Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ траіх музыкаў з гурту Irdorath асудзілі на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму


Архіўнае фота. Музыкі гурту Irdorath на акцыі пратэсту ў Менску

Музыкаў Пятра Марчанку, ягоную жонку Юлію Марчанку (Юніцкую) і Антона Шніпа з гурту Irdorath асудзілі на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму, паведаміла «Беларуская рада культуры».

Іх прызналі вінаватымі ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Пятро Марчанка і Антон Шніп — былыя ўдзельнікі музычнага гурту Irdorath, Пятро граў у гурце на струнных (гітара і інш.), а Антон быў бубначом. Юлія — сьпявачка і ў нядаўнім мінулым кіраўніца дзіцячага хору, удзельнічала ў выступах Irdorath як бэк-вакалістка.

  • 2 жніўня 2021 году людзі са зброяй затрымалі 14 чалавек на сьвяткаваньні дня народзінаў Надзеі Калач. Спачатку ўсіх вінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) — маўляў, не адчынілі вароты дома пад Менскам. Чатырох чалавек аштрафавалі ў судзе Менскага раёну на сумы ад 870 да 1160 рублёў. А на шасьцярых завялі крымінальныя справы — гэта Ўладзімер Калач, Надзея Калач, Антон Шніп, Пётра Марчанка, Зьміцер Шыманскі, Юлія Марчанка.
  • Прэс-служба МУС паведамляла, што «ў жніўні 2020 году група „дудароў“ неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў і з выкарыстаньнем музычных інструмэнтаў залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян». Пэрформанс каардынатараў «узмацняў пратэставы настрой удзельнікаў».
  • Першым паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу 29 кастрычніка асудзілі Зьмітра Шыманскага — 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Згодна з абвінавачаньнямі, 16 жніўня 2020 году Зьміцер Шыманскі разам зь Пятром Марчанкам, Юліяй Юніцкай, Надзеяй Калач, Уладзімерам Калачом, Антонам Шніпам на вуліцы Леніна ў Менску «рухаўся ў натоўпе, публічна выкрыкваў лёзунгі, перакрываў праезную частку, адмаўляўся падпарадкоўвацца патрабаваньням міліцыянтаў». Зьміцер Шыманскі ня стаў чакаць «разьмеркаваньня на хімію» і выехаў зь Беларусі. Цяпер ён у Варшаве.
  • 14 сьнежня на 2 гады пазбаўленьня волі па ч. 1 і 2 арт. 342 КК асудзілі заснавальнікаў і ўдзельнікаў гурту Irdorath Надзею і Ўладзімер Калач — за тое, што яны гралі на пратэставых маршах 16 жніўня, 6 верасьня і 25 кастрычніка 2020 году.

Irdorath — папулярны ў Беларусі і за яе межамі фэнтэзі-фольк-гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструмэнтам мае ўнікальнае гучаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG