Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт Байдэн-Пуцін і контрасанкцыі Менску. Дыскусія экспэртаў


Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін

Пра што сьведчаць першыя паведамленьні па выніках саміту Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна? Ці застаецца ў Вашынгтона і Масквы прастора для саступак? Чаму беларускія ўлады ўвялі контрасанкцыі супраць краінаў Захаду менавіта адносна імпарту харчаваньня?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

  • Галоўнай тэмай саміту Байдэн-Пуцін была Ўкраіна.
  • Увесну летась Расея таксама канцэнтравала свае сілы на мяжы з Украінай, тады таксама шмат гаварылася пра небясьпеку вайны.
  • ЗША тады фактычна спынілі блякаваньне пабудовы газаправоду «Паўночны паток-2», а Расея адвяла свае войскі ад мяжы.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Цяпер сытуацыя паўтараецца.
  • Пуцін патрабуе гарантыяў ваеннага нэўтралітэту Ўкраіны.
  • У заяве Белага дому адзначаецца, што калі Расея нападзе на Ўкраіну, ЗША адкажуць «эканамічнымі і іншымі мерамі».
  • Пра вайсковыя меры гаворкі не ідзе.
  • Здаецца, што цяпер формулы кампрамісу няма. ЗША не гатовыя на тую схему вырашэньня сусьветных праблемаў, якую прапануе Крэмль, на новую «Ялту».

Цыганкоў

  • Зараз будзе вайна інтэрпрэтацыяў вынікаў гэтага саміту.
  • Кожны бок будзе прадстаўляць сябе пераможцам.
  • Расея дзейнічае, як Лукашэнка: ствару крызіс, а потым папрасіце мяне яго вырашыць.
  • Магчыма, другі раз амэрыканцы ня ўспрымуць гэтую тактыку Пуціна.
  • Расея дамагаецца неўступленьня Ўкраіны ў NATO, а як максымум — звадаў ва Ўкраіне і пераарыентацыі яе.
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Расейцы кажуць ЗША, што могуць ва Ўкраіне нанесьці ім яшчэ адну зьнешнепалітычную паразу пасьля Афганістану.
  • Прэзыдэнцтва Байдэна можа ня вытрымаць яшчэ адной паразы.
  • Мы таксама можам падвышаць стаўкі, — адказвае Вашынгтон.
  • Унутрыпалітычнае супрацьстаяньне ў ЗША ўплывае на замежную палітыку.

Карбалевіч

  • І Лукашэнка, і прэм’ер Галоўчанка казалі, што Беларусь у адказ на санкцыі знойдзе захады, якія зробяць Эўропе балюча.
  • Пасьля прыняцьця 4 пакету санкцыяў ЭЗ Галоўчанка намякнуў, што могуць быць зробленыя захады супраць кампаніяў з заходнім капіталам у Беларусі.
  • Але рэальныя контрасанкцыі аказаліся значна слабейшымі.
  • Наўрад ці Лукашэнка ўсурʼёз пагражаў перакрыцьцём газаправоду «Ямал — Заходняя Эўропа».
  • Гэтая труба — уласнасьць Расеі, гэта быў бы падвойны скандал.
  • Цяпер расейцы супакояцца.
  • Ранейшая сытуацыя была дзіўнай, калі адзін чалец мытнага саюзу ўводзіць гандлёвыя санкцыі адносна трэціх краінаў, а другі чалец — не.

Цыганкоў

  • Беларускія контрасанкцыі ня стануць ударам для заходніх вытворцаў харчаваньня.
  • Калі падобныя контрасанкцыі 146-мільённай Расеі не прынесьлі вялікіх праблемаў эўрапейскім фэрмэрам, то тым больш гэта тычыцца значна меншай Беларусі.
  • Да таго ж заўсёды заяўлялася, што Беларусь забясьпечвае сябе ўласным харчаваньнем, харчовы імпарт і сапраўды не такі і вялікі.
  • Праўда, потым высьвятляецца, што бульбу Беларусь купляе ў Эгіпце, а яблыкі — у Польшчы.
  • Гэта аказваецца выгадней, чым вырошчваць у Беларусі.
  • Відавочна, што вынікам контрасанкцыяў стане рост цэнаў, што б там ні рабіў урад.
  • Гэта чарговы жэст ляяльнасьці, адданасьці Пуціну.
  • Лукашэнка зараз скажа, што Беларусь увяла контрасанкцыі, каб абараніць Расею ад кантрабанды, ад так званых «беларускіх крэвэтак».
  • Дык дайце грошай, кампэнсуйце выдаткі.
  • Раней абяцалі абараніць Расею і ад натаўскіх танкаў, цяпер абароняць ад крэвэтак і авакада.

Што было раней

  • Прэзыдэнты ЗША і Расеі Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін пагаварылі празь відэасувязь. Гутарка адбывалася на тле рэзкага абвастрэньня напружанасьці вакол Украіны. Краіны Захаду і Кіеў лічаць, што Масква можа рыхтаваць збройнае ўварваньне ў гэтую краіну.
  • Пуцін знаходзіўся ў Сочы, а Байдэн — у Сытуацыйным пакоі Белага дому ў Вашынгтоне. Тэлемост быў арганізаваны з дапамогай абароненай лініі відэасувязі, якая выкарыстоўвалася ўпершыню.
  • Размова цягнулася каля 2 гадзін. Перамовы праходзілі ў закрытым ад прэсы рэжыме.
  • 7 сьнежня старшыня Савету міністраў Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову ўраду, якая забараняе ўвоз на тэрыторыю краіны групы тавараў — каб «забясьпечыць абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».
  • У пастанове вызначаны пералік падсанкцыйных харчовых тавараў, якія паходзяць з Эўрапейскага Зьвязу і яго дзяржаў-сябраў, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Канады, Каралеўства Нарвэгія, Рэспублікі Альбанія, Рэспублікі Ісьляндыя, Рэспублікі Паўночная Македонія, Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Чарнагорыі, Швайцарскай Канфэдэрацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG