Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Дэсманд Туту, першы чорнаскуры біскуп ПАР і змагар з апартэідам


Дэсманд Туту, 2007 год
Дэсманд Туту, 2007 год

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1984 года, арцыбіскуп Англіканскай царквы Дэсманд Туту памёр на 91-м годзе жыцьця ў шпіталі ў Кейптаўне.

Пра гэта ў нядзелю паведаміў прэзыдэнт ПАР Сірыл Рамафоса.

Туту — адзін з самых вядомых барацьбітоў з апартэідам — рэжымам праўленьня белай меншасьці ў ПАР, які існаваў з канца 1940-х да 1994 года. Ён быў першым чарнаскурым выкладчыкам англіканскай сэмінарыі ў краіне, першым чарнаскурым біскупам Ёханэсбурга, узначальваў Паўднёва-афрыканскую раду цэркваў і Усеафрыканскую канфэрэнцыю цэркваў.

Патрабуючы ад сусьветнай супольнасьці ўзмацніць ціск на паўднёваафрыканскія ўлады, ён адначасова заклікаў да міжкультурнага і міжрасавага дыялёгу ўнутры краіны. І актыўна адстойваў дэмакратычныя каштоўнасьці, асабіста прымаючы ўдзел у дыялёгу аб перадачы ўлады ўраду, які прадстаўляе ўсё насельніцтва.
Пасьля дэмантажу апартэіду біскуп узначальваў Камісію праўды і прымірэньня, створаную для расьсьледаваньня палітычна матываваных злачынстваў часоў расавай сэгрэгацыі. Яна амніставала прыкладна дзясятую частку абвінавачаных у палітычных злачынствах.

«Сьмерць арцыбіскупа Туту — яшчэ адна сумная глава ў разьвітаньні нашай нацыі з пакаленьнем выдатных паўднёваафрыканцаў, якія завяшчалі нам вызваленую Паўднёвую Афрыку», — сказана ў заяве прэзыдэнта Рамафосы на яго афіцыйным сайце.

Туту памёр праз некалькі тыдняў пасьля сьмерці ва ўзросьце 85 гадоў Фрэдэрыка дэ Клерка, апошняга прэзыдэнта Паўднёвай Афрыкі пры апартэідзе і ключавога гульца ў пераходзе краіны да дэмакратыі.

Дэ Клерк атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру разам з Нэльсанам Мандэлай у 1993 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG