Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год «экстрэмістаў». Як зьмянілася аўдыторыя тэлеграм-каналаў пасьля прызнаньня іх «экстрэмісцкімі»


Пэўныя папулярныя ТГ-каналы пасьля гэтага страцілі сотні тысяч падпісчыкаў, колькасьць чытачоў іншых зьмянілася нязначна.

Адной з навацыяў 2021 году стала масавае прызнаньне «экстрэмісцкімі» тэлеграм-каналаў, акаўнтаў у сацыяльных сетках і нават асобных мэдыя (напрыклад, інфармацыйнага агенцтва БелаПАН). Калі ў папярэднія гады такі статус можна было атрымаць толькі пасьля судовага працэсу і адпаведнага рашэньня суду, то сёлета ўжо было дастаткова пастановы МУС альбо нават нейкай яго структурнай часткі. Асабліва шчыравала тут ГУБАЗіК. Узгадваем некаторыя папулярныя беларускія тэлеграм-каналы, якія ў 2021 годзе атрымалі статус «экстрэмісцкіх».

Тэлеграм-канал парталу TUT.BY у 2021 годзе зьведаў дзьве супрацьлеглыя хвалі. За дзень да разгрому рэдакцыі і блякаваньня сайту 18 траўня на яго былі падпісаныя 394533 чалавекі. За содні пасьля арышту 15 супрацоўнікаў TUT.BY колькасьць падпісчыкаў тэлеграм-каналу вырасла да амаль 518 тысяч. Найбольш іх стала ў канцы чэрвеня — 585 тысяч чалавек.

«Экстрэмісцкім» тэлеграм-канал TUT.BY беларускія ўлады назвалі ў сярэдзіне жніўня 2021 году, яго аўдыторыя на той момант складала больш за 550 тысяч чалавек. Зараз на канал падпісаныя больш за 413 тысяч.

«Мы засмучаныя, абураныя затрыманьнямі і арыштамі за рэпосты, — расказалі Свабодзе ў рэдакцыі выданьня Zerkalo.io. — Лічым гэта недапушчальным. Але зараз не кантралюем гэты момант, на жаль. Мы таксама бачым, што частка людзей працягвае чытаць тэлеграм-канал, ня будучы падпісанымі на яго. З пошуку ў тэлеграме, з захаваных спасылак і заходамі наўпрост на сайт і ў аплікацыю».

Тэлеграм-канал «Нашай Нівы» прызналі «экстрэмісцкім» 23 лістапада. Пра гэта акурат у дзень 115-годзьдзя выданьня паведаміла ГУБАЗіК. Дырэктарка НН Наста Роўда ў размове са Свабодай назвала гэтае супадзеньне праявай «спэцыфічнага пачуцьця гумару».

«Парадаксальна, але ў першыя гадзіны пасьля зьяўленьня ў публічнай прасторы інфармацыі аб прызнаньні нашага каналу экстрэмісцкім мы назіралі прырост падпісчыкаў, — кажа Роўда. — Так заўсёды бывае пасьля ўдараў з боку ўладаў — нас накрывае хваля салідарнасьці, за што мы вельмі ўдзячныя».

З словаў дырэктаркі, зараз відавочная агульная тэндэнцыя адпісваньня ад тэлеграм-каналаў. У дзень абвяшчэньня «экстрэмістамі» ТГ-канал НН налічваў 74396 падпісчыкаў. Цяпер іх крыху больш за 64 тысячы. «Калі казаць пра даўжэйшы пэрыяд, то за паўгода мы страцілі больш за 27 тысяч падпісчыкаў, — працягвае Наста Роўда. — Але мушу адзначыць, што пасьля разгрому 8 ліпеня рэдакцыі „Нашай Нівы“ ў Беларусі і зьняволеньня нашаніўцаў Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко літаральна за содні на наш тэлеграм-канал падпісаліся 10 тысяч чалавек, агулам лік падпісчыкаў дасягнуў 91 тысячы».

У НН да адпісваньня ад свайго ТГ-каналу ставяцца з разуменьнем і называюць яго натуральным працэсам у цяперашніх умовах.

«Сілавікі ваююць з тэлеграмам ужо паўтара года, а тэлеграм-каналы незалежных СМІ дагэтуль маюць дзясяткі і сотні тысяч падпісчыкаў, — зьвяртае ўвагу Наста Роўда. — І гэта ўжо само па сабе цуд».

Сатырычны «Чай з малінавым варэньнем» прызналі «экстрэмісцкім» на пачатку верасьня. Ініцыятарам выступіла ГУБАЗіК, аб чым ведамства і напісала ў сваім тэлеграм-канале. Рашэньне выносіў суд Цэнтральнага раёну Менску.

Магчымасьць прыцягваць да адказнасьці за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы пэўны час аспрэчвалі юрысты, аднак да канца восені гэтая практыка замацавалася ў рэальным жыцьці. Як лічаць сілавікі, сам факт падпіскі на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал служыць падставай для ператрусу і допыту.

На момант прызнаньня «экстрэмісцкім» канал «Чай з малінавым варэньнем» налічваў каля 140 тысяч падпісчыкаў. «Ну прызналі і прызналі», — пракамэнтаваў навіну ў размове з Свабодай адзін зь яго адміністратараў. У канцы сьнежня на канале застаецца 109 687 падпісчыкаў.

На канал «МотолькоПомоги» на момант абвяшчэньня яго «экстрэмісцкім» (23 сакавіка 2021 году, суд Партызанскага раёну Менску) былі падпісаныя каля 135 тысяч чалавек. Ад пачатку канал быў скіраваны на вырашэньне камунальных і сацыяльных праблемаў, а палітызаваўся пасьля падзеяў 2020 году. За два тыдні да абвяшчэньня рашэньня аб тэлеграм-канале крымінальную справу распачалі супраць самога Антона Матолькі. СК Беларусі перакананы, што блогер з дапамогай тэлеграму стварыў «экстрэмісцкае фармаваньне» і кіраваў ім. Зараз на канале «МотолькоПомоги» больш за 103 тысячы падпісчыкаў. З восені 2021 году да тэлеграм-каналу дадаўся яшчэ і сайт.

Канал «Беларусь головного мозга», заснаваны журналістам Свабоды Ігарам Лосікам, «экстрэмісцкім» прызналі 20 красавіка 2021 году. Ігар на той момант ужо 10 месяцаў як быў за кратамі, а канал налічваў каля 277 тысяч падпісчыкаў.

Ініцыятарам выступіў ГУБАЗіК, рашэньне прымаў суд Чыгуначнага раёну Гомля (у канцы сьнежня там жа вырашылі лёс матэрыялаў праваабарончага цэнтру «Вясна»).

На канец 2021 году канал мае амаль 175 тысяч падпісчыкаў і працягвае рэгулярна абнаўляцца.

Тэлеграм-каналы «NEXTA», «NEXTA-Live» і «LUXTA» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» прызнала МУС, гэта адбылося ў канцы кастрычніка. Самы папулярны сярод іх, «NEXTA», на той момант налічваў 926 тысяч падпісчыкаў (у жніўні 2020 году колькасьць даходзіла да 2 мільёнаў). Зараз на канал Сьцяпана Пуцілы падпісаныя крыху больш за 382 тысячы чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG