Большасьць затрыманых 18 траўня супрацоўнікаў парталу Tut.by і зьвязаных зь ім праектаў — пад арыштам ужо паўгода.
Як паведамляе Zerkalo.io, цяпер трое з 15 затрыманых фігурантаў справы — Кацярына Ткачэнка, Ірына Касьцючэнка і Сяргей Павалішаў — не знаходзяцца ў СІЗА, але праходзяць як абвінавачаныя. Іх дакладная мера стрыманьня невядомая — адвакатам і ім самім забаронена пра гэта казаць.
Удава заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская ўтрымліваецца пад хатнім арыштам.
11 чалавек вось ужо паўгода застаюцца пад арыштам: гэта Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар’я Данілава.
Дасюль застаюцца без адказу пытаньні: у чым абвінавачваюць кожнага зь іх, на каго МУС завяло яшчэ адну крымінальную справу і чаму «справа Tut.by» ахінутая сакрэтнасьцю. Ніводнае ведамства не гатовае праясьніць сытуацыю, тым часам людзі знаходзяцца за кратамі ўжо 184 дні. Адвакаты затрыманых далі падпіскі аб неразгалошваньні.