Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: у сужэнцаў Ярашэвіча і Канавалавай пагоршыўся зрок, у Баярскага кашаль не спыняецца чацьвёрты месяц


Антаніна Канавалава

На 24 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ў Беларусі 952 чалавека.

Антаніна Канавалава знаходзіцца ў гомельскай калёніі, а ейны муж — у ваўкавыскай. Іх дзеці больш за год ня бачылі бацькоў. Апошнія навіны ад сужэнцаў «Вясне» расказала маці Антаніны Ганна.

Ганна паведаміла, што калі яе дачка прыехала ў калёнію, ейныя прывезеныя з сабой рэчы забралі, а наўзамен выдалі «турэмнае» адзеньне.

«Ружовая сукенка ў белыя кветачкі ці лісточкі. Спадніца і пінжак балотнага колеру. Потым дадалі фуфайку. Акрамя гэтага, яна ходзіць з жоўтай біркай як схільная да экстрэмізму», — кажа Ганна.

Адразу Антаніну паставілі працаваць швачкай.

«Але ў яе дрэнны зрок, які, відаць, яшчэ пацярпеў з моманту Акрэсьціна, проста бяда, — кажа Ганна. — Бацька Тоні праз ДВП (Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў), праз начальніка калёніі падаваў усе дакумэнты, што чалавек дрэнна бачыць.

Потым Тоню перавялі са швейнага цэха, цяпер яна прасуе. Але там таксама ня ўсё ў парадку. Яны прасуюць з воцатам, ідзе пара. Зьбіраем далей дакумэнты, каб паказаць яе дактарам, каб, магчыма, нейкі сабраць МРЭК (мэдыка-рэабілітацыйную экспэртную камісію), таму што ўсё вельмі сумна».

Бацька Антаніны застаўся ў Беларусі, каб дапамагаць дачцэ «на месцы». Ён змог атрымаць працяглае спатканьне, але яно было нядоўгім.

«Належыць спатканьне трое сутак, але „палітычным“ толькі адны суткі. Належыць 5 кг з сабой забраць прадуктаў, але палітычным не належыць нічога. З жоўтымі біркамі яны ня могуць зьбірацца разам, ня могуць абняцца, размаўляць адно з адным — усё гэта строга забаронена. Нельга дзяліцца ні з кім — яблыкам, цукеркай, цыгарэтай. У бібліятэцы „палітычным“ ня ўсе кнігі выдаюць. Працуюць зь імі ідэолягі, выклікаюць на гутаркі, схіляюць да таго, што трэба падпісваць прашэньне».

У бацькоў Антаніны перапісвацца зь зяцем Сяргеем Ярашэвічам атрымліваецца, але перадаваць перадачы — не. Па словах Ганны, з блізкіх крэўных сваякоў у Сяргея ёсьць толькі ягоны бацька. Але той падтрымлівае яго мала.
З кароткіх лістоў Сяргея стала вядома, што і ягоны зрок у калёніі падае. Ён піша, што ў яго «ўсё добра», і пытаецца пра дзяцей.

Ганна, маці Антаніны Канавалавай, зь яе дзецьмі на акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, Варшава, 8 жніўня 2021
Ганна, маці Антаніны Канавалавай, зь яе дзецьмі на акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, Варшава, 8 жніўня 2021

«Дзеці — гэта балючае месца для абаіх, асабліва для Тоні. Яна вельмі перажывае, што шмат прапусьціць і ўжо прапусьціла. Гэта самае [вялікае] пакараньне — ня бачыць дзяцей», —кажа Ганна.

«Кашаль не спыняецца чацьвёрты месяц». У Арцёма Баярскага праблемы са здароўем


Родныя палітвязьня Арцёма Баярскага, якому прысудзілі пяць гадоў калёніі, сустрэліся з хлопцам у СІЗА, паведамляе «Вясна».

Па іх словах, у Арцёма чацьвёрты месяц не спыняецца кашаль, а па скуры пайшла невядомая алергія. Але, нягледзячы на гэта, хлопец трымаецца бадзёра.

Арцёму Баярскаму 20 гадоў, родам ён з Горадні. Вучыўся на другім курсе хімфаку БДУ. У жніўні 2020 году адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі разам з сотняй іншых студэнтаў.

Першы раз Арцёма затрымалі 16 лістапада 2020 году пасьля маршу пажылых людзей у Менску. Тады арыштавалі на 15 сутак. Другі раз яго жорстка затрымалі сёлета 24 сакавіка за бел-чырвона-белы сьцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе ягонага інтэрнату. Спачатку ён адбыў адміністрацыйны арышт. Потым на яго завялі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня».

9 сьнежня судзьдзя Алены Шалько пакарала Баярскага 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму. Арцёма Баярскага прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне і кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG