Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволенага адваката Максіма Знака этапавалі ў калёнію


Музыка Зьміцер Кукс і адвакат Максім Знак
Музыка Зьміцер Кукс і адвакат Максім Знак

Пра гэта Свабодзе паведаміў бацька палітзьняволенага Аляксандар Знак.

Куды накіравалі Максіма Знака адбываць пакараньне, пакуль невядома. Этап пачаўся ўвечары 28 сьнежня.

«Калі даедзе (а гэта можа адбыцца не за адзін дзень), то праз пэўны час жонцы мусяць патэлефанаваць і паведаміць, дзе ён», — расказаў Аляксандар Знак.

Больш за год Максім Знак сядзеў на «Валадарцы».

24 сьнежня Вярхоўны суд Беларусі разглядаў апэляцыйныя скаргі на прысуд Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку. Абскардзілі прысуд як самі Марыя і Максім, так і іхная абарона. Суд пакінуў выракі ў сіле, якія такім чынам набылі моц.

6 верасьня Менскі абласны суд асудзіў Марыю Калесьнікаву на 11 гадоў калёніі агульнага рэжыму, а Максіма Знака, юрыста штабу Віктара Бабарыкі, — на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта спробу дзяржаўнага перавароту.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG