Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яфім Фіштэйн: «Пуціну патрэбна фікцыя Беларусі. Лукашэнку ўжо нельга лічыць самастойным кіраўніком»


Беларуская дыяспара ў Кіеве пратэстуе супраць інтэграцыі, 7 сьнежня 2019 году

Чаму Пуцін дазваляе сабе рэваншысцкія заявы пра падзелены народ і гістарычныя расейскія тэрыторыі? Ці шчыра ў Крамлі вераць, што беларусаў і ўкраінцаў не існуе, як і іх моваў? Да чаго прывядзе беларуска-расейская інтэграцыя?

Пра гэта і пра іншае разважае былы галоўны рэдактар чэскай газэты «Lidové noviny», былы дырэктар Расейскай службы Радыё Свабода, кінадакумэнталіст і палітычны аглядальнік Яфім Фіштэйн.

Сьцісла

  • Пуцін спрабуе даказаць, што гісторыя другой паловы ХХ стагодзьдзя не заслугоўвае ні прызнаньня, ні асэнсаваньня.
  • Калі Чэхаславаччына дзялілася на дзьве дзяржавы, на чэскім баку не было ніводнага палітыка-вар’ята, які б сьцьвярджаў, што «мы з аднаго кораня».
  • Пуцін успомніў пра агульныя карані ўсходнеславянскіх народаў і вырашыў, што ім трэба жыць у адной дзяржаве. Гэта трызьненьне сабачае і да яго трэба ставіцца, як да трызьненьня.
  • Я ведаю мэнтальнасьць беларускага народу і ўпэўнены, што беларусы былі б шчасьлівыя, калі б іх пакінулі ў спакоі і далі б магчымасьць разьвівацца па-свойму.
  • Сёньня казаць, што чалавек — гэта другаснае вытворнае ад ролі і значнасьці яго дзяржавы — гэта дзікунства і элемэнт барбарства.
  • Усё ідзе ад сьвядомасьці чалавека. Калі ён уважае сябе дробнай казюркай на гіганцкім схіле Расеі, ён асуджаны глядзець на сьвет ў геапалітычных акулярах — вялікая ў нас краіна або малая, пакрыўджана нейкім суседам ці не.
  • Беларусам ня трэба тлумачыць, што веліч вымяраецца не кілямэтрамі дзяржаўнай тэрыторыі, але дасягненьнямі чалавечай думкі і чалавечай этыкі.
  • Цяперашняя расейская ўпартасьць і незгаворлівасьць, спроба «паставіць Захад на месца» — усё гэта зьвязана ня з унутранай сілай Расеі, але з слабасьцю Захаду.
  • Захад паводзіць сябе крайне слаба. І слабасьць гэтая — як самастрэл на вайне, Захад сам прычыніў сабе яе, адмовіўшыся ад большай часткі этычных палажэньняў, якія ў мінулым вызначалі яго сілу.
  • Захад наогул адмовіўся ад прынцыпу маральнай рацыі, паставіўшы ўсё пад сумненьне.
  • Калі за стол перамоваў сядае такі Захад, ён дае шулерскім прадстаўнікам аўтарытарных рэжымаў усе шанцы на выйгрыш і перамогу.
  • Праблема Захаду — яго слабасьць пры любых перамовах з Расеяй і наогул пры любых палітычных дзеяньнях адносна Расеі.
  • Цяпер да стала перамоваў прыходзіць чалавек, які прынцыпова, з самага пачатку ня ўпэўнены ў сваёй рацыі, ён хутчэй гатовы прызнаць рацыю супрацьлеглага боку.
  • Прызнаныя межы дзяржаваў — гэта не прызнаньне шчасьця, дабрабыту ці росквіту — гэта проста гарантыя міру.
  • Як толькі мы пачынаем казаць, што межы могуць быць перагледжаныя, гэта гарантаваная вайна праз кароткі прамежак часу.

«Лічыць прыналежнасьць да ўсходніх славян падставай для знаходжаньня у адзінай дзяржаве — гэта поўная дзікасьць»

— Вы нарадзіліся ў Кіеве і зь дзяцінства ведаеце, хто такія ўкраінцы. Таму першае пытаньне да вас: расейцы і ўкраінцы — гэта адзін народ?

— Ні ў якім выпадку. Наогул, спроба вызначаць нацыі і народы паводле этнічнай прыкметы — гэта яўнае ХІХ стагодзьдзе. Адсылка да таго часу, калі паняцьце нацыі на этнічным грунце сфармавалі нямецкія рамантыкі. Цяпер нацыі вызначаюцца палітычна, а не па сваіх моўна-этнічных прыкметах. Як прыклад, можна прывесьці Эўропу, дзе нямецкамоўных нацыяў некалькі — швэйцарцы, аўстрыйцы, немцы. І толькі Гітлер у мінулым стагодзьдзі паспрабаваў быў іх палітычна аб’яднаць. Гэта быў поўны абсурд, таму ён сам нават не давёў справу да канца, не ўключыўшы ў Трэці Райх Швэйцарыю.

І вось сёньня Пуцін спрабуе нам даказаць, што гісторыя другой паловы ХХ стагодзьдзя не заслугоўвае ні прызнаньня, ні асэнсаваньня, што ўсё застаецца так, як прыдумалі нямецкія рамантыкі, і як гэта рабіў Гітлер. Але гэта поўная лухта.

Яфім Фіштэйн
Яфім Фіштэйн

Я цяпер жыву ў Чэхіі, былой Чэхаславаччыне — колішняга палітычнага ўтварэньня двух народаў. У Эўропе не было другога такога палітычнага ўтварэньня паводле этна-моўнай блізкасьці. Але калі два гэтыя народы зразумелі, што яны дастаткова цывілізаваныя і разьвітыя для таго, каб паспрабаваць жыць асобна, то не ўзьнікла ніякай грамадзянскай вайны. На чэскім баку не было палітыка-вар’ята, які б сьцьвярджаў, што мы, маўляў, з аднаго кораня.

І гэта пры тым, што чэхі і славакі такія блізкія, што разумеюць адзін аднаго з паўслова, і ў краіне заўсёды існавала роўнасьць моваў. Лідэры краіны размаўлялі і выступалі на сваёй мове, напрыклад, Гусак і Дубчэк — па-славацку. І ў войску афіцэр аддаваў загад па-чэску ці па-славацку — салдаты яго разумелі. Але нават такая блізкасьць ня дала ніякаму ідыёту падставу патрабаваць захаваньня адзінай дзяржавы.

І вось цяпер Пуцін успомніў пра агульныя карані ўсходнеславянскіх народаў і вырашыў, што ім трэба быць у адной дзяржаве. Гэта трызьненьне сабачае і да яго трэба ставіцца, як да трызьненьня — як украінцам, так і беларусам, якія такія ж славяне, як чэхі ці палякі.

Лічыць прыналежнасьць да ўсходніх славян падставай для знаходжаньня у адзінай дзяржаве — гэта поўная дзікасьць. Ну і што, што мы з аднаго кораня? Мы даўно, як галіны дрэва, разышліся ў розныя бакі.

Я ведаю мэнтальнасьць беларускага народу і ўпэўнены, што беларусы былі б шчасьлівыя ставіцца па-добрасуседзку да суседняга расейскага народу, толькі каб іх пакінулі ў спакоі і толькі каб далі разьвівацца па-свойму. «А можа ў нас думкі больш цікавыя, можа ў нас у практыцы ёсьць больш цікавыя мадэрнізацыйныя прыёмы, якіх няма ў вас, чаму б нам не разьвівацца асобна», — маглі б сказаць беларусы.

Усё астатняе — я б сказаў, пошлая рамантыка гердэрыянскага тыпу з ХІХ стагодзьдзя і нічога большага.

«Веліч вымяраецца не кілямэтрамі дзяржаўнай тэрыторыі, але дасягненьнямі чалавечай думкі і чалавечай этыкі»

— Пуцін ужо некалькі гадоў упарта паўтарае, што Ўкраіна і іншыя былыя савецкія рэспублікі несправядліва атрымалі вялікія кавалкі гістарычнай расейскай тэрыторыі. Гэта гучыць дзіка, бо амаль ва ўсіх краінах у Эўропе могуць знайсьціся тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседзяў. У тым і сэнс пасьляваеннай сыстэмы бясьпекі ў Эўропе — у прызнаньні межаў. Як вы лічыце, Пуцін і яго атачэньне разумеюць, што збольшага паўтараюць рэваншысцкую рыторыку аднаго вядомага немца 30-х гадоў мінулага стагодзьдзі?

— Я ўпэўнены, што разумеюць. Але разумець і дзейнічаць — ўсё ж розныя рэчы. Яны разумеюць, але іх разуменьне заціснутае вялікадзяржаўнай мэнтальнасьцю.

Гэтая мэнтальнасьць ня зьвязаная толькі з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі і заваёвамі. Мне цяжка пра гэта казаць, бо я жадаю расейскаму народу як найхутчэйшага пазбаўленьня ад гэтага ўбогага ўяўленьня, што веліч і значнасьць чалавека ў вачах яго атачэньня, у гісторыі і сьвеце залежыць ад велічы яго дзяржавы.

Такое уяўленьне апошні раз падзялялася немцамі ў гады гітлерызму, але сёньня казаць, што чалавек — гэта другаснае вытворнае ад ролі і значнасьці яго дзяржавы — гэта дзікунства, гэта элемэнт барбарства. Пуцін ня можа гэтага не разумець, але паводзіць сябе так яго прымушае вось гэтая асаблівасьць расейскага мэнталітэту — імкненьне зрабіць чалавека бясплатным дадаткам да дзяржавы. Гэты чалавек народжаны і выхаваны з уяўленьнем: «Што б я — Іваноў, Пятроў, Сідараў — значыў, я блыха, драбната, якую можна не заўважыць, а вось дзяржава — гэта ўсё, «я велик со своим государством».

Ніводзін француз, ніводзін брытанец, ніводзін іншы эўрапеец так ня думае.

Ну хіба Брытанія, над тэрыторыяй якой ніколі не заходзіла сонца, валадарка мораў і акіянаў, не была вялікаю? Была. Але хіба які-небудзь брытанец Джон Сьміт вялікі ад таго, што пры каралеве Вікторыі Брытанія дасягнула піку сваёй сусьветнай магутнасьці? Не, вядома. Кім бы Джон Сьміт не працаваў, сьлесарам ці навукоўцам у Акадэміі навук, ён сваю веліч выводзіць не ад велічы брытанскай імпэрыі, але ад уласнай значнасьці — ці добры ён сьлесар, ці добры акадэмік.

Я думаю, што брытанскім пісьменьнікам сёньня напляваць, купляюць ці не купляюць іх кнігі таму, што яны нашчадкі брытанскай велічы. Яны добра ведаюць, што кнігі купляюць ці не купляюць з прычыны іх якасьці.

Так што ўсё ідзе ад сьвядомасьці чалавека. Калі ён уважае сябе дробнай казюркай на гіганцкім схіле Расеі, ён асуджаны. Мэнтальнасьць зьвязана з эмоцыямі, з эмацыйным складам чалавека, і калі ён працягвае лічыць сябе часткай гіганцкай дзяржаўнай машыны, ён асуджаны глядзець на сьвет ў геапалітычных тэрмінах-акулярах — вялікая ў нас краіна або малая, пакрыўджана яна нейкім дзёрзкім суседам ці не.

Наогул, гэтым займаецца псыхіятрыя комплексаў — бо гэта комплекс нейкай непаўнавартаснасьці, на які пакутуе насельніцтва Расейскай Фэдэрацыі і яе кіраўніцтва. Яно ня іншае, яно і сябе судзіць не па тым, якія ў іх дасягненьні ў навуцы і культуры, але па тым, колькі тэрыторый яно змагло захапіць ці адстаяць. Вось галоўны крытэрый.

І Пуцін, і яго атачэньне, усе свае разважаньні напэўна заканчваюць думкай: «Спадарства, вось у нас была Ўкраіна, тысяча кілямэтраў на Захад, а там яшчэ і далей была сфэра нашага ўплыву, а Гарбачоў зь Ельцыным гэта згубілі, давайце аднаўляць».

Вось да гэтага зводзяцца самыя выкшталцоныя разважаньні Пуціна. Ён жыве ў гэтых катэгорыях, іншых ён ня ведае. Так што па вялікім рахунку, яму напляваць, ці разьвіваецца касьмічная навука і ўсе іншыя навукі, ці разьвіваецца мэдыцына і культура. Галоўная яго мара — аднавіць страчаную веліч. Прычым, менавіта ў містычных катэгорыях велічы.

Але беларусам ня трэба тлумачыць, што веліч вымяраецца не кілямэтрамі дзяржаўнай тэрыторыі, але дасягненьнямі чалавечай думкі і чалавечай этыкі.

Вось калі б Расея магла ганарыцца вялікімі філёзафамі, гэта магло працаваць на веліч Расеі ў сучасным разуменьні. А калі ганарацца толькі палкаводцамі і толькі двума сябрамі — арміяй і флётам, тады вельмі складана даказваць сваё права на веліч у сучасным сьвеце.

Бо вакол, здаецца, дробныя шаўкі, але ўсе яны падзяляюць адно агульнае перакананьне, а Расея ў гэтым сэнсе адна, ізаляваная, самотная. І нават супрацоўніцтва з Кітаем у яе гэтага комплексу не залечвае, бо ў Крамлі разумеюць, што Кітай сёньня сябар, але толькі з адной задняй думкай — каб заўтра захапіць частку расейскай тэрыторыі.

Так жыць вельмі складана, бо гэта ня тыя катэгорыі, якімі чалавецтва цяпер вызначае свой рух наперад.

«Захад сам зрабіў сябе слабым, адмовіўшыся ад большай часткі этычных палажэньняў, якія раней вызначалі яго сілу»

— Ці разумеюць сучаснае расейскае кіраўніцтва на Захадзе? Як вы лічыце, ці была правільнай рэакцыя Захаду на ўльтыматум Расеі аб пісьмовых гарантыях яе бясьпекі? Некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што спачатку трэба было запатрабаваць адводу расейскіх войскаў ад мяжы з Украінай, а потым пачынаць перамовы. Вось ужо і Байдэн ня выключыў магчымасьці новай сустрэчы з Пуціным.

— Тут вы датыкаецеся крайне хваравітай тэмы. Але калі ўжо пытаеце, я выкажу сваю думку.

Уся цяперашняя расейская ўпартасьць і незгаворлівасьць, спроба «паставіць Захад на месца» — усё гэта зьвязана ня з унутранай сілай Расеі, але з слабасьцю Захаду. Пра гэта трэба ясна сказаць і гэта трэб ясна прызнаць. Байдэн — ніякі не мысьляр і вельмі слабы палітык. Таму, для каго маральнае ўсё, што выгадна яму, — радасьць мець справу з такім праціўнікам і выкарыстоўваць усе неэтычныя і недыпляматычныя формы дыялёгу.

Гэта словы Леніна, які сказаў, што маральнае ўсё, што служыць справе рабочай клясы. Пуцін мог бы сёньня сказаць, што маральнае ўсё, што служыць велічы Расейскай імпэрыі — думаю, ён бы слова «імпэрыя» не пасаромеўся.

Захад паводзіць сябе крайне слаба. І слабасьць гэтая — як самастрэл на вайне. Захад сам спрычыніў сабе гэтую слабасьць, адмовіўшыся ад большай часткі тых этычных палажэньняў, якія ў мінулым вызначалі яго сілу. Захад наогул адмовіўся ад прынцыпу маральнай рацыі, паставіўшы ўсё пад сумненьне.

Захад прывёў на сьвет цэлую плеяду дробных і найдрабнейшых кіраўнікоў, якія ня ў стане весьці раўнацэнны дыялёг з нахабнікам.

Апошнімі моцнымі кіраўнікамі былі прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Маргарэт Тэтчэр, за сьпінай якой ужо не было імпэрыі, але ўсё ж была маральная рацыя.

Захад доўга пераконвалі, што маральная рацыя — гэта панятак састарэлы, што ён належыць да мінулага і пазамінулага стагодзьдзяў, што цяпер ён не прыдатны, што цяпер усе па-свойму маюць рацыю. Зараз кажуць: што такое маральная рацыя, калі мы самі ня ведаем, для чаго, для якога праекту будучыні мы існуем?

Вось калі да стала перамоваў прыходзіць такі Захад, ён дае шулерскаму прадстаўніку іншага боку, прадстаўнікам аўтарытарных рэжымаў усе шанцы на выйгрыш, на перамогу. Калі не на полі бою, то на полі дыпляматычных перамоваў — гэта дакладна. Вось у чым прабелам Захаду. Усё астатняе дадаецца.

Вядома, каб цяперашні прэзыдэнт ЗША Байдэн меў сілу і ўпэўненасьць Рональда Рэйгана ў сваёй рацыі... А гэта страшная штука — свая рацыя, яна перамагае ў войнах. Калі чалавек адчувае сваю рацыю, ён гатовы ўзяць і аддаць жыцьцё. Гэтую страшную сілу многія сучасныя філязоўскія і палітычныя плыні на Захадзе паступова падразалі, пакуль не разбурылі зусім.

І вось цяпер да стала перамоваў прыходзіць чалавек, які прынцыпова, з самага пачатку ня ўпэўнены ў сваёй рацыі, ён хутчэй гатовы прызнаць рацыю супрацьлеглага боку. Значыць, ён прыходзіць не з пазыцыі сілы. З такім чалавекам лёгка гуляць. У гэтым слабасьць Захаду.

Вядома, цяпер Захад мог сказаць, давайце пачнём з чыстага аркуша — вы адводзіце войскі ад мяжы з Украінай і перастаяце гуляць ролю мітраполіі ў каляніяльным стаўленьні да Беларусі, якую цяпер Расея разглядае проста полем свайго будучага бою. (Гэта ж ўяўляе сабой вялікую рызыку для Беларусі, якая вынікае са стратэгічнай пазыцыі Расеі, стаць першай ахвярай канфлікту). Калі б Захад выставіў Расеі сьпіс патрабаваньняў, якія б тычыліся ня толькі ваеннай сытуацыі, але і ўсёй хлусьні, якую Пуцін прасоўвае, гэта была б іншая справа.

Вось у апошнім інтэрвію вядомаму амэрыканскаму журналісту Пуцін кажа: «Мы ж рэфэрэндум у Крыме правялі», і журналіст не знайшоў, што адказаць. А мог бы сказаць шмат чаго. Мог бы сказаць, што, даруйце, але міжнароднае права не прызнае рэфэрэндуму, які праходзіць у сытуацыі акупацыі, калі спачатку краіну акупуюць расейскія войскі, а пасьля там праводзяць рэфэрэндум.

Журналіст мог нагадаць, як немцы ўвайшлі ў Аўстрыю і літаральна праз пару дзён правялі рэфэрэндум, на якім больш за 99% насельніцтва прагаласавалі за аншлюс, і што міжнародная супольнасьць такі тып рэфэрэндуму не прыняла, заявіла, што нельга краіну акупаваць, а пасьля праводзіць рэфэрэндум. Інакш атрымліваецца, што ўсе грамадзяне Аўстрыі галасавалі за аншлюс — і габрэі, і харваты, і славенцы, і іншыя мяншыні, у што ніхто не паверыў. Такія рэфэрэндумы прызнаюцца нікчэмнымі з самага пачатку, іх ніхто не прызнае.

Але Пуціну гэты амэрыканскі журналіст нічога такога не сказаў.

І цяпер ідзе гаворка пра ўсходнюю Ўкраіну, таксама кажуць пра рэфэрэндум. Але калі расейскія войскі будуць заставацца там, а ўкраінцы па-ранейшаму будуць выгнаныя з гэтых зямель і ня змогуць галасаваць, што ж гэта будзе за рэфэрэндум. Гэта будзе такое пуцінскае волевыяўленьне.

Але каб такое сказаць Пуціну, трэба мець волю і ўнутраную перакананасьць у сваёй рацыі, каб адразу даць па руках і сказаць: «Спадар прэзыдэнт, вы хлусіце, вы паводзіце сябе, як Гітлер у Аўстрыі, аншлюс ня быў нікім прызнаны».

Яшчэ раз паўтараю, вельмі важна ўсьведамляць ўласную рацыю. А на твары таго амэрыканскага журналіста я бачыў гатоўнасьць прызнаць рацыю Пуціна: «У яго ж свая рацыя, ён жа таксама ня хоча, каб...» Каб што? Трэба дадумаць думку. «Баіцца, каб Расею акупавалі нейкія беларусы ці ўкраінцы?» Ды ніхто яе не зьбіраецца акупаваць, як кажуць, свайго дабра хапае, навошта? Але баяцца дадумаць гэта.

Вось праблема Захаду — яго слабасьць пры любых перамовах з Расеяй і наогул пры любых палітычных дзеяньнях адносна Расеі. А трэба было б, каб на месцы слабасьці была сіла.

Але сілу ня выклічаш нейкімі заклінаньнямі ці чараўніцтвам, яна або ёсьць, або яе няма. І ў гэтым можна вінаваціць толькі Захад.

«Некаторымі сваімі часткамі Беларусь заўсёды была складовай часткай Захаду»

— Вы згадвалі Беларусь. Сапраўды тэрытарыяльных прэтэнзій у Пуціна да Беларусі нібыта няма, ён, відаць, лічыць усю Беларусь гістарычнай расейскай тэрыторыяй. Але палітолягі сёньня выказваюць розныя меркаваньні наконт магчымага аншлюсу Беларусі. Адны кажуць, што Расеі гэта ня трэба, дастаткова вайсковага супрацоўніцтва і кантролю над эканомікай. Іншыя ж лічаць, што аншлюс патрэбны і адбудзецца бліжэй да 2024 года. Што вы думаеце на гэты конт?

— Спачатку я нагадаю, што нават СССР прызнаваў незалежнасьць Беларусі і іншых рэспублік. На паперы яна была, была поўная аўтаномія на паперы, і нават, у выпадку Беларусі і Ўкраіны, дзяржаўнае прадстаўніцтва на ўзроўні ААН. Але гэта была чыста фікцыя.

Дык вось працаваць з Захадам на падставе фіктыўных утварэньняў — мілая справа. Але насамрэч ніякай незалежнасьці ў Беларусі не было. Вось гэта і ёсьць ідэал Пуціна, менавіта да гэтага ён імкнецца. На паперы гэта будзе па-ранейшаму дзьве дзяржавы, магчыма, ён троху зьменшыць узровень аўтаномнасьці, а прэзыдэнты будуць прызначацца з Масквы. Яны і цяпер маглі б прызначацца адтуль, бо Лукашэнку ўжо нельга лічыць самастойным кіраўніком.

Крэмль зробіць усё для таго, каб былі гарантыя неадлучэньня Беларусі. Калі ў яго гэтыя гарантыі будуць, яму будзе абсалютна ўсё роўна, як гэта будзе называцца — саюз брацкіх народаў, саюз рэспублік, двуадзінства славянскіх народаў ці трыадзінства. Усе палітычныя мэханізмы будуць сьведчыць пра поўную залежнасьць, а назва будзе сьведчыць пра нейкую аўтаномію.

Проста цяпер Пуціну ня трэба называць гэтае аб’яднаньне Расейскай Фэдэрацыяй. Наадварот, стварэньне фіктыўнай двуадзінай дзяржавы яму цяпер вельмі важнае. Тое самае ён хацеў бы зрабіць і з Украінай. Там таксама, нават калі б яму ўдалося Ўкраіну пад сябе падмяць, ён бы ўсё роўна пакінуў фікцыю нейкай папяровай незалежнасьці пры тым, каб яна ніяк не падмацоўвалася рэальнымі палітычнымі мэханізмамі, выбарамі і т. д. Цяпер ужо Пуцін гульнёй у дэмакратыю рызыкаваць ня будзе.

Беларусь Пуцін на поўным сур’ёзе лічыць тэрыторыяй расейскай, тэрыторыяй гістарычнай Расеі. Хаця хто яму дае такое права? Некаторымі сваімі часткамі Беларусь заўсёды была складовай часткай Захаду. Сёньня адносна Беларусі, як і адносна Ўкраіны, марна разважаць, дзе заходняя частка заканчваецца, а дзе пачынаецца ўсходняя. Ёсьць такая дзяржава, ёсьць такія прызнаныя межы. Гэта ўсё, што цікавіць міжнародную супольнасьць — гэта прызнаныя межы дзяржаваў. І гэта — гарантыя міру. Гэта не прызнаньне шчасьця, дабрабыту, росквіту і т. д. — гэта проста гарантыя міру.

Як толькі мы пачынаем казаць, што межы могуць быць перагледжаныя, то гэта гарантаваная вайна празь нейкі, як правіла, кароткі прамежак часу.

Бо, як вы правільна сказалі, уся Эўропа сёньня — гэта спрэс штучныя межы. Але ну і што? Усе заклінаньні, што некалі тут была Расея, нічога не азначаюць. А некалі тут замест Расеі была Манголія, ну і што? Што гэта значыць з пункту гледжаньня сучаснага сьвету? Ня больш чым гісторыя.

Цяперашняя рэальнасьць такая, што існуе ўкраінская мяжа, і казаць, што яна несправядлівая, бо за ёй таксама жывуць расейцы, гэта азначае пачынаць вайну. Бо ўсё вакол несправядлівае, бо межы — гэта не пра справядлівасьць у гэтым сьвеце, заўсёды ўнутры нейкага ўтварэньня ёсьць утварэньні больш дробныя. Уся Расея складаецца з больш дробных этнічных утварэньняў.

Адным словам, Беларусь — гэта не Расея, гэта дзяржава, прызнаная міжнароднай супольнасьцю, вось і ўсё.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG