Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Латвіі: «Пра ролю Расеі ў гібрыднай агрэсіі на межах згадвалі мала»


Артыс Пабрыкс

У Латвіі гатовыя адказваць на магчымую эскаляцыю канфлікту на памежжы. Кіраўнік абароннага ведамства заклікае Эўразьвяз сур’ёзна дапамагчы Ўкраіне і зьнізіць энэргазалежнасьць ад Масквы, якая ўжо свабодна дзейнічае на тэрыторыі Беларусі.

Наіўна думаць, што можна захаваць мір або супакоіць агрэсара, не дапамагаючы яго патэнцыйнай ахвяры, сказаў міністар абароны Латвіі Артыс Пабрыкс у інтэрвію Sargs.lv, выказваючы сваю думку аб эўрапейскай падтрымцы Ўкраіны перад пагрозамі Расеі і магчымасьці расейскага ўварваньня з боку Беларусі.

Міністар таксама прызнаў, што, зьбіраючы войскі на ўкраінскай мяжы, Расея спрабуе ня толькі падпарадкаваць сабе суседнюю краіну, але і любымі сродкамі, у тым ліку энэргетычным і палітычным ціскам, аслабіць Захад і падзяліць як Эўразьвяз, так і NATO. Такім чынам, на думку латыскага міністра, у ЭЗ няма іншага выбару, акрамя як паменшыць залежнасьць ад расейскіх энэргарэсурсаў. Калі гэтага ня будзе, уплыў Крамля ў Эўропе будзе толькі расьці.

Апошнія патрабаваньні Пуціна да NATO наконт узбраеньняў і недапушчальнасьці ўступленьня ў альянс Украіны, на думку Пабрыкса, зьвязаныя з жаданьнем Масквы аслабіць абароназдольнасьць краінаў Балтыі, Румыніі і Польшчы, што знаходзяцца бліжэй да Расеі геаграфічна.

«Таксама трэба ўлічваць, што Расея свабодна дзейнічае на тэрыторыі Беларусі. З аднаго боку, гэты від шантажу нагадвае жаданьне паўтарыць 1939 год, але ў сучасным грамадзтве, з саюзьнікамі, такі шантаж не праходзіць».

Пры гэтым Пабрыкс лічыць, што дэстабілізацыя сытуацыі на мяжы з Латвіяй наўрад ці ёсьць прыярытэтам Расеі цяпер, Крамлю важней дамагчыся зьменаў палітыкі Захаду і правесьці патрэбныя яму зьмены ва Ўкраіне. Міністар абароны лічыць, што Эўразьвяз павінен браць прыклад зь Вялікай Брытаніі, Канады і ЗША, якія дапамагаюць Украіне са зброяй і рэфармаваньнем войска, паколькі адных словаў падтрымкі недастаткова.

Таксама латыскі міністар адказаў на пытаньне, што будзе рабіць Латвія ў выпадку эскаляцыі мігранцкага крызісу на беларуска-латыскай мяжы. Ён заявіў, што ў Рызе маюць намер дзейнічаць так, як адказвала на пагрозы Польшча. Ён не задаволены тым, што пра ролю Расеі ў гібрыднай агрэсіі на межах згадвалі мала, гаворачы пераважна толькі пра рэжым Лукашэнкі, хаця інфармацыі пра супрацу ўладаў Беларусі і Расеі дастаткова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG