Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азэрбайджане прынялі законапраект, які абмяжоўвае працу незалежных СМІ


Пратэст журналістаў у Баку 28 сьнежня 2021 году

Нацыянальны сход Азэрбайджану прыняў у трэцім чытаньні законапраект «Аб мэдыя», супраць якога выступалі журналісты незалежных і апазыцыйных СМІ. Пра гэта паведамляе азэрбайджанская служба Радыё Свабода.

Законапраект прадугледжвае стварэньне рэестру журналістаў і адзінай прэс-карты. Толькі тыя, хто мае карту і чыё СМІ зарэгістравана ўладамі, змогуць карыстацца статусам журналіста. Астатнія рызыкуюць сутыкнуцца з абмежаваньнем дзейнасьці, у прыватнасьці падчас працы з афіцыйнымі крыніцамі, якія могуць ігнараваць іх.

Акрамя таго, пры рэгістрацыі журналістаў улады краіны атрымліваюць доступ да іх асабістых зьвестак, сярод якіх адрасы, банкаўскія рахункі і кантракты.

Новы закон яшчэ больш ускладніць працу СМІ, якія базуюцца за мяжой, як, напрыклад, Meydan TV у Бэрліне ці іншыя інтэрнэт-тэлеканалы. Без рэгістрацыі ў Азэрбайджане дзейнасьць карэспандэнтаў гэтых СМІ на месцы становіцца незаконнай.

Журналісты, згодна з законапраектам, мусяць «аб’ектыўна» тлумачыць факты і падзеі і не выкарыстоўваць інфармацыю зь неафіцыйных крыніц. Законапраект таксама забараняе распаўсюджваньне любой выявы чалавека, нават у публічным месцы, безь яго пісьмовага дазволу.

Раней арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» заклікала ўлады перагледзець законапраект, які, на яе думку, супярэчыць Канстытуцыі Азэрбайджану і прынцыпам Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека.

«Гэты закон, напоўнены недакладнымі фармулёўкамі і супярэчнасьцямі, накіраваны на далейшы кантроль над СМІ і легалізацыю цэнзуры», — сказала Жанна Кавэлье, кіраўніца аддзяленьня арганізацыі ўва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

28 сьнежня больш за 30 журналістаў незалежных і апазыцыйных СМІ выйшлі на акцыю супраць законапраекту «Аб мэдыя». Прысутныя скандавалі: «Свабоду прэсе», «Мы ня зьнікнем з вашай забаронай» і «Не — рэпрэсіўнаму закону».

Пратэстоўцы адзначылі, што законапраект у выпадку ўхваленьня пагоршыць рэпрэсіі і дасьць дзяржаве шырокія магчымасьці вызначаць, хто менавіта можа займацца журналістыкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG