Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выкралі хворага чалавека са шпіталя». Саакашвілі перавялі ў турму пасьля працяглага галадаваньня


Міхэіл Саакашвілі са сваёй сяброўкай Лізай Ясько, дэпутаткай Вярхоўнай Рады Ўкраіны
Міхэіл Саакашвілі са сваёй сяброўкай Лізай Ясько, дэпутаткай Вярхоўнай Рады Ўкраіны

Экс-прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі перавялі ў турму гораду Руставі з вайсковага шпіталя ў Горы, дзе ён праходзіў рэабілітацыю пасьля галадаваньня.

Пасьля поўначы 30 сьнежня каля шпіталя ў Горы заўважылі машыны пэнітэнцыярнай службы Міністэрства юстыцыі Грузіі. Каля трох гадзін ночы яны прыехалі на тэрыторыю рустаўскай турмы. Адвакатам Саакашвілі не сказалі пра перавод іхнага падабароннага. Яны назвалі начныя падзеі «выкраданьнем».

«Яны прабраліся ўначы і папросту выкралі хворага чалавека са шпіталя. Наша крыніца інфармацыі была той жа, што і ў вас — гэта мясцовае насельніцтва», — сказаў у эфіры тэлеканалу «Формула» адвакат Шота Тутбэрыдзэ.

Каля Рустаўскай турмы ўначы сабраліся прыхільнікі трэцяга прэзыдэнта Грузіі, лідэры найбуйнейшай апазыцыйнай партыі краіны «Адзіны нацыянальны рух». На месцы ўзмацнілі захады бясьпекі, мабілізавалі спэцтэхніку.

Адвакат Саакашвілі Ніка Гварамія наведаў палітыка ў турме і заявіў, што вязень «некамунікабэльны, слабы і адурманены», перасоўваецца з дапамогай канвою, самастойна хадзіць ня можа.

З словаў Гварамія, падчас пераводу ў турму Саакашвілі не аказваў супраціву сілавікам праз слабасьць, не было і фізычнага гвалту над ім.

«Уражвае цынізм, якім чынам гэта зрабілі. Хворага Міхэіла супраць волі вывезьлі ўначы, не папярэдзіўшы адвакатаў. Стан ягонага здароўя крытычны і выклікае хваляваньне: пасьля трох гіпэртанічных крызаў ён адчувае сябе надзвычай кепска, некалькі дзён перад гэтым ён не падымаўся з ложка», — абурылася інцыдэнтам упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава.

Некалькі дзён таму экс-прэзыдэнта ўжо спрабавалі вярнуць у турму. Тады ён страціў прытомнасьць.

Што здарылася раней

  • Міхэіла Саакашвілі затрымалі ў Грузіі 1 кастрычніка 2021 году падчас вячэры ў Тбілісі, калі ён вярнуўся ў краіну праз 8 гадоў. Яго зьмясьцілі ў турму гораду Руставі, дзе звычайна трымаюць былых дзяржаўных службоўцаў і супрацоўнікаў сілавых структураў. Ён у той жа дзень абвясьціў галадоўку.
  • 8 лістапада праз пагаршэньне стану здароўя Саакашвілі перавялі ў шпіталь пры турме ў Глданскім раёне Тбілісі. Адвакаты і лекарка скардзіліся на невыносныя ўмовы ўтрыманьня экс-прэзыдэнта, пастаянны шум, які чынілі зьняволеныя, брак адпаведнага абсталяваньня і каманды лекараў у турэмным шпіталі.
  • На 50-ы дзень галадаваньня 20 лістапада Саакашвілі перавялі ў вайсковы шпіталь у Горы, дзе ён спачатку знаходзіўся ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі, а потым праходзіў курс рэабілітацыі.
  • Міхэіл Саакашвілі быў прэзыдэнтам Грузіі з 2004 па 2013 год. У 2013 годзе ён зьехаў з краіны. На яго завялі некалькі крымінальных справаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG