Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малі адмаўляе разьмяшчэньне расейскай вайсковай групоўкі «Вагнера» ў краіне


Расейскія сьцягі на пратэстах у Малі супраць францускага ўплыву, травень 2021
Расейскія сьцягі на пратэстах у Малі супраць францускага ўплыву, травень 2021

Афрыканская дзяржава пасьля крытыкі з боку Эўразьвязу адмовілася ад любога разгортваньня расейскіх наймітаў у краіне.

Урад Малі адмаўляе любое разгортваньне расейскіх наймітаў з прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера пасьля абвінавачаньняў, што прагучалі на пачатку тыдня ад больш чым дзясятка эўрапейскіх краін, а таксама Канады.

Бамака «афіцыйна адмаўляе беспадстаўныя сьцьвярджэньні» аб «меркаваным разьмяшчэньні элемэнтаў прыватнай кампаніі ў Малі», гаворыцца ў заяве ўраду.

Больш за дзясятак заходніх краін 23 сьнежня рашуча асудзілі меркаванае разьмяшчэньне ў Малі расейскіх наймітаў, якія працуюць на групоўку Вагнера, і абвінавацілі Маскву ў матэрыяльнай падтрымцы баевікоў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ПВК не прадстаўляе расейскую дзяржаву і не атрымлівае ад яе грошай. Ён таксама сказаў, што прыватныя вайсковыя падрадчыкі маюць права працаваць і адстойваць свае інтарэсы ў любой кропцы сьвету, пакуль яны не парушаюць расейскага заканадаўства.

Краіны, у тым ліку Францыя, Нямеччына і Вялікая Брытанія, заклікалі Расею «вярнуцца да адказных і канструктыўных паводзінаў у рэгіёне».

«Гэта разгортваньне можа толькі яшчэ больш пагоршыць сытуацыю зь бясьпекай у Заходняй Афрыцы, прывесьці да абвастрэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Малі», — заявілі краіны ў звароце.

Таксама там гаварылася, што дзяржавы «глыбока шкадуюць» аб выбары малійскіх уладаў выкарыстаць «і без таго дэфіцытныя дзяржаўныя сродкі» для аплаты замежных наймітаў замест падтрымкі малійскіх узброеных сілаў.

Вашынгтон не падпісаў заяву, але яшчэ ў пачатку сьнежня дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен папярэдзіў Малі аб недапушчальнасьці прыманьня ў сваёй краіне наймітаў Вагнера, заявіўшы, што такое пагадненьне яшчэ больш дэстабілізуе краіну.

Сам урад Малі яшчэ 23 сьнежня заяўляў, што ў краіне знаходзяцца «расейскія трэнэры» ў рамках «умацаваньня апэратыўнага патэнцыялу сіл нацыянальнай бясьпекі».

Малі жыве ва ўмовах устойлівай палітычнай нестабільнасьці ад 2012 году. У траўні да ўлады прыйшоў пераходны ўрад на чале з вайскоўцамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG