Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежная палітыка Беларусі: вынікі году ад Карбалевіча і Сьлюнькіна


Карыкатура мастака Аляксея Кустоўскага
Карыкатура мастака Аляксея Кустоўскага

Ці пазбавілася беларуская замежная палітыка «заходняга крыла» ў 2021 годзе? Ці замежнапалітычны паварот, які адбыўся летась, неабарачальны? Якой будзе замежная палітыка афіцыйнага Менску ў 2022 годзе?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін.

Сьлюнькін

  • «Заходняе крыло» беларускай замежнай палітыкі патрапанае так, як ніколі. Але казаць, што яно наагул адрэзанае, я б ня стаў.
  • Неаднойчы ў мінулым адносіны з заходнімі краінамі перажывалі вельмі кепскія пэрыяды.
Павал Сьлюнькін
Павал Сьлюнькін
  • Зараз вяртаньне да палітыкі дыялёгу ці ангажаваньня наўрад ці магчымае. Але гэта залежыць ад разьвіцьця рэгіянальнай абстаноўкі.
  • Калі Лукашэнка рэалізуе свае пагрозы стаць на бок Расеі ў расейска-ўкраінскім канфлікце, тады ў яго не застанецца шляхоў вяртаньня да нейкага дыялёгу зь Эўропай.
  • Аднак калі ён ізноў паспрабуе гуляць у балянсаваньне, тады ў эўрапейскіх краінаў узьнікне спакуса паспрабаваць ізноў паверыць.
  • Вынікі замежнай палітыкі — пагаршэньне адносінаў з Захадам і пераход усіх магчымых «чырвоных лініяў», што раней нам здавалася немагчымым.

Карбалевіч

  • У пэўным сэнсе Беларусь страціла сваю замежную палітыку.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Пасьля 2014 году ў Беларусі зьявілася рэальная дыпляматыя.
  • Для стасункаў з адной Расеяй МЗС і непатрэбны. Зь ёй узаемадзеяньне і раней адбывалася пераважна празь іншыя ведамствы.
  • Зараз і на заходнім кірунку працуюць сілавікі, калі прыгадаць і пасадку самалёта, і міграцыйны крызіс.

Сьлюнькін

  • У амэрыканскай палітычнай і аналітычнай супольнасьці здаўна была пашыраная думка, што Беларусь не зьяўляецца самастойным палітычным суб’ектам.
  • Толькі ў пэрыяд 2015–2019 гадоў улады Беларусі здолелі прэзэнтаваць сябе як субʼекта, адрознага ад Расеі.
  • Тады прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамэнту пачалі казаць, што Беларусь можа стаць фарпостам супраць расейскай экспансіянісцкай палітыкі.
  • А цяпер усё вярнулася на кругі свае.
  • Лукашэнка з 2020 году шмат што саступіў Расеі, яго залежнасьць ад РФ паглыбілася.
  • Але тыя саступкі, якія ён робіць, палавіністыя. Ён не аддае асноўныя вагары кіраваньня ў Маскву.
  • Расейская вайсковая база ў нас так і не зьявілася. Вучэбна-баявыя цэнтры зьявіліся, але гэта ўсё ж не вайсковыя базы.
  • Падпісаныя інтэграцыйныя карты ня тоесныя аншлюсу.
  • Колькі я сябе памятаю, увесь час чую размовы, што Беларусь вось-вось будзе паглынутая Масквой.
  • Ці адбудзецца аншлюс — невядома.
  • Фігуру Лукашэнкі з гэтай шахматнай дошкі немагчыма ссунуць лёгка.
  • Лукашэнка ў роўнай ступені не жадае аддаваць уладу ані Ціханоўскай, ані Байдэну, ані фон дэр Ляен, ані Пуціну.

Карбалевіч

  • Усё ж палітыка зьмянілася, а ня проста флёр зьляцеў.
  • Трэнд збліжэньня з Расеяй дзейнічае даволі павольна. Ня варта казаць, што Беларусь ужо страціла незалежнасьць.

Сьлюнькін

  • Фраза Макея — калі вы будзеце на нас ціснуць, Беларусь можа страціць незалежнасьць — гучала гадамі. Але пасьля абвяшчэньня выбараў 2020 году частата яе стала расьці ў геамэтрычнай прагрэсіі.
  • Улады чакаюць, што дзеля захаваньня «буфэрнай» дзяржавы заходнія краіны пагодзяцца заплюшчыць вочы на ўсё, што адбываецца ў Беларусі.
  • Міграцыйны крызіс быў элемэнтам гэтага шантажу Захаду. Але выявілася, што гэта не працуе.
  • Рыторыка Макея наконт пагрозы страты незалежнасьці знаходзіць вушы ў ЭЗ, асабліва ў краінах, далейшых ад мяжы зь Беларусьсю.
  • Літоўскія палітыкі і дыпляматы і ў лепшыя гады, у 2017–2018 гадах, гаварылі, што ў вайскова-палітычным вымярэньні Беларусь не зьяўляецца незалежнай дзяржавай.

Карбалевіч

  • Мяркую, што налета будзе працяг той замежнай палітыкі, якая была сёлета.
  • На мінулым тыдні Лукашэнка заявіў, што датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў ня будзе.
  • Канстытуцыйная рэформа была складовай часткай трансфэру ўлады.
  • Цяпер незразумела: навошта тады канстытуцыйная рэформа?
  • Расея перастала ціснуць на Лукашэнку што да ажыцьцяўленьня транзыту ўлады.
  • Расея ўвязалася ў жорсткую эскаляцыю, у межах гэтай эскаляцыі Лукашэнка Расеі патрэбны. Ён будзе выконваць функцыю правакатара і троля ў гэтым канфлікце. Адсюль і заявы пра Крым, і пра вяртаньне ядзернай зброі, адсюль і міграцыйны крызіс.

Сьлюнькін

  • Калі будзе абнародаваны праект Канстытуцыі, будзе больш зразумела, якой будзе замежная палітыка.
  • Калі ўлада Аляксандра Лукашэнкі паводле новай Канстытуцыі зьменшыцца, Уладзімер Макей будзе казаць, што зьмены, якіх вымагалі грамадзтва і Захад, пачаліся і трэба набрацца цярплівасьці.
  • У заходніх палітыкаў пакуль няма дакладнай пазыцыі наконт вынікаў канстытуцыйнага рэфэрэндуму.
  • Калі пачнецца працэс размарожваньня стасункаў з Захадам, на месца міністра замежных справаў спатрэбіцца новая фігура — не Макей.
  • Тое самае было зь Сяргеем Мартынавым: калі пачалася нармалізацыя адносінаў з Захадам, яго замянілі на Макея.
  • Макею зараз супрацьстаяць сілавікі ў Беларусі, яму прыгадваюць, што менавіта МЗС дапусьціла росквіт усіх гэтых «ворагаў дзяржавы».
  • І Расея пэўна хацела б, каб новая замежная палітыка Беларусі праводзілася з новым абліччам міністра. Але я б ня стаў казаць, што лёс Макея перадвызначаны. Ён вельмі блізкі Лукашэнку цягам многіх гадоў, давер да яго захоўваецца.

Карбалевіч

  • Нават пры моцным ціску Расеі Лукашэнка наўрад ці будзе шукаць паратунку на Захадзе. Бо ўмова такога павароту — гэта размарожваньне ў Беларусі.
  • А гэтае размарожваньне малаімавернае пры страце ўладай падтрымкі большасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG