Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Веры Церлюкевіч, год таму — Лукашэнка заявіў, што на Ўсебеларускім сходзе ня будуць «адны ябацькі»


Вера Церлюкевіч на мітынгу БНФ у 1991 годзе. Фота Ул. Кармілкіна

Падзеі 31 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Год таму ў гэты дзень

  • Падчас візыту ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што на Ўсебеларускім сходзе ня будуць «адны ябацькі».
  • Палітвязень Віктар Бабарыка падзякаваў беларусам за тое, што яны зрабілі ў 2020 годзе, за дабрыню, адвагу, сумленнасьць, ахвярнасьць, любоў да адзін аднаго і краіны.
  • Стваральніцу беларускага «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры — паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу.
  • Ангела Мэркель заявіла, што ня будзе змагацца за пасаду канцлера на наступных выбарах.

Дзень у гісторыі

1918 — бальшавіцкае кіраўніцтва Беларусі, якое базавалася ў Смаленску, абвясьціла аб стварэньні ССР Беларусі. Праз тыдзень сталіца ССРБ была перанесеная з Смаленску ў Менск, а Смаленшчына разам зь Віцебшчынай, Магілёўшчынай і Гомельшчынай былі адлучаныя ад савецкай Беларусі і далучаныя да РСФСР.

1918 — нямецкая армія пакінула Вільню.

1990 — пачала дзейнічаць другая лінія Менскага мэтрапалітэну.

1991 — апошні дзень існаваньня СССР de iure.

1992 — Чэхаславаччына падзялілася на Чэскую Рэспубліку і Славаччыну.

1999 — Барыс Ельцын добраахвотна спыніў выкананьне паўнамоцтваў прэзыдэнта Расеі і перадаў іх тагачаснаму прэм’ер-міністру РФ Уладзіміру Пуціну.

Барыс Ельцын перадае паўнамоцтвы прэзыдэнта РФ Ўладзіміру Пуціну, 31 сьнежня 1999.
Барыс Ельцын перадае паўнамоцтвы прэзыдэнта РФ Ўладзіміру Пуціну, 31 сьнежня 1999.

У гэты дзень нарадзіліся

1869 Анры Матыс, францускі мастак.

"Танец", Анры Матыс
"Танец", Анры Матыс

1904 Паўлюк Шукайла, пісьменьнік, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Каб пазбыцца думкі, нібыта айчынны літаратурны працэс у 1920-я трымаўся на ціхмяных сарамяжлівых хлопцах у кашулях-вышыванках, дастаткова пазнаёміцца з асобаю паэта Паўлюка Шукайлы. Ужо адно ягонае аблічча — «баярская» бабровая шапка, паліто з кенгуровым каўняром і цяжкі сукаваты кій у руках — патыхала небясьпекаю і скандалам.

Маючы схільнасьць да лідэрства й эпатажу, ён за сваё кароткае жыцьцё пасьпеў памяняць мноства пасадаў: рэдактар слуцкай акруговай газэты, сакратар Расонскага райкаму партыі, старшыня камісіі (былі й такія!) праверкі хады беларусізацыі ў Расонскім раёне, загадчык катэдры ў Маскоўскім інстытуце кінэматаграфіі, віцэ-прэзыдэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Ленінградзе.

У ягоным расонскім кабінэце побач з партрэтам Маркса замест Леніна вісеў партрэт самога Шукайлы. Магчыма, згаданы факт таксама паўплываў на тое, што «за ўчынкі, ня вартыя члена партыі», Паўлюка на два га ды пазбавілі права займаць начальніцкія крэслы.

Гэта паспрыяла ажыўленьню літпрацэсу, бо, зьявіўшыся ў Менску, Шукайла ў 1927-м стварыў Беларускую літаратурна-мастацкую камуну, суполку, альтэрнатыўную «Маладняку» ды «Ўзвышшу» й арыентаваную на гэтак званых камуністаў-футурыстаў — расейскі ЛЕФ і ўкраінскую «Нову генерацію».

«Што мне да поля / зь яго васількамі, / пагубнай кветкай палёў?» — пісаў Паўлюк.

У сваіх публічных выступах ён бязьлітасна граміў усіх літаратурных аўтарытэтаў. Помсьцячыся, адна з ахвяраў запусьціла ў масы прыпісаны Шукайлу вершык: «Выйду я на сенажаць / ды з нагану ў жабу — бац», — што ўрэшце адно паспрыяла славе паэта-скандаліста.

Чытаючы некаторыя ягоныя опусы, я згадваў словы польскага паэта Юліяна Тувіма пра тое, што вершы маюць права быць бяз рыфмы, бяз рытму, часам нават бяз сэнсу, але нельга, каб усё гэта разам было ў адным вершы.

З другога боку, Шукайлавы радкі «На Беларусі / вада з крыві, / палеткі з курганоў і крыжоў» Міхась Зарэцкі хацеў узяць эпіграфам да свайго раману «Крывічы».

Пасьля заканчэньня Камуністычнай акадэміі ў Маскве пачалася імклівая, але нядоўгая кар’ера Шукайлы ў сьвеце кіно і тэатральнага мастацтва. (Толькі не кажыце мне, што прозьвішча не адбіваецца на лёсе асобы.)

У 1930-м адбыўся першы арышт, але Паўлюк здолеў празь месяц выйсьці на волю і неўзабаве нават атрымаў званьне прафэсара кінамастацтва.

Падчас другога арышту, у 1935-м, яго зноў жа хутка выпусьцілі, але — інвалідам з зламаным хрыбетнікам. Трэцяя сустрэча Паўлюка з «органамі» (на той час былы прафэсар ужо ператварыўся ў бамжа) сталася фатальнай.

Як «удзельнік контрарэвалюцыйнай арганізацыі» ён быў засуджаны на расстрэл. Прысуд выканалі ў наступную ж ноч.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 188–189.

1908Сымон Візэнталь, аўстрыйскі габрэй, які перажыў Галякост, усясьветна вядомы «паляўнічы за нацыстамі» (памёр у 2005 г.).

Сымон Візэнталь на трыбуне ААН, 1995
Сымон Візэнталь на трыбуне ААН, 1995

1985 Аляксандра Герасіменя, беларуская плыўчыха. Чэмпіёнка сьвету па плаваньні 2011 году ў Шанхаі, чэмпіёнка і срэбраны прызэр чэмпіянату Эўропы 2010 году ў Будапэшце. Трохразовая чэмпіёнка Эўропы сярод юніёраў 2001 году. Рэкардсмэнка Эўропы сярод юніёраў. Майстар спорту міжнароднай клясы.

Аляксандра Герасіменя з прычыны сваёй палітычнай пазыцыі вымушаная была пакінуць Беларусь, цяпер яна ўзначальвае Фонд спартовай салідарнасьці.

Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

У памяці

1916 — памёр польска-беларускі мастак Казімер Альхімовіч.

1993 — ня стала Зьвіяда Гамсахурдыя, прэзыдэнта Грузіі.

2000 — памерла Вера Церлюкевіч, рабочая, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х.

Вера Церлюкевіч на пикеце
Вера Церлюкевіч на пикеце

Яшчэ й цяпер, праз колькі гадоў пасьля яе сыходу ў тую, мроеную намі Беларусь, позірк міжволі шукае Веру Церлюкевіч на Дзень Волі, на Чарнобыльскім шляху або на Дзяды.

Знайсьці яе зазвычай можна было наперадзе — усьмешлівую, упэўненую, зь бел-чырвона-белым сьцяжком або з кветкамі гэткіх жа колераў.

Яна нарадзілася на Ма гілеўшчыне, у вёсцы, якая пасьля чарнобыльскай катастрофы назаўсёды зьнікла зь беларускіх мапаў.

Доўгія гады гэтая сялянская дачка зусім ня волатаўскага целаскладу працавала там, дзе не заўсёды вытрымліваюць і мужчыны, — кранаўшчыцай у ліцейным цэху Менскага трактарнага заводу.

У першы ж дзень рабочых красавіцкіх страйкаў 1991-га Вера Церлюкевіч зь яе абвостраным пачуцьцём справядлівасьці і змагарскім характарам зрабілася адным з галоўных арганізатараў пратэстаў на трактарным.

Гэта быў паваротны момант яе жыцьця.

У другой палове 1990-х Вера Максімаўна Церлюкевіч напоўніцу зьведала тое, што й тысячы нашых суграмадзянаў, якія адкрыта сталі на шлях барацьбы з рэжымам, — звальненьне з працы, арышты, правакацыі й зьбіцьцё тымі, каго ўлада называе ахоўнікамі правапарадку.

Падчас вулічных дэмакратычных акцыяў яна нязьменна апыналася ў самых гарачых месцах і звычайна выратоўвала кагосьці проста з рук разьятраных спэцназаўцаў.

Чалавеку зь яе бескампрамісным характарам у нашым грамадзтве было няпроста зарабіць сабе на хлеб.

З палітычных матываў Веру звольнілі нават з пасады прыбіральніцы ў кавярні, уладальнік якой быў зацятым лукашыстам.

Пасьля гэтага яна мыла вокны ў мэблевай краме й аднаго разу, упаўшы зь верхатуры, зламала сабе абедзьве рукі.

Але Вера Церлюкевіч была з тых, каго не маглі перайначыць ні зьняволеньні, ні вечныя хваробы, ні нястача.

Яе суседка, пісьменьніца й архівістка Вольга Баб кова, адзначае і такія адметныя Верыны якасьці, як нязводны альтруізм і бяссрэбніцтва.

З сваіх проста мізэрных заробкаў яна абавязкова штомесяц купляла дзецям суседзяў і сябровак цукеркі й цестачкі.

Веру Максімаўну хавалі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

У вялікай жалобнай працэсіі ішлі ня толькі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту, да якой яна належала, але і многія іншыя — тыя, каму простая работніца Церлюкевіч дала яскравы прыклад ахвярнасьці й непераможнай веры ў Беларусь.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с.474-475

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG