Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Удзячны ўсім, хто хвалюецца за іх лёс». Сястра асуджанага музыкі Irdorath расказала пра спатканьне з братам


Уладзімер Калач, архіўнае фота

Сястра асуджанага музыкі гурту Irdorath Уладзімера Калача на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісала пра спатканьне з братам.

«Учора я і мой брат наведалі Вову, ён трымаецца добра, былі зьмены па камэры і ягоныя ўмовы сталі горшыя, але зараз яго вярнулі туды, дзе ён быў доўгі час, і таму настрой яго палепшылася.

Ён да сьлёз перажывае аб Надзі і аб яе здароўі (зубы). За сябе не хвалюецца, кажа, што добра ладзіць з людзьмі, таму ўсё будзе добра. Ён кожную хвіліну думае толькі пра Надзю і пра доўгае расстаньне, гэта цяжка.

Вова вельмі ўдзячны ўсім, хто хвалюецца за іх лёс, прачытаў вашыя камэнтары і зразумеў што падтрымка ёсьць, ад гэтага станавіцца спакайней».

14 сьнежня ўдзельнікам фолк-гурту Irdorath, мужу і жонцы Ўладзімеру і Надзеі Калач, суд прызначыў па 2 гады зьняволеньня за «музычнае суправаджэньне» мінулагодніх пратэстаў.

Музыкаў абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 КК) і навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, фінансаваньні ці іншым матэрыяльным забесьпячэньні (ч. 2 арт. 342 КК).

Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Якунчыхін, дзяржабвінаваўца — памочніца пракурора Вольга Емяльянчанка.

У справе было некалькі эпізодаў — удзел у маршах пратэсту 16 жніўня, 6 верасьня і 25 кастрычніка 2020 году. Музыкі віну ў судзе прызналі толькі па частцы першай арт. 342, другую — навучаньне і фінансаваньне асобаў для групавых дзеяньняў — адмовілі.

Людзі са зброяй затрымалі 2 жніўня 2021 году 14 чалавек на сьвяткаваньні дня народзінаў Надзеі Калач. Спачатку ўсіх вінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) — маўляў, не адчынілі вароты дому пад Менскам. Чатырох чалавек аштрафавалі ў судзе Менскага раёну на сумы ад 870 да 1160 рублёў. А на шасьцярых завялі крымінальныя справы — гэта Ўладзімер Калач, Надзея Калач, Антон Шніп, Пётра Марчанка, Юлія Юніцкая.

Прэс-служба МУС паведамляла, што «ў жніўні 2020 году група „дудароў“ неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў і з выкарыстаньнем музычных інструмэнтаў залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян». Пэрформанс каардынатараў «узмацняў пратэставы настрой удзельнікаў».

Першым паводле артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак) вынесьлі 29 кастрычніка прысуд Зьмітру Шыманскаму. Справу разглядаў судзьдзя Алег Каляда. Згодна з абвінавачаньнямі, 16 жніўня 2020 году Зьміцер Шыманскі разам зь Пятром Марчанкам, Юліяй Юніцкай, Надзеяй Калач, Уладзімерам Калачом, Антонам Шніпам на вуліцы Леніна ў Менску «рухаўся ў натоўпе, публічна выкрыкваў лёзунгі, перакрываў праезную частку, адмаўляўся падпарадкоўвацца патрабаваньням міліцыянтаў».

Вырак — 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Аднак дудар гурту Irdorath ня стаў чакаць «разьмеркаваньня на хімію» і выехаў зь Беларусі. Цяпер ён у Варшаве.

Irdorath — папулярны ў Беларусі і за яе межамі фэнтэзі-фольк-гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструмэнтам мае ўнікальнае гучаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG