Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністраваньне Telegram, «рэйкавая справа», абраза судзьдзі. За што сядзяць мэдыкі, якія сустрэнуць Новы год за кратамі


Ілюстрацыйнае фота

Адміністратар «Белых халатаў», нэўроляг з Нарыльску, анэстэзіёляг з Бараўлянаў, унікальны сківічны хірург, шматдзетная маці, лідзкі фэльчар, выпускніца стаматалёгіі — мы ведаем прынамсі пра сямёх палітвязьняў-мэдыкаў, якія сустрэнуць Каляды і Новы год за кратамі.

Уладзіслаў Марціновіч, абвінавачаны ў адміністраваньні тэлеграм-каналу «Белыя халаты», 4 гады калёніі

Уладзіслаў Марціновіч
Уладзіслаў Марціновіч

Уладзіслаў — студэнт 4 курсу Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Яму 21 год, жыў у Менску. Хлопца затрымалі 19 лістапада 2020 году. За кратамі ён ужо больш за год.

Хлопца зьвінавацілі ў распаўсюджваньні пэўнай інфармацыі ў тэлеграм-канале «Белыя халаты»: нібыта «заклікаў мэдыкаў масава звальняцца, няякасна аказваць мэдычную дапамогу, удзельнічаць у пратэстах і страйках, публікаваў інфармацыю, якая дыскрэдытуе сілавікоў». Яго судзілі паводле «народнага» 342-га крымінальнага артыкула («арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак»). Марціновіч прызнаў віну.

Уладзіслава асудзілі на 4 гады калёніі агульнага рэжыму. Яго яшчэ не этапавалі ў калёнію, ён застаецца на «Валадарцы».

Напісаць яму можна на адрас: СІЗА № 1, 220030 Менск, вуліца Валадарскага, 2, Уладзіславу Вадзімавічу Марціновічу.

Сьвятаслаў Удот, анэстэзіёляг-рэаніматоляг, 2 гады калёніі

Сьвятаслаў Удот
Сьвятаслаў Удот

Сьвятаслаў — анэстэзіёляг-рэаніматоляг з Бараўлянаў. Яму 54 гады, зь іх 24 працаваў у дзяржаўнай сыстэме аховы здароўя.

Мужчыну затрымалі 22 красавіка 2021 году. Спачатку яму далі 15 дзён арышту за тое, што расклейваў у мікрараёне ўлёткі з споклічам: «Беларусам — волю, пацукам — падвал». Потым завялі крымінальную справу за тое, што ён падпаліў усе чатыры шапікі «Табакерка» у Бараўлянах. Мужчына патлумачыў, што такім чынам змагаўся за здаровы лад жыцьця, пісала «Вясна».

Яго асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

Напісаць яму ліст можна на адрас: ПК № 6, 225413 Баранавічы, вуліца Берасьцейская, 258, Сьвятаславу Арсеньневічу Ўдоту.

Аляксандар Цялега, нэўроляг з Нарыльску

Аляксандар Цялега
Аляксандар Цялега

Аляксандар родам з Барысава. Апошнім часам жыў у Расеі, працаваў у Нарыльску лекарам-нэўролягам. Яму 31 год, жанаты, ёсьць малыя дзеці.

Мужчыну затрымалі 3 траўня 2021 году, калі ён прыехаў у госьці да родных у Барысаў. Яго пабілі і забралі літаральна ў адным споднім у горадзенскую турму, дзе ён так і прасядзеў бяз рэчаў некалькі дзён.

Цялегу абвінавацілі ў «32 абразьлівых камэнтарах у Telegram на адрас міліцыянтаў, работнікаў пракуратуры і судоў», у тым ліку на адрас камандзіра менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы, памочніцы пракурора Аліны Касьянчык, судзьдзі Марыі Ярохінай. Лекар праходзіць па трох крымінальных артыкулах: «абраза прадстаўніка ўлады», «абраза судзьдзі», «пагроза гвалту супрацоўніку міліцыі».

Над Аляксандрам ужо пачаўся суд у Горадні, паведамляла «Вясна».

Напісаць яму ліст можна на адрас: Турма № 1, 230023 Горадня, вуліца Кірава, 1, Цялегу Аляксандру Анатолевічу.

Алег Краўцоў, лідзкі фэльчар, 3 гады калёніі

Алег Краўцоў, травень 2020 году
Алег Краўцоў, травень 2020 году

Алег — фэльчар зь Ліды, таксама працаваў прадаўцом у краме тэхнікі. Яму 32 гады.

Імя Алега Краўцова прагучала на ўсю Беларусь увесну 2020 году. Яго разам з калегам затрымалі летась у траўні на сустрэчы з Ціханоўскім. Абодва фэльчары тады атрымалі па 7 дзён арышту. Гэта былі адны зь першых затрыманьняў у межах прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. Салідарныя беларусы за некалькі дзён сабралі для мэдыкаў 20 тысяч рублёў.

Краўцова зноў затрымалі 4 лістапада 2020 году. Яго абвінавацілі ў «рэйкавай справе» — нібыта ён абкручваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблякаваць рух. Паводле 309-га крымінальнага артыкулу «Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць шляхоў камунікацыі» па ўсёй краіне затрымалі дзясяткі чалавек.

Мэдыка асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Прысуд яму выносіў судзьдзя Максім Філатаў, які ў тым ліку асудзіў і загінулага Вітольда Ашурка.

Краўцоў за кратамі займаецца спортам, навучыўся пісаць правай рукой (ён ляўшун), навучыўся маляваць, вывучыў шрыфты для прыгожага афармленьня лістоў, пачаў пісаць вершы, вучыць ангельскую мову, піша даўгія лісты.

Напісаць яму можна па адрасе: ПК № 17, 213004 Шклоў, вуліца 1-я Заводзкая, 8, Алегу Аляксандравічу Краўцову.

Алана Гебрэмарыям, фігурантка «справы студэнтаў», 2,5 года калёніі

Алана Гебрэмарыям
Алана Гебрэмарыям

Алана — лекарка, выпускніца стаматалягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца каманды Сьвятланы Ціханоўскай у справах моладзі. Ёй 24 гады, жыла ў Менску.

Дзяўчыну затрымалі 12 лістапада 2020 году. Яна за кратамі больш за год. Алану зьвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях салідарнасьці з 1 верасьня да канца 2020 году ў менскіх ВНУ. Студэнты і выкладчыкі зьбіраліся на лесьвічных пралётах, у холах, каля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Запісвалі відэазвароты, сьпявалі песьні, пляскалі або стаялі моўчкі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Алану судзілі па «народным» 342-м крымінальным артыкуле («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх»). Далі 2,5 года калёніі агульнага рэжыму. Яна віну не прызнала.

Цяпер Алана працуе швачкай у гомельскай калёніі. З словаў ейнага сябра вядома, што яна схуднела за месяц на 5 кіляграмаў, моцна стамляецца на працы.

Напісаць ёй можна на адрас: ПК № 4, 246035 Гомель, вуліца Антошкіна, 3. Алане Тадэге Гебрэмарыям.

Андрэй Любецкі, сківічны хірург

Андрэй Любецкі
Андрэй Любецкі

Андрэй — вядомы сківічны хірург зь Менску. Ён праводзіў унікальныя апэрацыі плястыкі расколін паднябеньня і твару. Да пераходу ў прыватную практыку амаль 18 гадоў працаваў у 4-й дзіцячай лякарні.

Лекара затрымалі 4 траўня 2021 году. Яго вінавацяць у «абразе Лукашэнкі», «удзеле ў масавых беспарадках» і «арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Неўзабаве над ім мае пачацца суд.

Ягоная жонка Натальля — стаматоляг. Яна страціла працу пасьля фільму «Манкурты» на АНТ, дзе расказвалі пра яе дапамогу Ігару Макару і абвінавачвалі ў сувязі з «экстрэмістамі». Пасьля затрыманьня і допытаў у КДБ Натальля разам з чатырма дзецьмі зьехала за мяжу, а Андрэй застаўся ў Беларусі. Неўзабаве яго затрымалі.

У СІЗА Любецкі займаецца спортам, адмовіўся ад кавы і солі, вучыць нямецкую мову, чытае, піша пазытыўныя лісты «мэдычным» почыркам.

Напісаць яму ліст можна на адрасе: СІЗА № 1, 220030 Менск, вуліца Валадарскага, 2, Андрэю Ўладзімеравічу Любецкаму.

Алена Маўшук, шматдзетная маці, 6,5 года калёніі

Партрэт Алены Маўшук
Партрэт Алены Маўшук

Алена працавала санітаркай у пінскай лякарні. Ёй 44 гады, жыла ў Пінску.

Жанчыну затрымалі 10 жніўня 2020 году за ўдзел у «масавых беспарадках». У Алены трое дзяцей ва ўзросьце ад 5 да 19 гадоў. Яе асудзілі на 6 гадоў за тое, што нібыта замахнулася палкай на амапаўца.

Калі Алена пачула, што пракурор просіць для яе 6 гадоў калёніі, напісала ў сшытку «Я павешуся» — і паказала залі. Мужа Алены Сяргея таксама асудзілі — на 6,5 года зьняволеньня. Непаўналетніх дзяцей ня раз пагражалі забраць у прытулак.

Напісаць ёй ліст можна на адрас: ПК № 24, вуліца Вытворчая, 44, 247526 г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласьць. Алене Ўладзімераўне Маўшук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG