Адпаведны дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.
Дакумэнтам абмяжоўваюць гранічны максымальны нарматыў рэнтабэльнасьці, які выкарыстоўваецца для вызначэньня сумы прыбытку, што падлягае ўключэньню ў адпускныя цэны. Ён не павінен перавышаць узроўню рэнтабэльнасьці за студзень–лістапад 2021 году, або 10%, калі фактычны ўзровень рэнтабэльнасьці за названы пэрыяд склаў менш як 10%. Пастановай таксама зацьверджаны максымальныя надбаўкі імпартэра, а таксама максымальныя аптовыя і гандлёвыя надбаўкі з улікам аптовай надбаўкі. Яны абмежаваны ў межах 15-30% у залежнасьці ад тавару.
Сярод тавараў, на якія будуць стрымліваць рост цэнаў: пшанічная мука, аўсяныя і ячныя крупы, многія віды хлеба, вэрмішэль, локшына, ялавічына і сьвініна (апрача бескасьцёвага мяса), куры, каўбасы, рыба, алей, многія малочныя прадукты, курыныя яйкі, яблыкі, рэпчатая цыбуля, буракі, морква, бульба, цукар, кашы і мясныя кансэрвы для дзіцячага і дыетычнага харчаваньня.
Пастанова ўступіць у сілу 1 студзеня 2022 году і будзе дзейнічаць тры месяцы.