Старонкі жыхароў менскага кварталу «Каскад» у сацсетках прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Велізарны нацыянальны беларускі сьцяг, вывешаны з дома ў квартале «Каскад». 18 кастрычніка 2020
Велізарны нацыянальны беларускі сьцяг, вывешаны з дома ў квартале «Каскад». 18 кастрычніка 2020

Жыхары менскага кварталу бралі актыўны ўдзел у пратэстах 2020 году.

У Беларусі зьявілася новае «экстрэмісцкае фармаваньне», МУС палічыў ім жыхароў менскага кварталу «Каскад», якія нібыта «ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць праз Telegram і Instagram».

Такім чынам, «экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі тэлеграм-канал «Каскад Live» і інстаграм-акаунт kaskad.power, паведамляе тг-канал ГУБАЗіК.

Жылы комплекс «Каскад» праславіўся на пратэстах 2020 году. Яго жыхары і іншыя пратэстоўцы перакрывалі дарогі пакрышкамі, каб ня мог праехаць АМАП, рэгулярна вывешвалі ў двары і на дамах нацыянальныя сьцягі, у тым ліку вялізнае бел-чырвона-белае палотнішча ў 22 паверхі даўжынёй.

Сілавікі рабілі аблавы на раён, узломвалі дзьверы і ўрываліся ў кватэры да людзей, дзе білі іх і праводзілі ператрусы.

Па Беларусі коціцца хваля прызнаньняў шэрагу арганізацый «экстрэмісцкімі». Такімі сілавікі прызнаюць незалежныя СМІ, аб’яднаньні грамадзян, арганізацыі былых сілавікоў і іншыя.

​
XS
SM
MD
LG