Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў аб затрыманьні сямі чалавек за спробы ўчыніць тэракты


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

22 сьнежня на сустрэчы з чыноўнікамі Гомельскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне сямі чалавек за спробу ўчыніць тэракты, паведамляе БЕЛТА.

«Міністар унутраных справаў мне даклаў. Сёньня ноччу — учора днём затрымалі 6 ці 7 чалавек, якія спрабавалі ўчыніць тэракты. Некаторыя — мы проста назіралі і чакалі, калі яны пад камэру гэта зробяць. Усё зьнялі. Супраць дзяржаўных службоўцаў, асабліва супраць работнікаў пракуратуры, і нават на судзьдзяў пакацілі ўжо. Сем чалавек затрымалі. Аднаго шукаем. Знойдзем, здаецца, у Расею пабег. Але там прывязуць нам яго», — сказаў Лукашэнка.

Як заявіў БелТА начальнік упраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці Аляксандар Мельнікаў, адзін з затрыманых — жыхар Гомля, які «зьдзейсьніў падпал аўтамабіля міліцэйскага начальніка і пракалоў колы чатырох дзясяткаў тралейбусаў».

Таксама ён выказаўся пра «тых, хто спрабуе распаліць абстаноўку ў краіне» і «будзе байкатаваць наш рэфэрэндум», пры гэтым згадаў затрыманага прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 Мікалая Брэдзелева:

«У іх найважнейшая мэта — улезьці ў дзяржаўны апарат. Таму майце гэта на ўвазе. Будзьце акуратныя пры падборы кадраў. Будзьце вельмі акуратныя і асьцярожныя. Бо мы разам зь міліцыяй, КДБ і пракуратурай, Сьледчым камітэтам дагэтуль выцягваем гэтых мярзотнікаў. Нядаўна вось у „А1“ затрымалі прэс-сакратара. Цэнтральнай фігурай у іх быў. Браў зьвесткі і ўсё гэта перакідаў», — заявіў Лукашэнка.

13 сьнежня сілавікі затрымалі прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 Мікалая Брэдзелева, яго пакаралі арыштам на 15 дзён. На «пакаяльным» відэа сілавікоў Брэдзелеў кажа, што нібыта перадаваў блогеру Антону Матольку інфармацыю, «зьвязаную зь яго прафэсійнай дзейнасьцю».

У кампаніі А1 заявілі, што не атрымлівалі афіцыйных прэтэнзіяў ад уладаў і што Брэдзелеў ня меў доступу да пэрсанальных зьвестак кліентаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG