт Усясьветнага кангрэсу уйгураў.

«Кітайскі ўрад працягвае парушаць асноўныя правы кітайскіх мусульман і правы чалавека праз прыгнёт, катаваньні і дыктатуру. Уладай, дадзенай Радзе Сьвяшчэннай ісламскай сэмінарыяй Наджафа і выбітнымі муфтыямі ісламскага сьвету, Глябальная рада імамаў пастанавіла, што ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Пэкіне-2022 забаронены. Гэтая падзея непасрэдна служыць інтарэсам тыранічнага і дэспатычнага рэжыму, які нясе адказнасьць за генацыд і этнічныя чысткі уйгураў. Мы вітаем павелічэньне лічбы арганізацый, якія байкатуюць Алімпіяду», — гаворыцца ў заяве.

Раней ЗША і яшчэ шэраг краін аб’явілі Гульням у Пэкіне дыпляматычны байкот.

Мусульмане Кітаю, асабліва ў раёне Сіньцзяну, абвінавачваюць улады ва ўжываньні прымусовай працы, масавым інтэрнаваньні, прымусовым кантролі над нараджальнасьцю, сьціраньні культурнай і рэлігійнай тоеснасьці карэнных народаў, разлучэньні дзяцей са зьняволенымі бацькамі. Міжнародныя праваабарончыя групы, што працуюць у Кітаі, называюць такую палітыку «генацыдам», некалькі ўрадаў краін Захаду ўвялі санкцыі супраць шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў Сіньцзяну.

Пэкін абвяргае абвінавачаньні, называючы свае дзеяньні «барацьбой з экстрэмізмам», а лягеры, куды заключаюць уйгураў, казахаў і кіргізаў, — «цэнтрамі перавыхаваньня».

На Ўсясьветным уйгурскім кангрэсе, які праходзіў у Празе 12-14 лістапада 2021 году, мусульмане заклікалі да ўзмацненьня глябальнага ціску на Кітай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG