Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік «ДНР» Барадай набыў апартамэнты ў Дубаі за 450 тысяч эўра


Аляксандар Барадай
Аляксандар Барадай

Былы кіраўнік так званай «Данецкай народнай рэспублікі», цяпер — дэпутат расейскай Думы Аляксандар Барадай амаль адразу пасьля вяртаньня з Данбасу набыў апартамэнты ў Дубаі коштам каля 450 тысяч эўра.

Гэта сьцьвярджае каманда Навальнага са спасылкай на базу зьвестак уладальнікаў нерухомасьці ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Паводле базы, апартамэнты з відам на Пэрсыдзкую затоку і плошчай 104 квадратныя мэтры знаходзяцца на беразе штучна збудаванай выспы Палм-Джумэйра. Ад жыльля Барёадая да пляжу крыху больш за сто мэтраў.

Прыкладна ў гэты ж час, увосень 2015 году, Барадай купіў кватэру і ў прэстыжным раёне Масквы — на Ламаносаўскім праспэкце. Яе плошча 142 квадратныя мэтры, а рыначны кошт каля 100 мільёнаў расейскіх рублёў (блізу 1,5 мільёна даляраў).

Нарэшце, у красавіку 2021 году Аляксандр Барадай набыў новы аўтамабіль LEXUS за 5 мільёнаў 614 тысяч расейскіх рублёў. Пры гэтым, згодна з афіцыйнай дэклярацыяй за 2020 год, даход былога кіраўніка «ДНР» складаў 0 рублёў, а на рахунках у банках у яго заставалася 313 тысяч.

У расьсьледаваньні адзначаецца, што, ідучы на верасьнёўскія выбары ў Дзяржаўную думу, Барадай не задэкляраваў замежную маёмасьць. Паводле закону гэта абавязаны рабіць усе кандыдаты. Каманда Навальнага лічыць, што цяпер Барадай мусіць быць пазбаўлены дэпутацкага мандату.

Маскоўскі палітоляг і спэцыяліст PR Аляксандар Барадай займаў пасаду старшыні рады міністраў так званай «ДНР» з 16 траўня па 7 жніўня 2014 году — у разгар узброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Барадай ня раз заяўляў, што паехаў на Данбас як добраахвотнік. Ён таксама сьцьвярджаў, што быў кіраўніком сэпаратыстаў «абсалютна бясплатна» і «нічога на гэтым не зарабіў». Пазьней высьветлілася, што дзейнасьцю Барадая апекаваўся асабіста дарадца Ўладзіміра Пуціна Ўладзіслаў Суркоў.

У верасьні 2021 году Барадай балятаваўся ў Дзяржаўную думу РФ у сьпісе партыі «Единая Россия» ад Растоўскай вобласьці. Экс-кіраўнік так званай «ДНР» быў у сьпісе пад восьмым, заведама непрахадным, нумарам, але атрымаў месца ў Думе пасьля таго, як ад мандатаў адмовіліся першыя чатыры нумары сьпісу — у прыватнасьці, губэрнатар Растоўскай вобласьці Васілій Голубеў і ягоны намесьнік.

  • Узброены канфлікт на ўсходзе Ўкраіны пачаўся вясной 2014 году, неўзабаве пасьля анэксіі Расеяй Крыму. Паводле міжнародных назіральнікаў, яго ахвярамі сталі звыш 13 тысяч чалавек. Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Крэмль як у прамым вайсковым удзеле ў канфлікце, так і ў фінансавай падтрымцы наймітаў і сэпаратыстаў Данбасу. Расейскія ўлады гэтыя абвінавачаньні адпрэчваюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG