Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільская адвакатка, якую трымаюць у менскім СІЗА за мэдыцынскі канабіс, просіць выратаваць яе з «гэтага пекла»


Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менска, дзе ўтрымліваюць грамадзянку Ізраіля Маю Райтэн.

Грамадзянка Ізраіля Мая Райтэн у Беларусь прыляцела 11 лістапада для аказаньня юрыдычнай дапамогі ізраільскаму бізнэсоўцу.

Падчас мытнага агляду ў аэрапорце ў яе асабістых рэчах знайшлі 2,5 грама канабісу. У жанчыны быў на яго мэдыцынскі дазвол, але ў Беларусі гэтая папера ня мае сілы.

Ізраільскія СМІ апублікавалі ліст зь СІЗА адваката Маі Райтэн, якую месяц таму затрымалі ў менскім аэрапорце з 2,5 грама мэдыцынскага канабісу.

Больш за месяц адвакатка знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Дома яе вызваленьня чакаюць сваякі і двое дзяцей. У лісьце, які яна адправіла на волю, Мая просіць пакласьці канец пакутам яе і сям’і.

«Я не магу больш заставацца тут, я не працягну доўга, — цытуе ліст ізраільскі сайт. — Я адрэзана ад любых зносін з навакольным сьветам».

Жанчына знаходзіцца ў адной камэры з трыма жанчынамі. Ніхто зь іх не ведае ангельскай, таму Маі няма з кім нават пагаварыць. Яна таксама расказала аб праблемах са здароўем — кожны дзень ёй робяць укол, аднак беларускія лекі не дапамагаюць ад некалькіх хранічных хвароб, а ізраільскіх няма.

Жанчына зьвярнулася да ізраільскіх чыноўнікаў з просьбай дапамагчы вызваліць яе. Яна заклікала іх «дзейнічаць з усёй энэргіяй, каб пакласьці канец гэтаму пеклу», празь якое яна праходзіць у СІЗА.

У МЗС Ізраіля паведамілі, што з дня арышту Маі Райтэн падтрымліваюць зь ёй сувязь па дыпляматычных каналах:

«Амбасадар Ізраіля ў Менску Алекс Гольдман-Шэйман наведаў Маю Райтэн у турме. Міністэрства замежных спраў Ізраіля падтрымлівае кантакты зь сямʼёй і юрыстамі ў Ізраілі і Беларусі, і будзе працягваць аказваць усебаковае садзейнічаньне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG