Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «тэрарыстычную дзейнасьць» ГУБАЗіК затрымаў шэсьць чалавек


Сядзіба ГУБАЗіК у цэнтры Менску

Затрыманьні прайшлі ў межах справы, якую згадаў 22 сьнежня Лукашэнка. Аднак праўдападобна, што гэта тыя самыя людзі, якіх затрымалі на пачатку месяца.

Як высьвятляецца, затрыманьні былі прынамсі ў двух гарадах — Менску і Гомлі. Лукашэнка напярэдадні сказаў пра «6-7 чалавек», адзін зь якіх быццам уцёк у Расею.

«Затрыманымі аказаліся трое нясуджаных менчукоў 32, 36 і 43 гадоў, якія аб’ядналіся ў закрытым Telegram-чаце, які зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем ініцыятывы „Буслы ляцяць“. Іхнаю мэтаю быў гвалт у дачыненьні праваахоўнікаў, службовых асобаў, органаў дзяржаўнай улады, а таксама пашкоджаньне іх маёмасьці ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў», — сказаў начальнік аддзелу ГУБАЗіК Сяргей Ванагель, чые словы прыводзіць Zerkalo.io.

Пазьней пятае ўпраўленьне ў Менску ГУБАЗіК МУС Беларусі паведаміла БелТА, што выявілі удзельнікаў групы, якія ўчынялі «акцыі накіраванага дзеяньня» ў адносінах да чыноўнікаў, а таксама на шкоду аб’ектам гарадзкой інфраструктуры.

Дзеля гэтага яны стварылі закрытую тэлеграм-групу «Кулінарныя рэцэпты» («Кніга рэцэптаў», «Bon Apetit»), у якую ў розны час уваходзіла да 10 чалавек. Вынікі выкладвалі ў групу, а затым накіроўвалі адміністратарам тэлеграм-каналу «Буслы Ляцяць» зь нефармальнай арганізацыі «Супраціў», прызнанай Вярхоўным судом «тэрарыстычнаю».

Паводле сілавікоў, 4 сакавіка ўдзельнікі групы на невартаванай аўтастаянцы ў двары дому № 1А на вуліцы Ватуціна ў Барысаве пашкодзілі чатыры шыны аўтамабіля Lada Vesta, які належыць судзьдзю, а таксама аблілі чырвонай фарбай элемэнты кузава.

14 сакавіка паблізу дому № 5 на вуліцы Адзінцова ў Менску пашкоджаны аўтамабіль Land Rover, які належыць адміністратару тэлеграм-каналу «Людажор», карэспандэнту газеты «СБ. Беларусь сегодня».

8 красавіка пашкодзілі вокны кватэры па вуліцы Лідзкай у Менску, дзе жыве намесьнік начальніка аддзелу пракуратуры.

Таксама нібыта ўдзельнікі групы 2 чэрвеня на вуліцы Якубоўскага, 15 у Менску пашкодзілі 13 камэраў відэаназіраньня, а 15 чэрвеня выкралі і зьнішчылі яшчэ 21 аналягічную камэру на вуліцы Лабанка, 81 і 89.

Сілавікі пішуць, што затрымалі шасьцёх удзельнікаў групы. Яшчэ двое выехалі за межы Беларусі.

Крымінальныя справы прыняў да вядзеньня сьледчы ўпраўленьня Сьледчага камітэту ў Менску. Супраць удзельнікаў групы пачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 290-4 (стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй), а таксама чатыры крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча).

Ініцыятыва «Буслы ляцяць» уваходзіць у аб’яднаньне «Супраціў», якое ставіць на мэце зьнішчэньне ўлады Лукашэнкі ў Беларусі. Пакуль арганізацыя ніяк не пракамэнтавала затрыманьні людзей, не пацьвердзіла або зьняпраўдзіла іх дачыненьне да арганізацыі.

У Гомлі напярэдадні затрымалі грамадзяніна Расеі зь відам на жыхарства ў Беларусі, які рэзаў колы тралейбусаў і падпаліў машыну сілавіка.

Аднак пра затрыманьне трох менчукоў менавіта такога веку яшчэ 7 сьнежня паведамляў Сьледчы камітэт. У сакавіку сёлета яны ў Барысаве нібыта парэзалі колы і аблілі фарбай аўтамабіль судзьдзі. Група «Буслы ляцяць» праз тыдзень пасьля гэтага паведаміла пра сваю атаку на базу ўнутраных войскаў у пасёлку Валоўшчына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG