Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля размовы прэзыдэнта Ізраілю з Лукашэнкам зь беларускай турмы вызвалілі ізраільскую адвакатку


Сьледчы ізалятар № 1 ГУУС Менску, архіўнае фота
Сьледчы ізалятар № 1 ГУУС Менску, архіўнае фота

Улады Беларусі вызвалілі арыштаваную ізраільскую адвакатку Маю Райтэн-Столь. Пра гэта паведаміў гісторык Аляксандар Фрыдман з спасылкай на 12-ы канал ізраільскай тэлевізіі.

Фрыдман зьвязвае гэтае вызваленьне зь нядаўнім званком ізраільскага прэзыдэнта Іцхака Герцага Аляксандру Лукашэнку.

27 сьнежня БелТА паведамляла, што Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Ізраілю Іцхак Герцаг у тэлефоннай размове абмеркавалі двухбаковыя адносіны Беларусі і Ізраіля і кірункі іх разьвіцьця, а таксама комплекс гуманітарных пытаньняў.

«Яна ўжо пакінула Беларусь і ляціць у Ізраіль. У Беларусі аб яе вызваленьні не паведамлялася. Гісторыя Райтэн-Столь — пасланьне Лукашэнкі краінам Захаду: у Менску гатовыя да наўпроставых перамоваў аб лёсе зьняволеных, а званок самому Лукашэнку дазволіць апэратыўна вырашыць праблемы. Пры гэтым, аднак, трэба падкрэсьліць адну важную асаблівасьць: справа Райтэн-Столь ня мела палітычнага характару», — піша Аляксандар Фрыдман у сваім тэлеграм-канале.

Пра тое, што ізраільская адвакатка вызваленая з-пад варты ў чацьвер, 30 сьнежня, і адпраўляецца ў Ізраіль, паведамляе і выданьне Ynet.

Грамадзянка Ізраіл юМая Райтэн-Столь у Беларусь прыляцела 11 лістапада для аказаньня юрыдычнай дапамогі ізраільскаму бізнэсоўцу. Падчас мытнага агляду ў аэрапорце ў яе асабістых рэчах знайшлі 2,5 грама канабісу. У жанчыны быў на яго мэдычны дазвол, але ў Беларусі гэтая папера ня мае сілы.

Адвакатка знаходзілася ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. У лісьце на волю Мая прасіла пакласьці канец пакутам яе і сям’і.

«Я не магу больш заставацца тут, я не працягну доўга, — цытуе ліст ізраільскі сайт. — Я адрэзана ад усіх зносінаў з навакольным сьветам».

Жанчына зьвярнулася да ізраільскіх чыноўнікаў з просьбай дапамагчы вызваліць яе. Яна заклікала іх «дзейнічаць з усёй энэргіяй, каб пакласьці канец гэтаму пеклу», празь якое яна праходзіць у СІЗА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG